Намесьніца дырэктара стаўпецкай школы №2 Людміла Старавойтава пацьвердзіла журналістам, што загінулая настаўніца была адной з найлепшых, а нападнік сапраўды добра вучыўся і зь ім не было праблем, паведамляе зь месца падзей карэспандэнт Свабоды.
Са стаўпецкай школы нумар 2, дзе 11 лютага вучань забіў настаўніцу і вучня, перасталі выпускаць дзяцей. Бацькі, якія чакаюць іх ля школы, расказалі Свабодзе, што да дзяцей нікога не пускаюць. Бацька адной з вучаніц прасіў, каб сьледчыя працавалі зь ягонай дачкой у ягонай прысутнасьці, але яму адмовілі.
Да журналістаў выйшла намесьніца дырэктара школы Людміла Старавойтава, дзе адбылося надзвычайнае здарэньне. Яна сказала, што загінулая настаўніца была адным з найлепшых пэдагогаў школы. Таксама яна пацьвердзіла, што нападнік добра вучыўся і ня меў праблем ні з аднаклясьнікамі, ні з настаўнікамі.
Яна сказала, што цяпер з вучнямі школы працуюць псыхолягі, як школьныя, так і з паліклінік.
«Вельмі шмат працуе псыхолягаў, медыцынскія і школьныя. Дзеці не плачуць, абстаноўка спакойная. Я папярэдзіла двух бацькоў,якія перажывалі, што я асабіста з іх дзецьмі перагаварыла. Хлопец гэты вучыўся добра, у азартныя гульні, здаецца, не гуляў. Ён заўжды быў ціхі і спакойны, школу не прапускаў», — распавяла Людміла Старавойтава.
У стаўпецкай сярэдняй школе № 2 зранку 11 лютага школьнік 2003 году нараджэньня напаў з нажом на настаўніцу і вучняў. 50-гадовая настаўніца памерла ад ранаў, таксама памёр адзін вучань. Яшчэ два параненыя вучні ў рэанімацыі.
У паведамленьні МУС адзначаецца, што хлопца затрымлівалі з АМАПам. У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што двум параненым хлапцам зрабілі апэрацыю. У Стоўпцы прыехаў кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.