Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваячка стаўпецкага нападніка расказала пра ягоную сям'ю


Міліцыя каля школа №2 у Стоўпцах, 11 лютага
Міліцыя каля школа №2 у Стоўпцах, 11 лютага

Свабода паразмаўляла са сваячкай дзесяціклясьніка Вадзіма М., які напаў з нажом на настаўніцу і вучняў у сярэдняй школе №2 у Стоўпцах. Цётка бацькі нападніка расказала пра сям‘ю, дзе выхаваўся хлопец.

Здарэньне адбылося сёньня ранкам. 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства памерла ад ранаў. Пазьней стала вядома, што загінуў яшчэ 17-гадовы падлетак, два — 15-гадовы і 16-гадовы — застаюцца ў рэанімацыі.​

Бацька Вадзіма М., які ўчыніў напад у стаўпецкай школе, працуе вадзіцелем у камунгасе ў Стоўпцах. Там жа, прыбіральшчыцай, працуе і маці. Абаім няма яшчэ і 40 гадоў. Яны паходзяць зь вёсак у Стаўпецкім раёне. Жывуць у Стоўпцах.

Як распавяла сваячка бацькі школьніка, у сям‘і, апрача Вадзіма М., ёсьць меншая дачка, якая ходзіць у 5-ю клясу той самай школы, дзе адбылося здарэньне.

«Мне сёньня звоняць без канца сваякі. Ну ўсе кажуць, што ён узорны вучань, паводзіны добрыя, а што яму сталася? Ці ён што ў інтэрнэце рабіў, ці чым займаўся!? Бацька ягоны заўсёды быў рады, што ён дома, зь сям‘ёй, ні ў якія дурныя кампаніі ня лез. Заўсёды з бацькамі, разам. Ніколі бацькі раней на яго ня скардзіліся, што курыць ці яшчэ што», — кажа стрыечная бабуля Вадзіма М.

Сям‘ю, у якой выхаваўся хлопец, яна называе спакойнай і працавітай. А самога Вадзіма М. называе «нармальным і адэкватным хлопчыкам».

«Вельмі добрая сям’я. Гэтыя бедныя дзеткі (бацькі. — РС) самі ўсё стараюцца. Працуюць. Машыну купілі самі, дом самі. Бачыла неяк нядаўна бацьку і пытаюся: як, скажы, Вадзім жа ў 10-ю клясу [ходзіць], можа, і паступаць куды ўжо зьбіраецца? А ён кажа: цёця, ён такі свойскі ў нас, дамашні. І ўсе так пра яго кажуць. Харошы і добры вучань быў. Спакойны, узорны хлопец. Што ён зрабіў, што там атрымалася, ня ведаю».

Скантактавацца з бацькамі Вадзіма М. ёй пакуль не ўдалося.

«Дзе ж яны самі пазвоняць. Яго злавілі ж ужо. Пэўна, і бацькі там недзе. Бедныя. Ну што яму нарабілася, у мяне ў галаве ня ўкладваецца».

Што расказваюць відавочцы

Сваяк аднаго з пацярпелых хлапцоў распавёў Свабодзе, што пасьля пачатку ўроку гісторыі вучань М. зайшоў у клясу. Спачатку напаў на настаўніцу. Другі хлапец, які загінуў, найхутчэй, заступаўся за настаўніцу.
Пасьля нападнік выйшаў праз чорны ход і стаў уцякаць. Сустрэў двух хлапцоў, якім таксама нанёс раненьні. У аднаго зь іх пашкоджанае лёгкае і ключыца, зрабілі апэрацыю. Другі пацярпеў ня так моцна. Усе пацярпелыя непаўналетнія.

Што пагражае затрыманаму

СК распачаў крымінальную справу аб забойстве дзьвюх асобаў. ​Крымінальная адказнасьць за забойства надыходзіць з 14 гадоў.

За забойства двух і больш чалавек паводле ч.2 арт. 139 КК РБ могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы, пажыцьцёвае зьняволеньне або сьмяротнае пакараньне (апошняе не ўжываюць да злачынцаў, маладзейшых за 18 гадоў).

У 2017 годзе непаўналетні Ўлад Казакевіч учыніў напад з бэнзапілой на менскі гандлёвы цэнтар, забіў аднаго чалавека і параніў двух. Яму прысудзілі 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму (пазьней ён учыніў напад на супрацоўніка калёніі, яго асудзілі ў выніку на 22 гады пазбаўленьня волі).

Таксама ў 2017 годзе за напад з нажом на настаўніцу судзілі непаўналетняга менчука Даната Скакуна, за замах на забойства з асаблівай жорсткасьцю яму прысудзілі 8 гадоў выхаваўчай калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG