Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што касьцёл ня супраць такога закону, але супраць паняткаў «гендэр» і «эканамічны гвалт».
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра закон аб хатнім гвалце на прэс-канфэрэнцыі 19 сьнежня, перадае БелаПАН.
Ён заявіў, што касьцёл ня супраць такога закону, але дзяржаве варта яго распрацоўваць пры ўдзеле прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай царквы.
«Мы прызнаём, што больш за ўсё пакутуюць жанчыны і дзеці, мы гэта прызнаём, мы супраць гвалту, але мы хочам супрацоўніцтва», — заявіў Кандрусевіч.
Паводле яго, у законе, які распрацавала МУС і які пасьля быў адхілены Лукашэнкам, «усё зьмяшалі разам».
Тадэвуш Кандрусевіч не пагадзіўся з двума пунктамі закону: «эканамічны гвалт» і «гендэр». Першы пункт, на думку Кандрусевіча, незразумелы, а другі — «новая ідэалягічная калянізацыя».
Арцыбіскуп сказаў, што накіраваў на адрас Аляксандра Лукашэнкі і ў МУС лісты з крытыкай закону.
Законапраект «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту» сьпярша быў распрацаваны ў МУС пры ўдзеле экспэртаў і вынесены на грамадзкае абмеркаваньне сёлета ў ліпені. Але калі Аляксандар Лукашэнка яго скрытыкаваў, сілавікі адмовіліся ад такога закону.
Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Закон адклікалі з прычыны «высокага грамадзкага рэзанансу і меркаваньня рэлігійных арганізацый».