Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Ілюстрацыйнае фота

Хто быў падазраваным, хто расьсьледаваў, хто сьведчыў у справе зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага.

Паводле палкоўніка МУС у адстаўцы Алега Алкаева, каля 30 чалавек могуць даць паказаньні ў гэтых справах; праваабаронца Алег Воўчак, які праводзіў незалежнае расьсьледаваньне, лічыць, што такой інфармацыяй валодаюць больш за 50 чалавек з МУС, КДБ, пракуратуры.

Свабода склала сьпіс ключавых асобаў, зьвязаных з гэтым расьсьледаваньнем.

Алкаеў Алег, былы начальнік СІЗА № 1 МУС Беларусі, кіраўнік расстрэльнай каманды

Палкоўнік МУС у адстаўцы Алег Алкаеў 27 гадоў працаваў у органах выкананьня пакараньняў, пяць зь іх кіраваў групай прывядзеньня ў выкананьне сьмяротных прысудаў. У 2001 годзе Алкаеў заявіў, што ў 1999 годзе на загад тагачаснага кіраўніка МУС Юрыя Сівакова ён азнаёміў з працэдурай выкананьня сьмяротнага прысуду камандзіра спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Дзьмітрыя Паўлічэнку.

У тым жа годзе Алкаеў двойчы на асабістае ўказаньне міністра выдаваў спэцыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для выкананьня сьмяротных прысудаў. Пазьней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забітыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Алкаеў апублікаваў у апазыцыйным друку інтэрвію і дакумэнты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго словы трэба прымаць за праўду», — аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў аб прызнаньні ў забойствах апазыцыянэраў

Атрымаў у 2002 годзе палітычнае прыстанішча ў Нямеччыне. Аўтар кнігі «Расстрельная команда» — адзінага сьведчаньня аб працэдуры сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Бажэлка Алег, былы генэральны пракурор Беларусі

Тагачасныя генпракурор Алег Бажэлка (1996–2000) разам з кіраўніком КДБ Уладзімерам Мацкевічам санкцыянавалі затрыманьне Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якога падазравалі ў выкраданьні зьніклых. Паводле некаторых крыніц, Паўлічэнка быў дапытаны высокапастаўленымі пракурорскімі работнікамі, было высьветлена, што ён меў дачыненьне да гэтых злачынстваў. У сувязі з чым генэральны пракурор Алег Бажэлка быў вымушаны папрасіць у калегаў з Расеі спэцабсталяваньне для пошуку пахаваных целаў.

Пасьля зьмяшчэньня Паўлічэнкі ў турму КДБ Мацкевіч і Бажэлка прыйшлі да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай арыштаваць тагачаснага сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана як магчымага замоўцу палітычных зьнікненьняў, але замест гэтага апынуліся самі ў адстаўцы. Алег Бажэлка больш не вярнуўся на дзяржаўную працу. Паводле розных крыніц, ён жыве ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​Хто, як і чаму? 20 гадоў таму выкралі экс-міністра ўнутраных справаў Захаранку


Байкова Сьвятлана, былая сьледчая пракуратуры

Сьвятлана Байкова — першая сьледчая ў справе зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Яна дапытала некалькі сьведак, якія бачылі, як 7 траўня 1999 году да Юрыя Захаранкі падышлі двое мужчын і запхнулі ў машыну цёмна-сіняга колеру. Байкова вяла справу два гады, пасьля чаго расьсьледаваньне перадалі сьледчаму Ўладзімеру Чумачэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мяне дапытвала Сьвятлана Байкова

Байкова спэцыялізавалася на расьсьледаваньні крымінальных справаў аб цяжкіх гвалтоўных злачынствах, адной зь першых у Беларусі пачала расьсьледаваць крымінальныя справы паводле артыкулу «Бандытызм». У шэрагу расьсьледаваных Байковай справаў злачынцы былі асуджаныя на найвышэйшую меру пакараньня. Пасьля пераводу ў Генэральную пракуратуру яна стала расьсьледаваць «карупцыйныя» справы, у якіх асуджаліся супрацоўнікі МУС, КДБ і мытні.

У сакавіку 2010 году была арыштаваная КДБ праз абвінавачваньне ў злачынствах супраць правасудзьдзя, а таксама супраць інтарэсаў службы. Была асуджаная на два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы закрытага тыпу.

Воўчак Алег і Міхайлоўская Раіса, праваабаронцы

Шмат гадоў справай зьніклых займаюцца праваабаронцы — былы сьледчы, кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Воўчак і кіраўніца «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру» Раіса Міхайлоўская. Раіса Міхайлоўская — аўтарка ідэі і прадусарка фільму «Банда».

Алег Воўчак у 1999 годзе ўзначаліў грамадзкую камісію для высьвятленьня абставінаў зьнікненьня Захаранкі. Вынікі расьсьледаваньня камісія перадала ў пракуратуру. З таго часу Воўчак зьяўляецца афіцыйнай асобай, якая прадстаўляе інтарэсы сям’і Захаранкі ў Беларусі. Воўчак — адзін з заснавальнікаў руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы Айчыны», які абʼядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных, судовых, мытных і іншых дзяржаўных органаў – прыхільнікаў дэмакратыі.

Ганчарык Уладзімер, экс-кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2001 году

13 ліпеня 2001 году, за два месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ганчарык абнародаваў копіі дакумэнтаў, паводле якіх шэраг адказных чыноўнікаў з пракуратуры, МУС ды іншых структураў мелі непасрэднае дачыненьне да справы зьніклых. Самым вядомым зь іх быў запыт генэрал-маёра міліцыі Мікалая Лапаціка на імя кіраўніка МУС Уладзімера Навумава ў лістападзе 2000 году. Рукапісны тэкст быў пазначаны грыфам «Сакрэтна».

Уладзімер Ганчарык тады адмовіўся назваць імёны асобаў, а таксама крыніцы, адкуль ён атрымаў копіі дакумэнтаў. У 2016 годзе ў інтэрвію Свабодзе Ганчарык паведаміў, што атрымаў іх ад Васіля Лявонава, былога міністра сельскай гаспадаркі. Паводле крыніц Свабоды, яны каштавалі 50 тысяч даляраў, і іх прадалі Лявонаву асобы, якія на той момант знаходзіліся ў Расеі.

Ігнатовіч Валеры, Малік Максім, Гуз Аляксей і Савушкін Сяргей — асуджаныя ў справе аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага

14 сакавіка 2002 году ў справе аб выкраданьні Зьмітра Завадскага былі асуджаныя былыя супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі «Алмаз». Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі і асудзіў былых міліцыянтаў Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка на пажыцьцёвае зьняволеньне, былога курсанта акадэміі МУС Аляксея Гуза на 25 гадоў зьняволеньня, беспрацоўнага, раней судзімага Сяргея Савушкіна на 12 гадоў.

Паводле абвінавачаньня, матывам злачынства стала помста: нібыта Завадзкі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў чачэнскай вайне на баку баевікоў. Асуджаныя не прызналі сваёй віны ні ў адным з эпізодаў. У верасьні 2002 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заявіла, што «сур’ёзна заклапочаная адсутнасьцю прагрэсу ў справе» і заснавала ўласны сьледчы падкамітэт для расьсьледаваньня справы зьніклых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьніклі апанэнты Лукашэнкі. ВІДЭА

Мацкевіч Уладзімер, былы старшыня КДБ Беларусі

У лістападзе 2000 году тагачасны старшыня КДБ генэрал-лейтэнант Уладзімер Мацкевіч разам з генпракурорам Алегам Бажэлкам санкцыянавалі арышт камандзіра спэцчасткі ўнутраных войскаў № 3214 Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якога падазравалі як кіраўніка выкраданьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага. Пасьля ўмяшаньня Лукашэнкі Дзьмітры Паўлічэнка быў вызвалены, а Мацкевіча і Бажэлку адправілі ў адстаўку.

Паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, «Мацкевіч шмат ведаў пра тое, што адбылося, ягоная служба мела сваю агентурную сетку ў тым ліку ў сілавых падразьдзяленьнях, яны мелі сур’ёзную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў частцы 3214, якой кіраваў Паўлічэнка. Апэрацыя для распрацоўкі групы Паўлічэнкі называлася „Экіпаж“, было сабрана дастаткова доказаў датычнасьці групы да зьнікненьняў. База доказаў фактычна ўжо была, ёй толькі трэба было надаць крымінальна-працэсуальную форму».

Пасьля адстаўкі Мацкевіча прызначылі паслом у Югаславію, а потым у Сэрбію і Чарнагорыю. Адстаўлены з гэтых пасадаў у 2008 годзе, вярнуўся ў Менск, потым пераехаў у Маскву, дзе працаваў дарадцам гендырэктара буйной расейскай кампаніі. Потым быў дарадцам кампаніі «Газпромнефть» у Менску.

Лапацік Мікалай, былы начальнік крымінальнай міліцыі МУС

У 2001 годзе ў выніку сьледзтва генэрал‑маёр міліцыі Мікалай Лапацік падаў рапарт на імя тагачаснага міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава, у якім абвінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той даў загад на зьнішчэньне Юрыя Захаранкі. Паводле рапарту, загад выконваў Дзьмітры Паўлічэнка пры дапамозе Юрыя Сівакова, які забясьпечыў групу пісталетам ПБ‑9, часова забраным зь менскага СІЗА № 1.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лявонаў: Казаць пра забойствы забараніў Крэмль

У 2017 годзе міліцэйская газэта «На страже» апублікавала вялікі артыкул пра генэрала Лапаціка, у якім назвала яго «сівой легендай і сышчыкам ад Бога», пры гэтым не згадала пра справы зьніклых, якія ён расьсьледаваў.

Навумаў Уладзімер, былы міністар унутраных справаў Беларусі

Былога кіраўніка службы аховы прэзыдэнта, экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі (25 верасьня 2000 — 6 красавіка 2009) Уладзімера Навумава падазраюць у датычнасьці да справаў зьніклых. Менавіта яму начальнік крымінальнай паліцыі Беларусі генэрал Лапацік адрасаваў напісаны ад рукі рапарт, у якім абвінаваціў у зьнікненьнях тагачаснага сакратара Рады бясьпекі Віктара. На дакумэнце была рэзалюцыя Навумава «Ажыцьцявіць». Пазьней улады назвалі дакумэнт фальшыўкай.

Спэцдакладчык ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс прапанаваў правесьці графалягічную экспэртызу фатакопіі запіскі, у выніку Навумаў і Шэйман пацьвердзілі, што яна была сапраўды напісаная Лапацікам і завізаваная Навумавым. На загад Лукашэнкі Навумаў узначаліў міжведамасную групу ў справе расьсьледаваньня зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павел Шарамет: «Экс-міністар Навумаў сядзіць у засадзе»

У 2004-м падпаў пад санкцыі Эўразьвязу і ЗША. У 2009 годзе Навумаў пайшоў у адстаўку па стане здароўя. Паводле розных крыніц, жыве ў Расеі.

Паўлічэнка Дзьмітрый, былы камандзір спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС

Палкоўніка МУС ў адстаўцы Паўлічэнку падазраюць у арганізацыі забойстваў «зладзеяў у законе», а таксама Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага, кіраўніка беларускага аддзяленьня РНА Глеба Самойлава.

23 лістапада 2000 году Дзьмітры Паўлічэнка быў затрыманы на загад кіраўніка КДБ Уладзімера Мацкевіча праз падазрэньне ў арганізацыі шэрагу забойстваў, але быў вызвалены на загад Аляксандра Лукашэнкі. 27 лістапада 2000 былі пазбаўленыя сваіх пасадаў Уладзімер Мацкевіч і генэральны пракурор Алег Бажэлка. Выйшаўшы са сьледчага ізалятару, Паўлічэнка заявіў перад тэлекамэрамі, што «гатовы выканаць любы загад прэзыдэнта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўлічэнка адказаў на абвінавачаньне ў забойстве апанэнтаў Лукашэнкі

Удзельнічаў у разгоне мітынгаў і акцыяў апазыцыі. У 2004-м унесены ў сьпіс беларускіх службоўцаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША. У сакавіку 2009 году Паўлічэнка звольніўся з вайсковай службы з прычыны хваробы.

Петрушкевіч Дзьмітры і Случак Алег, былыя сьледчыя генпракуратуры

У чэрвені 2001 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, былыя сьледчыя пракуратуры Дзьмітры Петрушкевіч і Алег Случак заявілі, што ў краіне існуе так званы «эскадрон сьмерці», які быў створаны міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым на загад сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана. Па інфармацыі сьледчых, брыгаду ўзначальваў Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле іх, пасьля адстаўкі Сівакова «эскадрон» нібыта перайшоў пад кантроль Уладзіміра Навумава.

Петрушкевіч і Случак сьцьвярджалі, што групай было ўчынена блізу 30 забойстваў. Пазьней паведамлялася, што яны зьехалі ў ЗША.

Пургурыдэс Хрыстас, спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы

У 2004 годзе спэцыяльны дакладчык аб Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс апублікаваў справаздачу «Зьніклыя ў Беларусі», у якой абвінаваціў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі ў перашкодах незалежнаму расьсьледаваньню зьнікненьняў людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка зьніклага Красоўскага: Даклад Пургурыдэса амаль ўсё паставіў на свае месцы

Паводле справаздачы, беларускія ўлады не правялі належнага расьсьледаваньня зьнікненьняў. Пургурыдэс заявіў аб сваіх падазрэньнях, што найвышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі могуць самі быць уцягнутыя ў гэтыя зьнікненьні і назваў імёны былых міністраў унутраных спраў Юрыя Сівакова і Ўладзімера Навумава, былога генэральнага пракурора і старшыню Рады бясьпекі Віктара Шэймана і былога камандзіра спэцназу ўнутраных войскаў палкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнку.

Сівакоў Юры, былы кіраўнік унутраных войскаў і міністар унутраных справаў

Юры Сівакоў быў міністрам у той час, калі адбылося выкраданьне Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Яго падазраюць у стварэньні «эскадронаў сьмерці» і арганізацыі забойстваў палітычных апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі. У 2001 годзе былы кіраўнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў заявіў, што Юры Сівакоў непасрэдна аддаваў загад на выкананьне сьмяротнага прысуду зьніклым палітыкам.

Па словах Алкаева, ён двойчы на асабістае ўказаньне міністра выдаваў «расстрэльны пісталет». Супаставіўшы даты зьнікненьня, ён прыйшоў да высновы, што з гэтага пісталета і былі забітыя Захаранка, Ганчар і Красоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік унутраных войскаў назваў укідам прызнаньні экс-байца «СОБРу»

Пасьля адстаўкі старшыні КДБ Мацкевіча і генпракурора Бажэлкі Юры Сівакоў, адзін з галоўных падазраваных, быў прызначаны намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, затым міністрам спорту і турызму.
Быў старшынём рады Беларускай асацыяцыі вэтэранаў спэцпадразьдзяленьняў войскаў МУС «Гонар», працаваў у Менскім інстытуце кіраваньня. У 2004-м падпаў пад санкцыі Эўразьвязу і ЗША.

Угляніца Генадзь, супрацоўнік КГБ, і Жарнасек Андрэй, актывіст арганізацыі «Край»

У жніўні 2001 году, за два тыдні перад прэзыдэнцкімі выбарамі, супрацоўнік КДБ Беларусі капітан Генадзь Угляніца і актывіст арганізацыі «Край» Андрэй Жарнасек распаўсюдзілі відэакасэту з абвінавачаньнямі ў адрас уладаў Беларусі ў зьнішчэньні вядомых апазыцыянэраў. Яны сьцьвярджалі, што ведаюць месца забойства і пахаваньня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія прапалі ў 1999 годзе. Угляніца і Жарнасек былі абвешчаны ў вышук КДБ, але здолелі пакінуць краіну і атрымалі палітычнае прыстанішча ў Нарвэгіі. Тады ж Свабода запісала зь імі інтэрвію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Паводле розных крыніц, Угляніца і Жарнасек па-ранейшаму знаходзяцца ў эміграцыі.

Удовікаў Міхаіл, былы намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі

12 траўня 1999 году намесьнік кіраўніка МУС Міхаіл Удовікаў, вывучыўшы матэрыялы вышуковай справы, зьвярнуўся зь лістом да генэральнага пракурора Алега Бажэлкі аб неабходнасьці завесьці крымінальную справу па факце зьнікненьня Юрыя Захаранкі паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу аб наўмысным забойстве.

У лісьце Ўдовікава адзначалася, што, «зыходзячы з абставінаў справы і наяўных матэрыялаў, мяркуецца, што Захаранка мог стаць ахвярай злачынства». Пазьней быў прызначаны намесьнікам дзяржсакратара Рады бясьпекі. Цяпер Удовікаў — палкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

Чумачэнка Ўладзімер, сьледчы пракуратуры ў асабліва важных справах

Сьледчы пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка на працягу некалькіх гадоў расьсьледаваў справы зьніклых. Справу аб зьнікненьні Захаранкі Чумачэнку перадалі ад сьледчай Сьвятланы Байковай, якая займалася ёй больш за два гады. Як тады было патлумачана, «няма падставаў казаць, што Байкова ня справілася з расьсьледаваньнем, але ўзьніклі новыя абставіны, якія прымусілі яе замяніць». Чумачэнка таксама расьсьледаваў забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай. У 2019 годзе Чумачэнка памёр ва ўзросьце 63 гадоў з прычыны хваробы сэрца.

Шарыпа Сяргей і іншыя апэратыўнікі, якія шукалі Захаранку адразу пасьля выкраданьня

Пасьля зьнікненьня Юрыя Захаранкі была створана апэратыўна-вышуковая група, у якую ўваходзілі кіраўнікі вышуку менскай міліцыі Сяргей Шарыпа ды сьледчыя Федарэнка, Даноўскі, Каваль, начальнік сьледчага падразьдзяленьня Кастрычніцкага РУУС Пятліцкі і намесьніка начальніка крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС Дзёмкін.

Шэйман Віктар, былы генпракурор і кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі

Адзін зь нямногіх зь першапачатковай прэзыдэнцкай каманды, які цягам кіраваньня Лукашэнкі стала займаў высокія пасады ў краіне. Шэйман — адзін з ключавых падазраваных у справе зьніклых. Як вынікала з рапарту генэрала Лапаціка, Віктар Шэйман загадаў свайму падначаленаму Юрыю Сівакову арганізаваць выкраданьне і зьнішчэньне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, што было выканана пры ўдзеле Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Тагачаснага генпракурора Алега Бажэлку адправілі ў адстаўку, а ягонае месца заняў Віктар Шэйман. Знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ і ЗША. З 2009 году — памочнік прэзыдэнта па асаблівых даручэньнях, з 2013-га — куратар беларускіх праектаў у Афрыцы.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа