Сярэдняя школа № 2 ў Стоўпцах, дзе адбыўся напад, ачэпленая, дзяцей выпускаюць да бацькоў па некалькі чалавек, іхныя тэлефоны адключаныя, перадае зь месца карэспандэнт Свабоды.
Цяпер стаўпецкая школа ачэпленая міліцыяй. Дзяцей выпускаюць па адным адразу да бацькоў, якія чакаюць перад уваходам, пад росьпіс. Яны сказалі карэспандэнту Свабоды, што пра здарэньне даведаліся пасьля тэлефанаваньняў дзяцей. Яны сталі званіць бацькам і расказваць пра трагедыю. Пасьля гэтага тэлефоны вучняў адключыліся.
Цяпер школьнікаў выпускаюць па некалькі чалавек раз на 10-15 хвілінаў.
«Вельмі спакойны. Быў у нармальных стасунках з усімі»
Бацькі вучняў і мясцовыя жыхары расказалі Свабодзе, што падлетак, які напаў на настаўніцу і вучняў, добра вучыўся, ня меў праблем у школе. Ніколі за ім не заўважалі нейкай агрэсіі, ён быў у добрых стасунках з аднакляснікамі. У яго звычайная сям’я, у малодшай школе ён вельмі добра вучыўся.
Адзін з вучняў школы №2 распавёў Свабодзе, што хлопец ня быў агрэсіўным. Ён ня можа прыгадаць, каб у падазраванага ў злачынстве былі канфлікты з настаўнікамі і ў прыватнасьці з Марынай Пархімовіч.
«Хлопец быў спакойны. Нават вельмі», — сказаў вучань школы №2.
«Настаўніцу вучні паважалі»
Забітая настаўніца гісторыі мела добрыя адносіны з вучнямі. Пра яе Свабодзе расказаў былы вучань Мікалай. Паводле яго, настаўніца выкладала гісторыю і грамадазнаўства. Яна не была строгай, і дзеці паважалі яе за справядлівае стаўленьне да сябе. На яе ніколі ня скардзіліся вучні.
«І голасу не падвысіць! Найлепшая настаўніца была. Тыдзень таму сустракаліся (на Дзень выпускніка. — РС). Яна як была маладой, так і засталася», — сказаў Мікалай.
«У мяне сьлёзы на вачах... Яна была адной зь нешматлікіх пэдагогаў, што запомнілася мне як добры і чульлівы чалавек», — сказаў Свабодзе іншы былы вучань.
У Стаўпецкай сярэдняй школе № 2 зранку 11 лютага школьнік 2003 году нараджэньня напаў з нажом на настаўніцу і вучняў. 50-гадовая настаўніца памерла ад ранаў, таксама памёр адзін вучань. Яшчэ два параненыя вучні ў рэанімацыі.
Знаёмыя і аднаклясьнікі загінулага 11-клясьніка распавялі Свабодзе, што хлопец хацеў аб’ехаць Беларусь і зьбіраўся паступаць у Польшчу.
«Ён быў вельмі разнастайнай асобай, захапляўся філязофіяй, шмат чытаў. Зь ім можна было паразмаўляць на любую тэму. Хацеў у Польшчы паступаць. Падарожнічаў шмат, а летам хацеў у вандроўку па Беларусі паехаць», — распавядае аднаклясьніца.
У паведамленьні МУС адзначаецца, што хлопца затрымлівалі з АМАПам. У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што двум параненым хлапцам зрабілі апэрацыю. У Стоўпцы прыехаў кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.