У Стаўпецкай сярэдняй школе № 2 11 лютага дзесяціклясьнік 2003 году нараджэньня напаў з нажом на настаўніцу і дваіх дзяцей.
50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства памерла ад ранаў. Пазьней стала вядома, што загінуў яшчэ 17-гадовы падлетак, два — 15-гадовы і 16-гадовы — застаюцца ў рэанімацыі.
Сямейны і дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова сказала ў інтэрвію Свабодзе, што прычынаў такога ўчынку вучня можа быць шмат:
«Тут і з псыхікай магло нешта здарыцца, ніхто ня ведае. Відаць, будуць праходзіць экспэртызы. У падлеткавым узросьце можа нечакана і шызафрэнія пачацца. Кажуць, што хлопец ціхі — такі, што ня ўмеў сваю агрэсію выяўляць нейкімі адэкватнымі шляхамі. Ён быў ціхі і, магчыма, агрэсія ў яго неяк назапашвалася і магла выліцца ў нейкае дзеяньне. Нейкія падзеі маглі стаць апошняй кропляй. Вельмі складана сказаць, бо інфармацыі насамрэч вельмі мала. І калі пройдзе псыхіятрычная экспэртыза, будзе нешта больш вядома, асэнсоўвала ці не асэнсоўвала гэта дзіця».
Сьвятлана Дзядова кажа, што трэба зьвяртаць увагу, наколькі ў дзіцяці ёсьць кантакт з бацькамі дома:
«Падлеткі ня вельмі імкнуцца блізка быць з бацькамі. Калі ёсьць кантакт, то можна заўважыць — ён нечакана замыкаецца, ці ён нешта нэрвуецца, ці ў яго там нешта адбываецца. Ці, можа, ён падзеліцца, што нешта адбылося.
Калі казаць пра настаўнікаў, то чамусьці іх больш хвалююць дзеці, якія сябе неяк падаюць. Вельмі часта той, хто зьнешне вельмі ціхі — насамрэч у яго ёсьць нейкія праблемы. Калі ён ціхі, то гэта калі ў яго ўсё выдатненька — ці ён нешта сам з сабой неяк пераварвае. Проста трэба зьвяртаць на ўсіх увагу».
Таксама, паводле Сьвятланы Дзядовай, з падлетка, які робіць падобныя жахлівыя ўчынкі, маглі доўга зьдзекавацца:
«Я ня ведаю, ці мы маем справу цяпер менавіта з такім выпадкам. І вельмі часта напачатку такія дзеці вельмі ціхія, а потым бывае нечаканы выбух».
Ці магло гэта здарыцца ў выніку захапленьня кампутарнымі гульнямі? Такую вэрсію некаторыя выказваюць у сацсетках.
«Такія наступствы я зьвязваю з тым, што гэта накладаецца на нешта асабістае. Бо ў кампутарныя гульні гуляюць усе, але з нажом кідаюцца адзінкі. То бок тут павінна накласьціся нешта асабістае, і тады тут кампутарныя гульні таксама могуць паспрыяць. Але нельга сказаць, што гульні — галоўная прычына».
Псыхоляг коратка параіла, як сьведкам дзейнічаць у падобных сытуацыях. Ці гатовыя да такіх выпадкаў настаўнікі і дзеці? Вядома, што некаторыя забарыкадавалі дзьверы ў клясах.
«Я не магу назваць сябе спэцыялістам, як працаваць з афэктам. Тое, што зачыняліся, то гэта правілы бясьпекі. Але ў першую чаргу трэба выклікаць адпаведныя органы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён добры хлопец, заўсёды вітаецца». Рэпартаж са Стоўпцаў, дзе падлетак забіў настаўніцу на ўроку гісторыі