Восеньню 2018 году Свабода наведала прытулак «Радзіслава» для жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Шэсьць жанчын на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся распавесьці свае гісторыі на відэакамэру пры пагашаным сьвятле. Мы вырашылі даведацца, як зьмянілася іх жыцьцё за гэты год. На сайце Свабоды апублікаваныя гісторыі 44-гадовай Алы і 26-гадовай Натальлі, якія здолелі пайсьці ад гвалту і распачаць новае жыцьцё.
Гісторыя трэцяя. Падарожная
У 24-гадовай Аліны на целе шмат тату — так яна хавае шрамы. Яна вырасла ў шматдзетнай сям’і, у якой агрэсарам спачатку быў бацька, а потым брат. Аліна мае псыхічнае расстройства, пры гэтым яна здолела атрымаць сярэднюю мэдыцынскую адукацыю і завочна вучыцца ў пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка. Ужо тры месяцы дзяўчына працуе валянтэркай у доме для састарэлых людзей у Чэхіі. Трапіла яна туды, дзякуючы дапамозе шэлтару «Радзіслава». Аліна марыць мець сваю кватэру, дзе ня будзе гвалту. Яна хоча стаць трэнэрам плаваньня для немаўлятак. У канцы кастрычніка завяршаецца тэрмін яе валянтэрства ў Чэхіі, Аліна вяртаецца ў Беларусь, дзе будзе зноў жыць у «Радзіславе». Наперадзе ў яе яшчэ шмат выпрабаваньняў. Падтрымкі ад сямʼі ёй чакаць не выпадае, але Аліна верыць у добрых людзей.
Вось што расказвала Аліна год таму.
«Аліна, я бачу ў табе патэнцыял»
— Я трапіла ў валянтэрскі праект і ўжо трэці месяц працую ў інтэрнаце з пажылымі людзьмі. Мне дапамагла Вольга Гарбунова (былая кіраўніца «Радзіславы»). Ёй трапіўся на вочы гэты праект, і яна сказала: «Аліна, я бачу ў табе патэнцыял, ты маладая, можа, паспрабуеш. У любым разе гэта будзе каштоўным досьведам». Я падумала, чаму б і не. І рызыкнула. Я ніколі так надоўга не зьяжджала зь Беларусі. Раней была толькі ў суседніх краінах — Расеі, Літве, Польшчы, Украіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сама сабе закрывала рот, каб ня чулі суседзі». Споведзь ахвяры гвалту і тлумачэньне псыхолягаУ інтэрнаце мой асноўны занятак — эргатэрапія, прагулкі з кліентамі, дапамога супрацоўнікам з кармленьнем, у правядзеньні сьвятаў, прыборка. Часам вучу са сваім каардынатарам чэскую мову.
Фізычна ніякіх складанасьцяў няма. Эмацыйна вельмі цяжка, таму што гэта праца з пажылымі людзьмі. У асноўным яны самотныя, у многіх ужо няма дзяцей. Яны адзінокія і пакутуюць. І ты гэта бачыш. Яна расказваюць пра сябе, кожны дзеліцца сваім болем. Я, вядома, ня гуру чэскай мовы, але нешта ўжо магу зразумець.
Эмацыйна мне цяжка спраўляцца з адзінотай, таму што я жыву ў маленькай вёсцы, сяброў у мяне там няма. Ёсьць толькі адна знаёмая дзяўчына. Мне вельмі складана. Разам з тым гэта каштоўны досьвед. У прынцыпе, мне падабаецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я закаханая. Праз год адчула, што я — жывая». Кранальная гісторыя былой ахвяры хатняга гвалту«Хачу паспрабаваць сябе трэнэрам плаваньня для немаўлятак»
— Кантактаў з братам у мяне ніякіх няма. Ведаю, што ён дагэтуль не працуе. Мы не стэлефаноўваемся, не сустракаемся, я цалкам паставіла сьцяну. З маці крыху кантактую, але таксама рэдка.
У мяне ёсьць псыхічны дыягназ — памежнае расстройства асобы. Раней, калі быў гвалт, я прычыняла сабе значную шкоду. І ня толькі парэзамі. У «Радзіславе» мне дапамаглі частку шрамаў перакрыць тату.
— Вы самі сабе рабілі балюча. Ці гэта скончылася? Ці адпусьціла вас?
— Не зусім адпусьціла. Стала лягчэй. Усё ж праца з псыхолягам дае свае вынікі. Стала лягчэй, але ўсё яшчэ цяжка спраўляцца. Я стала ў сабе больш упэўненая. «Радзіслава» вельмі шмат дапамагла. Яна мне дала дах над галавай, псыхалягічную дапамогу, дапамагла з арганізацыяй паездкі, дапамагала лекамі, усім неабходным, у чым я мела патрэбу. Я ім бязьмежна ўдзячная.
Я вярнуся ў Менск, і ў мяне пачнецца сэсія. Я перайшла на чацьверты курс унівэрсытэту. Паралельна я буду шукаць працу, паколькі калі я зьяжджала, у мяне яе не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі будзеш баяцца, ніколі ад гвалтаўніка ня сыдзеш». Жыцьцё пасьля хатняга гвалту— Пра што марыце?
— Пра сваю кватэру. Яшчэ я мару аб сваім псыхічным і фізычным дабрабыце, таму што і фізычныя абмежаваньні накладаюць адбітак. Не паўсюль можаш уладкавацца на працу, ня ўсё можаш сабе дазволіць. Дзе хацелася б працаваць, ня можаш з прычыны фізычных і псыхічных абмежаваньняў. У мяне правая рука дрэнна працуе пасьля цяжкай траўмы. Дробная маторыка кепская. Хацелася б разьвівацца, але складана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыпяклі лытку прасам, ударыў сына па галаве, мог біць і цьвярозы». Тры споведзі пра хатні гвалт— Кім вы марыце працаваць?
— Калі вярнуся ў Менск, хачу паспрабаваць сябе трэнэрам плаваньня для немаўлятак. Для гэтага трэба прайсьці адпаведныя курсы. Мне як раз сярэдняя мэдычная адукацыя дазваляе, я — фэльдшар-акушэр.
— Хто ваш самы блізкі чалавек?
— Самы блізкі чалавек — сястра. У мяне іх дзьве. Самыя блізкія адносіны — зь першай сястрой, якая старэйшая за мяне на 10 гадоў. Блізкія, але не настолькі, каб цалкам расказаць, што мяне мучыць, каб расказаць сваю гісторыю. Нават самага блізкага чалавека я не падпускаю блізка.
— Што вам далі тры месяцы ў Чэхіі?
— Гэта іншая краіна, іншая культура, іншая кухня, усё іншае. Новыя людзі. Я ўпершыню пагрузілася ў такую самастойнасьць. У мяне працягваецца каштоўны досьвед пераадольваньня складанасьцяў...
***
У кастрычніку 2018 году пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.
Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.
Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створанае ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.
Кругласутачны тэлефон экстраннай дапамогі — 8029 610 83 55 email: kartanasiliya@gmail.coм
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.