Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Ўльляна Захаранка, маці зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў

абноўлена

Ульляна Захаранка, здымак 2016 году
Ульляна Захаранка, здымак 2016 году

На 95 годзе жыцьця памерла Ўльляна Захаранка. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская.

Як паведаміла Свабодзе Раіса Міхайлоўская, апошні тыдзень Ульляна Захаранка пачувалася слаба, амаль не ўставала.

Былы міністар унутраных справаў Беларусі, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка быў скрадзены ў Менску невядомымі 7 траўня 1999 году. Што далей зь ім стала, грамадзкасьці невядома.

Ульляна Захаранка двойчы накіроўвала скаргі аб зьнікненьні сына ў Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ ААН). Раіса Міхайлоўская паводле даверанасьці зьяўляецца прадстаўніцай Ульляны Захаранкі і мае намер працягваць займацца справай Юрыя Захаранкі ў КПЧ ААН да яе заканчэньня.

У сакавіку 2017 году ў адказ на першую скаргу КПЧ ААН абавязаў Рэспубліку Беларусь правесьці расьсьледаваньне зьнікненьня Юрыя Захаранкі і выплаціць кампэнсацыю. Паводле Раісы Міхайлоўскай, беларускі бок рашэньне КПЧ ААН праігнараваў, бо лічыць, што яно мае рэкамэндацыйны характар.

1 жніўня 2016 году Менскі гарадзкі суд не задаволіў хадайніцтва Ўльляны Захаранкі аб прызнаньні яе сына памерлым. У адказ на гэтае рашэньне Ўльляна Захаранка накіравала другую скаргу ў КПЧ ААН. Два тыдні таму Раісе Міхайлоўскай паведамілі, што КПЧ ААН камунікуе зь беларускай дзяржавай і цягам паўгоду Рэспубліка Беларусь мусіць даць сваю рэакцыю на скаргу Захаранкі.

Прызнаць памерлым Захаранку — паставіць у няёмкае становішча Лукашэнку

У Беларусі за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ня раз зьнікалі вядомыя палітыкі і грамадзкія дзеячы:

  • травень 1999 году — былы міністар унутраных справаў, генэрал Юры Захаранка;
  • верасень1999 году — віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі;
  • ліпень 2000 году — тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі.

Злачынствы дагэтуль не раскрытыя. Міжнародная супольнасьць, праваабаронцы, апазыцыя сьцьвярджаюць, што ў краіне пад прыкрыцьцём уладаў дзейнічалі «эскадроны сьмерці». Калега і сябар Зьмітра Завадзкага Павал Шарамет правёў некалькі журналісцкіх расьсьледаваньняў пра зьнікненьні ў Беларусі і зьняў дакумэнтальны цыкль «Дзікае паляваньне».

Юры Захаранка: міліцыянт, які адмовіўся стаць катам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG