Навіны пра трагедыю ў школе № 2 жыхары Стоўпцаў даведваюцца з інтэрнэту. Папулярная сярод мясцовых вэрсія прычынаў злачынства — «наглядзеўся тэлевізара».
Напад
Ад школы № 2, дзе раніцай 11 лютага здарылася гучнае злачынства, да дома вучня 10-й клясы Вадзіма М. каля 10 хвілін пешшу. З дома Вадзім выйшаў прыкладна ў 7.30. У 7.40 яго бачылі аднаклясьнікі з заплечнікам.
Вадзім зайшоў у сваю клясу, пакінуў заплечнік за партай і выйшаў на калідор. Назад у клясу ён зайшоў ужо пасьля званка. Адразу падышоў да настаўніцы гісторыі і ўдарыў яе нажом. Са сваіх месцаў абараняць настаўніцу кінуліся два аднаклясьнікі Вадзіма, ён нанёс удары нажом і ім.
Пасьля гэтага выйшаў з клясы і зайшоў у суседнюю, дзе займаліся адзінаццаціклясьнікі. Там Вадзім М. таксама ўдарыў аднаго з вучняў нажом і выйшаў назад у калідор. Пасьля гэтага дзесяціклясьнік выйшаў са школы і пайшоў у адваротны ад свайго дому бок па вуліцы Ленінскай.
Амаль празь дзьве гадзіны пасьля нападу яго заўважылі ў адным з пад’ездаў жыхары трохпавярховіка і выклікалі міліцыю. Затрымлівалі Вадзіма М. з дапамогай АМАПу, у дзесяціклясьніка пры сабе быў нож. Настаўніца і адзінаццаціклясьнік памерлі на месцы ў школе. Два аднаклясьнікі Вадзіма, якіх ён параніў, трапілі ў рэанімацыю. Іхнаму жыцьцю ўжо нічога не пагражае.
«Добры хлопец»
Ля дома на вуліцы Гагарына, дзе жыве сям’я Вадзіма М., прыпаркавана некалькі легкавікоў Сьледчага камітэту. У двары людзі ў форме. Суседзі гавораць, што сьледчыя прыехалі з самай раніцай, з сабой прывезьлі бацькоў нападніка.
«Яны харошыя людзі, ніколі зь імі праблем ніякіх, — расказвае Свабодзе суседка сям’і Вадзіма М. Алена. — Але не мясцовыя, недзе тры гады таму прыехалі сюды, купілі дом гэты, рабілі рамонт. Я не скажу, што сябравала зь імі, але заўсёды віталіся.
Яны ня п’юць, мужчына гэты, кажуць, працавіты. Ён кіроўцам працуе. То на машыне яго бачу, то на трактары. А дзе маці Вадзіма працуе, я не скажу. Яны маладзейшыя за мяне, гадоў па 40. То мы не асабліва цесна знаёмыя».
Алена гаворыць, што суседзкага хлопца памятае яшчэ малым, калі яны толькі пераехалі ў Стоўпцы. Ні яна, ні хто іншы ніколі ня мелі з Вадзімам праблем. Звычайны, ціхі хлопец. У сям’і яшчэ ёсьць дачка, малодшая сястра Вадзіма.
«Нармальны хлопец, як усе, — расказвае Алена. — Заўсёды вітаецца, ніякай бяды ад яго не было. Я не скажу, што часта размаўляла зь ім — пра што мне было гаварыць з хлопцам? Але так нармальны. Калі сёньня сказалі, што гэта здарылася, то я і не паверыла, перапытвала. Але цяпер бачу, што машын многа прыехала, людзі ў форме. То значыць праўда».
Суседка сям’і Вадзіма дадае, што жыве сям’я даволі заможна. Набылі дом, рабілі рамонт, прыбудову. Пра канфлікты ўнутры сям’і ніхто з суседзяў ніколі не гаварыў, хутчэй наадварот.
«Ведаеце, у нас тут па-рознаму бывае, — кажа Алена. — Нехта і выпівае, і сварацца. Дзеці ў каго дагледжаныя, у каго не. Але пра гэтых людзей такога не скажу».
«Гэта ўсё інтэрнэт»
Большасьць вучняў 2-й школы адпусьцілі дадому прыкладна праз паўгадзіны пасьля здарэньня. У будынку пакінулі толькі старшаклясьнікаў і тых, хто мог нешта расказаць пра паводзіны Вадзіма М. раніцай.
«Мне дачка пазваніла недзе ў 8.20. Сказала, што настаўніцу забілі і каб я прыйшла ў школу, — гаворыць Марыя, якая разам з бацькамі іншых вучняў стаіць ля школьнага ганка. — Я пакуль прыбегла, тут ужо нікога не пускаюць. Званю, дачка недасяжная. Ім усім загадалі выключыць тэлефоны. Цяпер стаім, чакаем тут, чым усё скончыцца».
Большасьць з бацькоў, якія прыйшлі да школы, ведаюць і Вадзіма М., і яго сям’ю. Паўтараюць словы суседкі — нармальны, звычайны хлопец. У дрэнных кампаніях ня быў заўважны, ня піў, добра вучыўся. Толькі ў апошні час адзнакі сталі горшымі, але нязначна.
«Я думаю, што гэта ўсё інтэрнэт, — гаворыць мужчына, які прыйшоў забіраць сваю дачку, аднаклясьніцу Вадзіма М. — Ён добра вучыўся, навошта было ўсё гэта рабіць? Ніякіх канфліктаў у нашай школе не было, тым больш з настаўнікамі. Я яго сам ведаў. Дзеці цяпер наглядзяцца інтэрнэту. Ну і нагрузка ў іх. Сёньня павінны былі быць тры кантрольныя, гэта як?»
«Хірургі нікога не прымаюць увесь дзень, ратуюць хлопцаў»
Яшчэ адна суседка сям’і Вадзіма М., Вольга, пра здарэньне даведалася ў лякарні, куды прыйшла раніцай 11 лютага на прыём.
«Людзі расказалі там, у бальніцы, — гаворыць Вольга. — Хірургі адразу перасталі прымаць, займаліся параненымі, ратавалі хлопцаў. Бегалі па бальніцы. Я амаль нічога ня ведаю, ніякіх падрабязнасьцяў. Гавораць, што гэта хлопец, Вадзім М. усё зрабіў, але навошта? Мы самі цяпер з інтэрнэту пра ўсё даведваемся. Я сям’ю гэтую ведаю — нармальныя, добрыя людзі».
«Сьледчыя дзеяньні працягваюцца»
Пакуль невядома, калі адновяцца заняткі ў 2-й школе. Па словах афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, які працуе на месцы падзей у Стоўпцах, сьледчыя працягваюць апытваць аднаклясьнікаў Вадзіма М. і настаўнікаў, якія яго вучылі.
Бацькоў дзяцей, зь якімі працуюць сьледчыя, у будынак школы не пускаюць. Туды таксама ня могуць трапіць настаўнікі, якія прыйшлі праводзіць заняткі на другую зьмену. Ад камэнтароў яны адмаўляюцца. Кажуць, што шакаваныя навіной пра сьмерць калегі і аднаго з вучняў. Прычыну злачынства нават прыблізна не называюць. Ні з кім з настаўнікаў, па іх словах, злачынца ніколі сур’ёзна не канфліктаваў. У тым ліку з настаўніцай гісторыі, на якую напаў з нажом раніцай 11 лютага.