Экс-камандзір «СОБРу» Дзьмітры Паўлічэнка адхіліў у інтэрвію Tut.by абвінавачаньні ў выкраданьні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
У гэтай гутарцы ён сказаў, што Гараўскі быў у зьняволеньні ў той час, калі зьніклі апазыцыянэры. Але пазьней у тэлефоннай размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» Паўлічэнка заявіў, што зусім ня ведае Гараўскага.
Што адбылося?
Deutsche Welle (Нямецкая хваля) апублікавала відэа, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцам беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.
Што сказаў Паўлічэнка?
«Гараўскі адслужыў паўтара года тэрміновай службы, а пасьля зганьбіў [унутраныя войскі]. Ніякага дачыненьня да „СОБРу“ ён ня мае. У нас [у 1998 годзе] адкрыўся штат кантрактнікаў, у яго асаблівага інтэлекту не было, хлопец здаровы, але пэўныя навыкі былі, і ў рукаемным баі, і мы яго ўзялі».
- «СОБР» фармаваўся ў 1999 годзе, у гэты час Гараўскага асудзілі на 3 ці 4 гады пазбаўленьня волі — займаўся вымаганьнем, называючы сябе супрацоўнікам МУС. «Таму, калі нейкія падзеі і адбываліся [у 1999 годзе], да якіх «СОБР» ня мае дачыненьня, ён адбываў пакараньне».
- «У КДБ на Гараўскага ёсьць дасье. Ён ніякага дачыненьня да СОБРу ня мае, ён зганьбіў нашыя шэрагі. Мы яго са сваіх шэрагаў выгналі».
- Гараўскі кажа, што быў байцом «СОБРу» з 1999 па 2003 год. Паўлічэнка кажа, што гэтага ня можа быць. «Нягледзячы на тое, што адбываў пакараньне, свой ня свой, але служыў жа ў нас, і я яму дапамог уладкавацца на працу. Ён там [на працы] зноў зрабіў нейкія махінацыі, і яго адтуль выгналі».
- «За 20 гадоў было шмат публікацыяў, я ўжо нагледзеўся. Ніякіх таемных апэрацыяў не было».
- Паўлічэнка назваў «поўнай лухтой» удзел «СОБРу» пад ягоным кіраўніцтвам у выкраданьні і забойству Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.
- «Ну, можа быць, хтосьці там чымсьці гэтым займаўся. Мы спэцпадразьдзяленьне спэцпрызначэньня ўнутраных войскаў. Гэтыя вось пытаньні ў кампэтэнцыі іншых органаў, калі яны гэтым займаліся».
Ааднак пазьней у тэлефоннай размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» Паўлічэнка заявіў, што зусім ня ведае Гараўскага: «Такі чалавек пад маім кіраўніцтвам не служыў. Я асабіста ствараў Спэцыяльны атрад хуткага рэагавання. І цудоўна памятаю ўсіх, асабліва з тых, хто ствараў. Ніякага Гараўскага там не было. Можа, у 3214 і быў такі чалавек, там усіх не запомніш... Але я ня ведаю такога Юрыя Гараўскага».
Сёлета ў верасьні, да 20-годзьдзя зьнікненьня Ганчара і Красоўскага, Свабода выпусьціла відэа, у якім мы паказалі, хто мог стаяць за зьнікненьнямі Захаранкі і Ганчара і як зьнікненьні паўплывалі на далейшую гісторыю краіны.