Па выніках падліку 80,33% галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,41% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (16,03%) выходзяць у другі тур галасаваньня. Гэта дадзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны на 14.45 дня 1 красавіка.
На трэцім месцы пакуль знаходзіцца Юлія Цімашэнка — 13,24%. Далей ідуць Юры Бойка (11,55%) і Анатоль Грыцэнка (7,03%).
Сур’ёзных парушэньняў на выбарах адзначана не было.
Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, яўка грамадзян на прэзыдэнцкіх выбарах 31 сакавіка склала 63,92%. Гэта нават больш, чым на выбарах у 2014 годзе (пасьля акупацыі Расеяй Крыму) — тады на час закрыцьця выбарчых участкаў прагаласавалі 59,48% грамадзян, уключаных у сьпісы выбарнікаў.
ЦВК Украіны павінна абвесьціць канчатковыя вынікі першага туру галасаваньня да 10 красавіка.
Другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны адбудзецца 21 красавіка 2019 году.
Зяленскі і Парашэнка назвалі адзін аднаго «марыянэткамі»
Пасьля абвяшчэньня дадзеных экзыт-полаў Пятро Парашэнка заявіў, што «лёс зьвёў яго з марыянэткамі [бізнэсмэна Ігара] Каламойскага».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка да выбарнікаў Зяленскага: я пачуў ваш сыгналУ адказ Зяленскі сказаў: «Паважаны гарант, дык вы марыянэтка Сьвінарчука або Сьвінарчук вашая».
Сьвінарчук — былое прозьвішча былога першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і паплечніка Парашэнкі Алега Гладкоўскага, якога журналісты-расьсьледвальнікі абвінавацілі ў лютым у датычнасьці да крадзяжоў у абаронным комплексе Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Зяленскі пра вынікі Нацынальнага экзыт-полу: гэта пачатак шляху да вялікай перамогіЗяленскі сказаў, што гатовы да супрацоўніцтва з Саакашвілі, той адрэагаваў, што таксама да гэтага гатовы. Зяленскі падзякаваў усім, хто прагаласаваў «не па прыколе», Парашэнка напісаў у твітэры: «1 красавіка — дзень сьмеху, пасьмяемся і годзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў лідэрах Зяленскі і Парашэнка
Экзыт-полы далі перамогу Зяленскаму і Парашэнку
Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, які супольна праводзілі Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы», Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі і Ўкраінскі цэнтар эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, лідэрам першага туру галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны стаў актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі.
Паводле апытаньняў выбарнікаў на выхадзе з участкаў, за Ўладзіміра Зяленскага прагаласавалі 30,4%. Дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка з падтрымкай 17,8% апытаных займае 2-е месца і лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка з 14,2% галасоў на 3-м месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія ўкраінцы галасавалі ў Менску і Берасьці. Расейскія СМІ на ўчастак не дапусьціліДалей ідуць Юры Бойка (9,8%), Анатоль Грыцэнка (7,1%), Ігар Сьмяшко (6,4%), Алег Ляшко (4,8%), Аляксандар Вілкул (4%), Руслан Кашулінскі (1,8%) і Аляксандар Шаўчэнка (0,5%).
Такія дадзеныя атрыманыя ў выніку апытаньня каля 17 тысяч рэспандэнтаў на 400 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах Украіны — цэнтры, захадзе, усходзе, поўдні і поўначы. Паводле сацыёлягаў, статыстычная памылка выбаркі не перавышае 1,3 %.
Нацыянальны экзыт-пол ажыцьцяўляўся пры фінансавай падтрымцы міжнародных донараў: Праграмы садзейнічаньня грамадзкай актыўнасьці «Далучайся! (яна фінансуецца Агенцтвам ЗША па міжнароднаму развіццю (USAID), Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ва Ўкраіне, Міжнароднага фонду «Адраджэньне» і Амбасады Канады ва Ўкраіне.
Вынікі іншых экзыт-полаў
Телевізійная служба навінаў (ТСН) 1+1
- Зяленскі – 30,1%
- Парашэнка – 18,5%
- Цімашэнка – 14,0%
- Бойка – 9,1%
- Грыцэнка – 7,6%
Телеканалы «112 Україна» і NewsOne
- Зяленскі – 30, 7%,
- Парашэнка – 18,6%
- Цімашэнка – 13, 9%
- Бойка – 10,3%
- Грыцэнка – 7,3%
Цэнтар SOCIS
- Зяленскі – 29,25%
- Парашэнка – 19,19%
- Цімашэнка – 13,75%
- Бойка – 9,24%
- Грыцэнка - 7,91%
Хто такі Ўладзімір Зяленскі
Уладзіміру Зяленскаму 41 год. Палітыкай ніколі не займаўся.
Вядомы як актор, комік, прадусар, сцэнарыст, шоўмэн. Кіраўнік «Студыі Квартал-95». У 2010-2012 гадаў працаваў прадусарам тэлеканала «Інтэр», які ўваходзіць у мэдыя-групу Inter Media Group, зьвязаную з украінскім алігархам Дзьмітрыем Фірташам і бізнэсоўцам Сяргеем Лёвачкіным — кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высьмейваў Лукашэнку. Што трэба ведаць пра лідэра ўкраінскіх выбараў Уладзіміра ЗяленскагаСацыёлягі пачалі яго ўключаць у прэзыдэнцкія рэйтынгі вясной 2018 года — тады яго падтрымлівалі каля 5 % украінцаў. У навагоднюю ноч на 1 студзеня 2019 года ён абвясьціў аб намеры балятавацца ў прэзыдэнты. Адпаведную заяву, замест навагодняга віншаваньня прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, трансьляваў тэлеканал «1+1», што належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму.
Традыцыйную выбарчую кампанію Ўладзімір Зяленскі фактычна не праводзіў — ён факусуецца на сацыяльных сетках, гастролях па краіне з гумарыстычным праектам «Квартал-95» і на здымках сэрыялу «Слуга народу», якія, у сутнасьці, і забясьпечылі яму рэйтынгавы посьпех.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каманда Зе!» — Хто і як працуе ў выбарчым штабе Ўладзіміра ЗяленскагаЗа увесь час сваёй палітычнай дзейнасьці актор толькі тройчы сустракаўся з журналістамі і заўсёды адмаўляўся ад удзелу ў праграмах у жывым эфіры. Яму закідаюць заступніцтва вядомага ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага, які не хавае антыпатыі да цяперашняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Што праўда, наўпроставае фінансаваньне выбарчай кампаніі актора Каламойскі зьняпраўджвае.
У студзені журналісты Радыё Свабода знайшлі ва ўкраінскага коміка кінабізнэс у Расеі, які, паводле яго слоў, ён зачыніў яшчэ ў 2014 годзе.
У сваёй творчасьці ён неаднойчы высьмейваў Аляксандра Лукашэнку, але спадзяецца, што той мае пачуцьцё гумару.
«Паглядзіце, калі ласка, любое шоў — амэрыканскае ці эўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку разьвіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе сьмяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзыдэнты, у якіх выдатнае пачуцьце гумару, яны ўсе разумныя», — сказаў Зяленскі.
Пятро Парашэнка. Кароткае дасье
Дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку — 54 гады. Ва ўкраінскай палітыцы ён актыўна прысутнічае з 1998 году.
Быў сябрам Сацыял-дэмакратычнай партыі Віктара Медзьвядчука, кума расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. У 2000-м стварыў сваю партыю «Салідарнасьць», на аснове якой пазьней паўстала Партыя рэгіёнаў (пэўны час Пятро Парашэнка быў нават адным зь яе кіраўнікоў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давярае Лукашэнку. Што трэба ведаць пра кандыдата і прэзыдэнта Пятра Парашэнку- У 2001-м разам са сваёй партыяй «Салідарнасьць» далучыўся да выбарчага блёку Віктара Юшчанкі «Наша Ўкраіна». Пасьля Аранжавай рэвалюцыі ўзначаліў Раду нацыянальнай бясьпекі і абароны.
- У 2007-м — старшыня Рады Нацыянальнага банку Ўкраіны, а ў 2009 годзе — міністар замежных спраў.
- У 2012-м годзе прызначаны на пасаду міністра эканамічнага разьвіцьця.
- У 2014 годзе Парашэнка перамог у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных пазачаргова пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча, атрымаўшы падтрымку 54,7% выбарнікаў.
Парашэнка лічыць сваімі дасягненьнямі на пасадзе:
- стварэньне антырасейскай міжнароднай кааліцыі, якая дазволіла ўвесьці санкцыі супраць Расеі;
- аднаўленьне баяздольнасьці войска, якое стрымала наступ расейскіх войскаў у жніўні 2014-га;
- адкрыцьцё новых прадпрыемстваў і рэформу праваахоўных органаў, стварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Мэта Парашэнкі на наступныя пяць гадоў — заяўка Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз і NATO.
Яго крытыкуюць за слабую барацьбу з карупцыяй. У часе выбарчай кампаніі журналісты расьсьледавалі датычнасьць ягонага атачэньня да раскраданьня бюджэтных коштаў у сфэры абароны і энэргетыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыйны скандал ва Ўкраіне: Парашэнка звольніў з Рады нацыянальнай бясьпекі свайго бізнэс-партнэраЗа ўсю сваю кадэнцыю на пасадзе прэзыдэнта Пятро Парашэнка не дазваляў сабе рэзкіх выказваньняў на адрас Беларусі, нават калі, здавалася б, для гэтага былі падставы — «шпіёнскі» скандал, выкраданьне ў Гомлі ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, які потым апынуўся ў ФСБ Расеі, выпадкі, калі ў Менску затрымлівалі вядомых украінскіх літаратараў, журналістаў, актывістаў і дэпартавалі іх зь Беларусі.
На Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, што прайшоў летась у кастрычніку ў Гомлі, прэзыдэнт Украіны некалькі разоў падкрэсьліваў, што Лукашэнка «зьяўляецца добрым, даўнім і вялікім сябрам украінскага народу» і што ён Лукашэнку вельмі шануе і паважае.