12 кастрычніка актывісткі руху «Маршыруй, дзетка» плянавалі правесьці марш за прыняцьце закону супраць хатняга гвалту. Улады адмовілі. Нібыта на заяўленай для маршу вуліцы Рэвалюцыйнай гэта «можа стварыць перашкоды жыхарам і гасьцям сталіцы».
Пра тое, чаму Беларусі патрэбны Марш супраць гвалту, Свабода пагаварыла са Сьвятланай Гатальскай і Аляксандрай Савініч.
«Мы хочам даць жанчынам голас, — запэўнівае Сьвятлана Гатальская, адна з каардынатарак ініцыятывы „Маршыруй, дзетка!“. — Мы хочам паказаць людзям, якія пабачаць гэты марш у цэнтры гораду, што ёсьць тыя, каму ня ўсё роўна і хто хоча ўплываць на прыняцьце рашэньняў у гэтай краіне. Для нас вельмі важна паказаць — прыкіньце, можна вось так вось сабрацца і нешта зрабіць! Прыкіньце, можна простай сьмяротнай трапіць да міністра! Прыкіньце, можна марш арганізаваць і правесьці!»
Заяўку на марш падавалі за месяц. Ад ідэі правесьці шэсьце несанкцыянавана адмовіліся адразу: на марш маюць прыйсьці пацярпелыя ад гвалту, жанчыны, у якіх ёсьць дзеці, і рызыка трапіць за краты для іх завялікая.
«Сёлета было забіта 55 жанчын — і гэта ўжо больш, чым за такі ж пэрыяд у мінулым годзе»
Перад тым як падаць заяўку, актывісткі дзевяць месяцаў зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй аб неабходнасьці прыняцьця закону супраць хатняга гвалту: онлайн сабрана ўжо больш за 4000 подпісаў, і, па словах каардынатарак, каля 2000 — офлайн.
Афіцыйна даслаць пэтыцыю ўладам актывісткі зьбіраюцца пасьля таго, як пройдуць выбары ў парлямэнт — так ім параіў зрабіць міністар замежных спраў Уладзімер Макей падчас асабістай сустрэчы з адной з каардынатарак ініцыятывы Марынай Корж.
«Але мы ня ведаем, ці паўплывае пэтыцыя на нешта, — прызнаецца Сьвятлана. — Бо гэты працэс не празрысты: хто прымае рашэньні, якім чынам, куды гэтая пэтыцыя трапляе — увесь мэханізм закрыты».
Актывісткі кажуць, што станоўчага вопыту вельмі не хапае, бо працаваць зь дзяржаўнымі органамі — а значыць, зь бясконцымі адмовамі — вельмі цяжка псыхалягічна. І такі марш мог бы стаць ня толькі выказваньнем сваёй грамадзянскай пазыцыі, але і буйной праявай салідарнасьці.
Тым часам ад бягучай сытуацыі ў краіне ім літаральна страшна. Пасьля таго як год таму прэзыдэнт выказаўся супраць закону аб хатнім гвалце, сёлета ўжо было забіта 55 жанчын — і гэта ўжо больш, чым за такі ж пэрыяд у мінулым годзе. На думку актывістак, леташняе выказваньне прагучала як афіцыйны дазвол на гвалт у сям’і.
«Людзі пачалі крытыкаваць і казаць: „Добра, што няма гэтага закону“, — кажа другая каардынатарка ініцыятывы Аляксандра Савініч. — Але калі ты ў людзей пытаеш, ці чыталі яны Канцэпцыю і што ім не спадабалася, шмат хто яе не чытаў увогуле. Ёсьць уразьлівыя групы людзей, якія цяпер увогуле не падпадаюць пад ніводную норму заканадаўства».
«Шмат хто казаў: міліцыя будзе рабіць што хоча, яны будуць трапляць у хаты, — дадае Сьвятлана. — Ёсьць сытуацыі, у якіх без такіх дзеяньняў ты нічога ня зробіш».
Сьвятлана прыводзіць у прыклад выпадак, які стаў вядомы праваабарончай арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы».
«Сацработніца прыходзіць дадому да ляжачай старой жанчыны і бачыць, як сын гвалціць яе. Супрацоўніца кажа: «Давайце я выклічу міліцыю». Натуральна, тая адказвае, што ня будзе выклікаць міліцыю на свайго сына. А ніхто цяпер ня можа падаць заяўку, акрамя гэтай жанчыны. А калі б гэта была справа прыватна-публічнага характару, то заяўку магла б падаць сацработніца. Але гэта ніяк не зьвязана з тым, што міліцыя можа ў любы момант зайсьці ў вашу кватэру, аніяк не карэлюе з пытаньнямі прыватнай уласнасьці і межаў. Людзі не чыталі Канцэпцыю і працягваюць казаць: «Уся міліцыя прыйдзе да мяне дадому».
«Вы ж ведаеце, у Беларусі не дазваляюць тое, не дазваляюць сёе, навошта вы робіце гэта?»
Актывісткі ўпэўненыя: у нашых людзях вельмі шмат страху і няведаньня сваіх правоў, а гэта грымучая сумесь, і менавіта яна дае ўсім дзяржаўным структурам працаваць так, як яны хочуць.
«Можна чуць тысячу разоў: „Вы ж ведаеце, у Беларусі не дазваляюць тое, не дазваляюць сёе, навошта вы робіце гэта?“, — кажа Аляксандра. — А я хачу гэта рабіць, таму што маю на гэта права. І адмова ад правядзеньня маршу — гэта таксама адказ, які шмат пра што кажа».
Заяўку пададуць яшчэ раз і будуць працягваць дабівацца правядзеньня маршу ў цэнтры Менску. Дазвол на плошчы Бангалор ці ў Кіеўскім сквэры — гэта, на погляд актывістак, лепей, чым нічога, але такога маршу ніхто ня ўбачыць і істотнага выніку ня будзе. А марш павінен быць пачуты.
«Нам вельмі істотна паказаць людзям, што пакуль яны ня будуць экспэртамі ў тым, што ім трэба ведаць наконт сваіх правоў, нічога ўвогуле ня зьменіцца, — кажа Сьвятлана. — Зразумела, што калі мы проста ідзем напралом туды, куды мы ня ведаем, то не ўва ўсіх людзей ёсьць такая нахабнасьць для гэтага. Шмат хто чуе: «Не, мы гэтага ня можам, а гэта мы паспрабавалі, але яно не атрымалася», — і ў іх, гэтаксама як і ў нас, апускаюцца крылы, і яны ўвогуле ня надта вераць, што нешта будзе мець вынік. Таму аграменны «рэспэкт і ўважуха» ўсім нашым гендэрным экспэрткам, якія ўжо дваццаць год — дваццаць год! — спрабуюць прабіць гэты закон. Гэта гісторыя бясконцага прыніжэньня, вымольваньня і немагчымасьці пайсьці і заявіць пра свае правы і сказаць: «Чорт пабяры, жанчыны паміраюць, дзеці паміраюць, а вы нічога ня робіце з гэтым!»