Міліцыя затрымала падлетка, які забіў настаўніцу і вучня і параніў яшчэ дваіх. Пра гэта паведамляе МУС.
Падлетка, які зранку 11 лютага напаў на вучняў і настаўніцу ў Стаўпецкай сярэдняй школе № 2, затрымалі, паведаміла МУС.
Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу аб забойстве дзьвюх асобаў. Непаўналетняму за забойства двух і больш чалавек паводле ч. 2 арт. 139 КК могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.
Школьнік забіў 50-гадовую настаўніцу і аднаго падлетка. Два параненыя падлеткі застаюцца ў рэанімацыі. Сьледчы камітэт і міліцыя на момант публікацыі не даюць камэнтароў.
Сваяк аднаго з пацярпелых хлопцаў распавёў Свабодзе, што пасьля пачатку ўрока гісторыі вучань М. зайшоў у кляс. Спачатку напаў на настаўніцу. Другі хлопец, які загінуў, хутчэй за ўсё, заступіўся за настаўніцу.
Пасьля нападнік выйшаў праз чорны ход і стаў уцякаць. Сустрэў двух хлапцоў, якім таксама нанёс раненьні. У аднаго зь іх пашкоджанае лёгкае і ключыца, яшчэ ідзе апэрацыя. Другі пацярпеў ня так моцна. Усе пацярпелыя непаўналетнія. Затрымалі нападніка на Ленінскай вуліцы каля 10:11.