У 2018 годзе ў лепшы сьвет адышло шмат выбітных асобаў: грамадзкіх дзеячоў, кампазытараў, літаратараў, мастакоў, артыстаў, спартоўцаў. Свабода ўспамінае.
Рыгор Фарманян, герой «Чарнобыльскага шляху — 1996» (76)
Беларус армянскага паходжаньня стаў вядомы на ўсю краіну падчас Чарнобыльскага шляху 26 красавіка 1996 году, калі адбываліся сутыкненьні дэманстрантаў зь міліцыяй. З акрываўленай галавой і бел-чырвона-белым сьцягам у руках ён зьявіўся тады на старонках ня толькі беларускіх, але і многіх усясьветных СМІ.
У апошнія гады ён адышоў ад дзейнасьці ў Партыі БНФ, але заставаўся актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы.
Памёр 3 студзеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці: Рыгор Фарманян, беларускі патрыёт, герой «Чарнобыльскага шляху-1996»Васіль Якавенка, пісьменьнік, эколяг, грамадзкі дзяяч (82)
Заснаваў грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз „Чарнобыль“». З 1991 па 1996 гады выдаваў экалягічную газэту «Набат». Быў каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці», рэдагаваў грамадзкі бюлетэнь «Рэха ГУЛАГу». Ляўрэат альтэрнатыўнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Нансэна, у 2016-м узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.
Аўтар кніг «Крушэньне на ростані», «Прывіды Шанхаю над Сьвіслаччу», гістарычнага раману «Надлом», трылёгіі «Пакутны век».
Памёр 22 студзеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр пісьменьнік Васіль ЯкавенкаМіхал Анемпадыстаў, дызайнэр, графік, фатограф, паэт, перакладчык (53)
Вершы Міхала Анемпадыстава сталі песьнямі N.R.M., «Новага Неба», Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48 і іншых, ён быў аўтарам славутага «Народнага альбому» (прызнанага «Альбомам году» на «Рок-каранацыі-1997»), перакладаў польскія рок-гіты для беларускіх сьпевакоў. «Чалавек году-2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў».
У 2013 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы», у 2017 — кнігу «Колер Беларусі». Таксама Анемпадыстаў ствараў вокладкі для музычных альбомаў. Вёў на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» калёнку «Простыя рэчы».
Памёр 24 студзеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр паэт і мастак, аўтар «Народнага альбому» Міхал АнемпадыстаўБарыс Кіт, найстарэйшы беларус сьвету, выбітны астрафізык (107)
Нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбургу. Пасьля рэвалюцыі зьехаў на радзіму бацькі ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Наваградзкую беларускую гімназію і Віленскі ўнівэрсытэт. Працаваў дырэктарам Віленскай і Наваградзкай гімназіяў.
Пасьля вайны эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе як навуковец, зрабіўшы значны ўнёсак ва ўсясьветную астранаўтыку, матэматыку. Удзельнічаў у амэрыканскай праграме палётаў на Месяц. Ён не дажыў 2 месяцы да 108 гадоў.
Памёр 1 лютага 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Барыс КітГенадзь Гарбук, народны артыст Беларусі (83)
З 1962 году і да самай сьмерці Гарбук працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Партфоліё актора налічвае больш за сотню роляў у тэатры і кіно.
Генадзь Гарбук — гэта Васіль у спэктаклі і фільме «Людзі на балоце» паводле Івана Мележа, Сымон у «Раскіданым гнязьдзе» Янкі Купалы, Зёлкін у «Хто сьмяецца апошнім» паводле Кандрата Крапівы і дзясяткі іншых роляў.
Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за фільм «Людзі на балоце», а таксама мэдалём Францішка Скарыны.
Памёр 7 лютага 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Генадзь ГарбукГеоргі Штыхаў, археоляг, гісторык (90)
Займаўся вывучэньнем курганных могільнікаў раньняга Сярэднявечча ў паўночнай і цэнтральнай Беларусі, кіраваў археалягічнымі экспэдыцыямі ў Полацку, Віцебску, Заслаўі, Барысаве, Лукам’і, Лагойску, Копысі. Прафэсар Штыхаў быў першым, хто ў савецкі час прапанаваў весьці адлік гісторыі Беларусі ад Полацкага княства. Ягоныя манаграфіі «Старажытны Полацак» і «Гарады Полацкай зямлі» сталі клясыкай беларускай археалёгіі.
Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1991). Быў першым прэзыдэнтам Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (1992–1994), а таксама адным з заснавальнікаў дабрачыннага фонду «Памяць ахвяраў сталінізму ў Беларусі».
Памёр 2 сакавіка 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Георгі ШтыхаўВалянціна Лемцюгова, мовазнаўца, якая адстаяла беларускую тапаніміку (82)
Доктарка філялягічных навук, прафэсарка. Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваеньня назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, запісу іх лацінкаю і перадачы на іншых мовах. Аўтарка больш як 200 навуковых прац, слоўнікаў. Была навуковым рэдактарам і адным з суаўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы „Нашай Нівы“» ў 5 тамах.
Памерла 3 сакавіка 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Валянціна Лемцюгова, якая «адважна змагалася за навуковую праўду і беларускі інтарэс»
Міхаіл Жызьнеўскі, бацька Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага (72)
Міхаіл Жызьнеўскі лічыў, што ягоны сын Міхась загінуў за свабоду ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі.
Бацькам Міхася Жызьнеўскага — аднаго зь першых забітых на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас падзей Эўрамайдану ў студзені 2014 году — Кабінэт міністраў Украіны прызначыў пажыцьцёвую стыпэндыю. Яе пэрсанальна атрымліваў і Міхаіл Пятровіч Жызьнеўскі.
Памёр 8 красавіка 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі памёр бацька Героя Ўкраіны Міхася ЖызьнеўскагаМіхаіл Цэйцін, заслужаны трэнэр Беларусі па акрабатыцы, пэдагог (98)
Вэтэран Другой усясьветнай вайны. Ад 1947 году і да апошняга дня выкладаў у Інстытуце фізкультуры (цяпер — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт фізычнай культуры).
Цэйцін быў аўтарам мэтодыкі ўмацаваньня вэстыбулярнага апарату для касманаўтаў, працаваў з футбалістамі менскага «Дынама», у тым ліку ў іх «залаты» сэзон 1982 году.
Памёр 13 красавіка 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр знакаміты трэнэр і выкладчык Міхаіл ЦэйцінНіна Жызьнеўская, маці Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага (62)
Менш як на месяц яна перажыла свайго мужа, Міхаіла Жызьнеўскага, які памёр 8 красавіка. 17 лютага амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адмыслова прыехаў у Гомель, каб перадаць Ніне Жызьнеўскай ад імя Парашэнкі інвалідны вазок. Яна мела праблемы з нагамі і з сэрцам.
Памерла 4 траўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледам за бацькам памерла маці Жызьнеўскага — беларуса, які стаў Героем УкраіныУльляна Захаранка, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў (95)
Былы міністар унутраных спраў Беларусі, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка быў скрадзены ў Менску невядомымі 7 траўня 1999 году.
Ульляна Захаранка двойчы накіроўвала скаргі аб зьнікненьні сына ў Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ ААН). У сакавіку 2017 году КПЧ ААН абавязаў Рэспубліку Беларусь правесьці расьсьледаваньне зьнікненьня Юрыя Захаранкі і выплаціць кампэнсацыю. Беларускі бок рашэньне КПЧ ААН праігнараваў.
У 2016 годзе Менскі гарадзкі суд не задаволіў хадайніцтва Ўльляны Захаранкі аб прызнаньні яе сына памерлым.
Памерла 14 траўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла Ўльляна Захаранка, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаканьне як катаваньне. Памяці Ўльляны Захаранкі, маці экс-міністра ўнутраных спраўАрсень Ліс, фальклярыст, літаратуразнаўца (85)
Дасьледаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і пэрыядычны друк Заходняй Беларусі, жыцьцё і дзейнасьць дзеячоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры.
Доктар філялягічных навук, аўтар манаграфій пра Браніслава Тарашкевіча, Міколу Шчакаціхіна, Пётру Сергіевіча, Язэпа Драздовіча і іншых.
Памёр 28 траўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Арсень Ліс, які «будзіў ад сну цэлы народ»
Эдуард Зарыцкі, кампазытар, народны артыст Беларусі (72)
Вядомы кампазытар-песеньнік. Сярод яго твораў — «Палыновая ростань», «Белыя крылы», «Пасьпяшайся, кумок», «Зорачка», «Замова», «Начныя кастры», «Будзьма», «Палыновая ростань» ды іншыя.
Зарыцкі быў аўтарам вакальных цыкляў на вершы Адама Міцкевіча (у перакладзе Васіля Жуковіча), Рыгора Барадуліна, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча. Пісаў музыку да спэктакляў, кінафільмаў і м’юзыклаў.
Памёр 6 чэрвеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр кампазытар Эдуард ЗарыцкіМіхась Мушынскі, літаратуразнаўца (88)
Працаваў у акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, у 1978-м абараніў доктарскую дысэртацыю. Выдаў 340 навуковых працаў, дасьледаваў творчасьць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага, дасягненьні крытыкі і літаратуразнаўства ўсяго ХХ стагодзьдзя.
Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, кіраваў падрыхтоўкай выданьняў 13 навукова камэнтаваных збораў твораў, у тым ліку Івана Мележа, Зьмітрака Бядулі, Максіма Багдановіча.
Памёр 8 чэрвеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр Міхась Мушынскі, які выдаў 13 збораў твораў беларускіх пісьменьнікаўАлесь Зайка, пэдагог, краязнаўца, зьбіральнік народнай лексыкі (70)
Выдаў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Фразэалягічны слоўнік Косаўшчыны», «Прыказкі і прымаўкі, жарты і калямбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітаньні і зычэньні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засьцярогі і прысяганьні, праклёны і адкляцьці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зьневажаньні і параўнаньні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны», а таксама кнігу прозы «Чысты чацьвер».
Памёр 26 чэрвеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідзі, не глядзі, як дзядзька падыхае». У раённай больніцы не ўратавалі выбітнага краязнаўцуКірыла Насаеў, хормайстар, музыколяг і пэдагог (58)
Кіраўнік мужчынскага хору «Унія». Стваральнік знакавых праектаў «Музыка Літвы і Кароны», «Музыка беларускіх храмаў», «Беларускія маршы й песьні. Лірыка змаганьня», дзе сабраныя гістарычныя песьні і аўтарскія творы XX стагодзьдзя — «Не пагаснуць зоркі ў небе», «Пагоня», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і іншыя.
Зь дзіцячым хорам зрабіў праект «Простыя словы» на словы Міхала Анемпадыстава.
Памёр 17 ліпеня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. Кіраўнік хору «Унія» Кірыла НасаеўАляксандар Кулінковіч, рок-музыка, заснавальнік і саліст гурту Neuro Dubel (46)
У 1989 годзе заснаваў гурт Neuro Dubel і вызначыў ягоным вядучым стылем панк-рок. У 1999 годзе калектыў атрымаў галоўны прыз «Рок-каранацыі» — «Рок-карону».
Гурт доўгі час быў пад забаронай, значыўся ў так званых «чорных сьпісах». Кулінковічу адмаўлялі ў канцэртах, ня ставілі ў эфір на радыё.
На самым пачатку праекту ўдзельнічаў у «Крамбамбулі». Кулінковіч запісаў 16 альбомаў: 5 магнітных і 11 студыйных.
Памёр 3 жніўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр сьпявак Аляксандар КулінковічМікалай Кірычэнка, народны артыст Беларусі (72)
Ад 1971 году працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, у 2005–2009 гадах быў дырэктарам тэатру.
З 1987 году працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2006 годзе атрымаў званьне Народнага артыста Беларусі.
Мікалай Кірычэнка выконваў галоўныя ролі ў спэктаклях «Князь Вітаўт», «Чорная панна Нясьвіжа», «Вечар», «Сны аб Беларусі», «Тутэйшыя» і іншых.
Фільмаграфія актора налічвае больш за 40 фільмаў.
Памёр 14 жніўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быў чалавекам Тэатру». Памёр актор Мікалай КірычэнкаХведар Нюнька, беларускі грамадзка-культурны дзяяч Літвы (90)
25 гадоў (з 1989 па 2014) старшыняваў у Таварыстве беларускай культуры ў Літве. Быў сябрам прэзыдыюму Рады БНР з 1997 году.
Скончыў у 1953 годзе Літоўскую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў у праектных інстытутах Вільні спэцыялістам па каштарысах. З 1980-х гадоў вёў актыўную грамадзка-культурную працу па адраджэньні беларускасьці ў Літве.
Памёр 15 жніўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр Хведар Нюнька, шматгадовы лідэр беларусаў ЛітвыЁсіф Варановіч, заснавальнік беларускай школы траўматалёгіі і артапэдыі, выбітны хірург (89)
З 1972 па 1993 гады ўзначальваў БелНДІ траўматалёгіі і артапэдыі. Распрацаваў шэраг новых мэтадаў лячэньня, заснаваў беларускую школу артапэдаў-артролягаў і вэртэбролягаў — спэцыялістаў па хваробах і траўмах суставаў і хрыбетніка, у тым ліку пашкоджаньнях сьпіннога мозгу; быў піянэрам сучасных напрамкаў у траўматалёгіі і артапэдыі — хірургічнай артралёгіі, эндапратэзаваньня; рабіў складаныя апэрацыі пры пухлінах касьцей.
Памёр 21 жніўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр заснавальнік беларускай школы траўматалёгіі і артапэдыі Ёсіф ВарановічАлесь Ліпай, заснавальнік і дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН (52)
У 1988 годзе Алесь Ліпай стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі. Пераклаў на беларускую мову Дамову аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у менскім дзіцячым садку, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.
БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, прачытаў верш Уладзімера Някляева, напісаны за кратамі.
14 чэрвеня супраць Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку. Крымінальны перасьлед лічаць зьвязаным зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю. Аўтар кнігі паэзіі «Абдымкі».
Памёр 23 жніўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. «Без Алеся Ліпая немагчыма ўявіць Беларусь»Джон Маккейн, амэрыканскі палітык, прыхільнік дэмакратычнай Беларусі (81)
Маккейн быў сэнатарам ад штату Арызона, кандыдаваў на пасаду прэзыдэнта ЗША і ня раз выказваўся ў падтрымку дэмакратычнай будучыні Беларусі.
Як сэнатар ён неаднаразова кідаў выклік прэзыдэнтам, незалежна ад іх партыйнай прыналежнасьці, калі лічыў іх палітыку неадпаведнай. Шматгадовы старшыня сэнацкага камітэту ўзброеных сілаў, Маккейн лічыўся экспэртам у пытаньнях абароны і зьнешняй палітыкі.
Ваяваў у Віетнаме, перажыў амаль шэсьць гадоў палону і катаваньняў у сумнавядомай турме Hanoi Hilton.
Памёр 25 жніўня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр амэрыканскі палітык Джон Маккейн ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: "Я разам зь беларусамі, якія жывуць дзеля свабоды і незалежнасьці". Джон Маккейн пра БеларусьАнатоль Капскі, старшыня праўленьня футбольнага клюбу БАТЭ
Зь сярэдзіны 1995 году Анатоль Капскі ўзначаліў кампанію «Сталкер», празь якую прадаваў камплектуючыя на БАТЭ. У 1996-м было вырашана аднаўляць заводзкую каманду БАТЭ. Кіраўніком клюбу стаў Анатоль Капскі, а галоўным спонсарам — яго прадпрыемства «Сталкер».
У 1999-м каманда БАТЭ ўпершыню заваявала залатыя мэдалі чэмпіянату Беларусі. Цяпер на яе рахунку 14 чэмпіёнскіх тытулаў, БАТЭ тройчы перамагала ў Кубку Беларусі і сем разоў — у Супэркубку.
Памёр 22 верасьня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр старшыня праўленьня футбольнага клюбу БАТЭ Анатоль КапскіФёдар Клімчук, перакладчык Новага Запавету на заходнепалескі дыялект (83)
Найлепшы знаўца мовы і традыцыйнай культуры Берасьцейшчыны і Піншчыны, Клімчук працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.
Запісаў гаворкі соцень населеных пунктаў Берасьцейскай вобласьці, аўтар больш як 200 працаў у галіне дыялекталёгіі, лінгвагеаграфіі, лексыкаграфіі, славістыкі, фальклёру, этнагенэзу, сацыялінгвістыкі, тапаніміі. Пераклаў Новы Запавет, а таксама творы Гамэра, Талстога і Гогаля на гаворку сваёй роднай вёскі Сіманавічы на Драгінчыншчыне.
Памёр 22 кастрычніка 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр чалавек, які пераклаў Новы Запавет на заходнепалескі дыялектУладзіслаў Ахроменка, пісьменьнік і дасьледчык сталінскіх рэпрэсій (53)
Апошнія гады Ахроменка зь сям’ёй жыў у Чарнігаве, працаваў у архівах СБУ, дзе дасьледаваў дзейнасьць савецкіх спэцслужбаў. Супрацоўнічаў з рэдакцыяй Радыё Рацыя, рыхтаваў і вёў праграму «На ўліку КДБ».
На Свабодзе друкаваліся матэрыялы, якія дасьледчык здабыў у архіве Службы бясьпекі Ўкраіны па Чарнігаўскай вобласьці.
Аўтар кніг прозы «Здані і пачвары Беларусі», «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве», «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» (у суаўтарстве з Максімам Клімковічам), «Тэорыя змовы», «Музы і сьвіньні».
Памёр 9 лістапада 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр пісьменьнік Уладзіслаў АхроменкаІгар Лучанок, кампазытар, народны артыст Беларусі (80)
Ігар Лучанок напісаў больш за 400 песень: «Мой родны кут», «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Калі б камяні маглі гаварыць», «Ліст з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс» і інш.; шмат твораў для сымфанічнага і эстраднага аркестраў: кантаты «Курган», «Гусьляр» на словы Янкі Купалы, «Салдацкае сэрца», «Невядомы салдат», сьпеўна-сымфанічную паэму «Вайна не патрэбна»; цыкль рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Танка і Ніла Гілевіча.
Памёр 12 лістапада 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вянок памяці. «Ігар Лучанок — гэта гісторыя нашай беларускасьці»Джордж Буш — старэйшы, 41-ы прэзыдэнт ЗША (94)
Буш быў прэзыдэнтам з 1989 па 1993 гады — у ключавы пэрыяд ХХ стагодзьдзя, калі адбыўся крах усясьветнай камуністычнай сыстэмы і распад Савецкага Саюзу.
Пры Джорджу Бушу — старэйшым Злучаныя Штаты Амэрыкі прызналі незалежнасьць нованароджанай Рэспублікі Беларусь. Прэзыдэнт Буш накіраваў у Менск першую дыпляматычную місію ЗША.
Буш заставаўся фізычна актыўным да глыбокай старасьці. Свае 75-ы, 80-ы, 85-ы і 90-ы дні нараджэньня ён адзначаў скачкамі з парашутам.
Памёр 1 сьнежня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы. Яму было 94 гады
Кім Цесакоў, кампазытар, аўтар сымфоніі «Курапаты» (82)
Кім Цесакоў быў вучнем Дзьмітрыя Шастаковіча, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі імя Луначарскага, Менскай музычнай вучэльні імя Глінкі і сярэдняй спэцыяльнай музычнай школе пры кансэрваторыі, загадваў рэдакцыяй музычнай літаратуры выдавецтва «Беларусь».
Сярод музычнай спадчыны Кіма Цесакова — сымфонія № 4 «Курапаты», напісаная ў 1990 годзе. Музыкай усясьветнага ўзроўню назваў сымфонію «Курапаты» вядомы дырыжор, народны артыст СССР Яўген Сьвятланаў.
Сябраваў з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным.
Памёр 20 сьнежня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пайшоў з жыцьця аўтар сымфоніі «Курапаты», вучань Шастаковіча і сябар Быкава