Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як міліцыя шукала забойцаў лейтэнанта Патаповіча і выкрадальнікаў генэрала Захаранкі? Параўноўваем


16 траўня ў Магілёве быў выкрадзены і забіты супрацоўнік ДАІ 22-гадовы лейтэнант Яўген Патаповіч. У горадзе і ваколіцах адразу ж увялі ў дзеяньне плян «Перахоп», выставілі блёк-пасты на дарогах, усю ноч праводзіліся апэратыўна-сьледчыя дзеяньні, апытаныя дзясяткі людзей.

Свабода папрасіла экспэртаў параўнаць гэта з тым, як працавалі праваахоўныя органы 20 гадоў таму, калі выкралі генэрала міліцыі, былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку.

Грыб: «Захаранка быў палітычны праціўнік, а міліцыянт — абаронца ўлады»

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб кажа, што цяперашнія апэратыўныя дзеяньні міліцыі — гэта ўзор працы:

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«Менавіта так неабходна дзейнічаць, калі зьнік чалавек, які выконвае свой службовы абавязак. Заўсёды так і было — калі крымінал здараецца ў адносінах да супрацоўніка міліцыі, іншыя супрацоўнікі МУС лічаць за гонар як мага хутчэй знайсьці злачынцу і пакараць вінаватых. Гэта прафэсійны падыход да справы. Але так павінны дзейнічаць праваахоўнікі, калі зьнікае любы грамадзянін. Галоўнае — каб усіх так шукалі», — перакананы генэрал Мечыслаў Грыб.

Што да расьсьледаваньня зьнікненьня Захаранкі, то, на думку Грыба, тады не былі зробленыя ўсе захады, інакш бы злачынства можна было раскрыць па гарачых сьлядах, бо Захаранку выкралі каля дому на вачах у людзей.

«Але ж Захаранка быў палітычны праціўнік, а міліцыянт — абаронца ўлады. У гэтым вялікая розьніца. І яшчэ адна заўвага: захады трэба рабіць вельмі хутка, апэратыўна, імгненна. Але калі злачынцы змаглі сярод белага дня выкрасьці міліцыянта, забіць яго, магчыма, зброю забраць, — гэта вельмі сур’ёзна, гэта трывожны сымптом», — заўважае генэрал міліцыі ў адстаўцы.

Воўчак: «Тады было відавочна, што ўлада мае дачыненьне да зьнікненьня генэрала»

Алег Воўчак
Алег Воўчак

Былы сьледчы пракуратуры Менску Алег Воўчак распавёў, што выкраданьне ў 1999 годзе былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі для паплечнікаў і калегаў стала шокам. І на наступны дзень пасьля зьнікненьня генэрала яны разам з Уладзімерам Барадачом прыйшлі ў Менскае гарадзкое ўпраўленьне міліцыі і прасілі, каб тэрмінова паднялі ўсю міліцыю, далі абвесткі па тэлебачаньні, радыё (інтэрнэт тады яшчэ ня быў распаўсюджаны), паўсюль зьмясьцілі фатаграфіі — як робіцца заўсёды пры зьнікненьні людзей.

«Нам адказалі, што гэтага рабіць ня будуць, маўляў — „Самі ведаеце, якая гэта справа“. Зразумела, Захаранка асацыяваўся з апазыцыяй, ён ствараў Саюз афіцэраў. Ужо тады было відавочна, што ўлада мае дачыненьне да зьнікненьня генэрала. Каб яна ня мела дачыненьня — яна б дзейнічала, як сёньня дзейнічаюць па супрацоўніку ДАІ», — кажа Алег Воўчак.

​Але так дзейнічаць неабходна ня толькі пры зьнікненьні і забойстве міліцыянта, любы чалавек — гэта асоба, і шукаць трэба хутка, апэратыўна, перакананы Алег Воўчак.

«Пры раскрыцьці забойства не павінна быць дыскрымінацыі: будзь то апазыцыянэр, супрацоўнік ДАІ ці просты чалавек. Не павінна быць выбарачнасьці», — дадаў Воўчак.

Казлоў: «Тое, што забойства Захаранкі дагэтуль не раскрытае, — ганьба»

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Былы сьледчы Мікалай Казлоў перакананы, што апэратыўныя захады па раскрыцьці забойства міліцыянта з ДАІ цалкам апраўданыя. Калі чалавек загінуў пры выкананьні свайго службовага абавязку — да гэтага ў міліцыянтаў заўсёды асаблівыя адносіны. Мікалай Казлоў узгадаў, што і ягоны сябар Ігар Каштан загінуў пры затрыманьні злачынцы.

«Гэта справа прафэсійнага гонару. І гэта правільна. Але тое, тое, што такія апэратыўныя дзеяньні не праводзіліся, калі ў 1999 годзе зьнік Юры Захаранка, і што забойства былога міністра ўнутраных спраў, генэрала міліцыі не расьсьледавана да сёньня, — гэта ганьба», — кажа Мікалай Казлоў.

Што да мэтадаў працы апэратыўнікаў і масавага затрыманьня цыганоў у Магілёве, то, на думку Казлова, рабіць гэта неабходна, але працаваць і апытваць трэба вельмі хутка і далікатна.

«Я не магу даваць ацэнку, наколькі законна затрымалі цыганоў у Магілёве. Але ўпэўнена магу сказаць, што ўсе людзі, якія могуць праліць сьвятло на гэтае забойства, павінны быць апытаныя. Калі расьсьледуюць забойства, адбываюцца масавыя пакватэрныя абходы людзей, незалежна ад іх нацыянальнасьці. Цыганы — нацыя даволі рухомая, яны хутка перасоўваюцца, таму правяраць на датычнасьць трэба хутка, прафэсійна, але далікатна і тактоўна. Зацягваць нельга, але правяраць трэба», — мяркуе Мікалай Казлоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG