28 траўня на 85-м годзе жыцьця памёр беларускі фальклярыст, літаратуразнаўца, літаратар Арсень Ліс.
Арсень Ліс працаваў настаўнікам, рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. З 1959 году — асьпірант у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1961-га — навуковы супрацоўнік гэтага ж інстытуту. Дасьледаваў традыцыйную культуру беларусаў, літаратуру, гісторыю і пэрыядычны друк Заходняй Беларусі, жыцьцё і дзейнасьць дзеячоў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры. Аўтар дасьледаваньняў пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча. У 1970-я гады ўваходзіў у «Акадэмічны асяродак» — нефармальную, перасьледаваную савецкімі спэцслужбамі суполку навукоўцаў — беларускіх патрыётаў.
Пра Арсеня Ліса ўспамінаюць ягоныя сябры і аднадумцы.
Ніна Стужынская: «Ён быў мне як бацька»
Гісторык Ніна Стужынская, прыгадваючы Арсеня Ліса, называе яго выдатным гісторыкам, сымбалем гуманнасьці і дабрыні, цудоўным чалавекам і глыбока спачувае родным.
«І мне ён быў як родны бацька. Добразычлівы, уважлівы да маіх публікацыяў. Заўсёды спрыяў у кантактах для маёй навуковай тэматыкі, радаваўся маім архіўным знаходкам. Я магла да яго зьвярнуцца зь любым пытаньнем, і ён ніколі не адмаўляў у дапамозе, не спасылаўся на занятасьць, здароўе ці сямейныя абставіны».
Калі выходзілі яе кнігі ці артыкулы, Арсень Ліс быў адным зь першых і самых уважлівых чытачоў, расказвае Ніна Стужынская.
«Тэлефанаваў, віншаваў, казаў нешта прыемнае. Гэта вельмі рэдкая якасьць у нашым асяродзьдзі. Калегі сквапныя на добрыя словы. Асабліва цяпер, у такі падазроны і змрочны час для незалежных навукоўцаў», — адзначае Стужынская.
Яна называе Арсеня Ліса «апошнім сымбалем эпохі вялікіх беларускіх падзьвіжнікаў», якімі былі для яе і Міхась Чарняўскі, і Ўладзімер Караткевіч.
«Мне яго будзе вельмі не хапаць, і ніхто яго ўжо мне не заменіць. Ягоны адыход — велізарная страта для ўсіх, хто цэніць свабоду, праўду і справядлівасьць», — дадае Стужынская.
Натальля Гардзіенка: «Ён быў „чалавекам кнігі“»
Гісторык Натальля Гардзіенка пазнаёмілася з Арсенем Лісам падчас Зьезду беларусаў сьвету каля 15 гадоў таму. Ён сам падышоў ды стаў расказваць, як чытаў апошнія «Запісы БІНіМ», якія рэдагавала Натальля, пытаўся, што ў творчых і выдавецкіх плянах. Ад таго часу завязалася іх сяброўская сувязь.
«На ўсе выданьні, якія выходзілі з маім удзелам і якія абавязкова скіроўваліся да яго, Арсень Ліс адгукаўся або праз тэлефон, або пры спатканьні на той ці іншай імпрэзе. Ён быў „чалавекам кнігі“, маім самым уважлівым і ўдзячным чытачом: умеў тактоўна выказаць заўвагу і шчыра пахваліць», — кажа Натальля.
Асабліва блізка Натальля Гардзіенка падтрымлівала сувязь з Арсенем Лісам цягам апошніх гадоў, калі ён праз хваробу амаль перастаў наведваць грамадзкія мерапрыемствы.
«У пакоі зь безьліччу кніг у ягонай кватэры ў Вясьнянцы так цікава слухаліся аповеды пра дасьледаваньні спадчыны Тамаша Грыба, Уладзімера Самойлы, Аркадзя Смоліча і іншых, жыцьцёвыя ўспаміны і своеасаблівыя запаветы на будучыню.
Калі мы заснавалі кніжную сэрыю „Спадчына: агледзіны“, спадар Арсень шчыра радаваўся кожнай новай запраектаванай кнізе, даваў парады ў пошуку матэрыялаў. Сам ён апошнімі гадамі стараўся „не раскідацца“, засяроджваўся на тым, што лічыў патрэбным дарабіць, апублікаваць, сказаць. Баяўся, што не пасьпее... — прыгадвае Натальля Гардзіенка і са скрухай дадае: Вось і я не пасьпела аднесьці яму апошнія выдадзеныя кнігі, дамаўляліся, што завітаю ў чэрвені... Дзякуй Вам, Арсен Сяргеевіч, за падтрымку і парады, за тое, што Вы былі побач».
Аляксандар Пашкевіч: «Акрамя агульнага для ўсіх пачуцьця смутку, адчуваю і віну»
Гісторык, шэф-рэдактар ARCHE Аляксандар Пашкевіч успамінае Арсеня Ліса самымі цеплымі словамі:
«Арсень Сяргеевіч Ліс быў вельмі сьветлым, інтэлігентным, высокаадукаваным, ідэйным чалавекам. Падобныя характарыстыкі можна было б множыць і множыць, але банальнасьцяў пра яго казаць сёньня хацелася б менш за ўсё».
Акрамя агульнага для ўсіх пачуцьця смутку, Алесь Пашкевіч адчувае таксама і віну перад Арсенем Лісам за тое, што не пасьпеў пры ягоным жыцьці завяршыць падрыхтоўку да друку ўкладзенага ім збору твораў Аляксандра Цьвікевіча. «Віну, якую, на жаль, загладзіць можна ўжо ня перад ім асабіста, а толькі перад памяцьцю пра яго», — дадае ён.
Міхась Скобла: «Кнігі Ліса —як кварцаваньне прасторы ад шкодных антыбеларускіх вірусаў»
Паэт і дасьледнік беларускай літаратуры Міхась Скобла лічыць Арсеня Ліса чалавекам з «надзвычай моцнай беларускай сарцавінай» і адзначае, што ён паўплываў на многіх. Зоська Верас называла яго сваім будзіцелем. А ён, пачынаючы з 60-х, настойліва і мэтанакіравана будзіў, раскатурхваў ад сну цэлы народ.
«Кнігі Ліса — як кварцаваньне прасторы ад шкодных антыбеларускіх вірусаў, якія ніяк не выводзяцца з нашай зямлі і нашага паветра. Нездарма найбольш поўнае выбранае дасьледніка называецца „Gloria victis!“ („Слава пераможаным!“). Менавіта такім воклічам варта сустракаць герояў яго шматлікіх кніг — Язэпа Драздовіча, Алясандра Уласава, Браніслава Тарашкевіча, Аляксандра Цьвікевіча, Тамаша Грыба, Аркадзя Смоліча, Міколу Шчакаціхіна, Антона Грыневіча...
„Почему Лис поднимает этих мертвецов?“ — дапытваўся маёр КГБ у выкліканых на размову пісьменьнікаў. Няўцям было таму служаку, што дасьледнік „падымае“ не нябожчыкаў, а дойлідаў беларускай дзяржаўнасьці, якія ў дужа неспрыяльных умовах пасьпелі закласьці падмурак Беларускага Дома...»
«Сьветлая памяць і вялікая ўдзячнасьць Арсеню Сяргеевічу!» — дадае Скобла.
Разьвітаньне з Арсенем Сяргеевічам Лісам адбудзецца 31 траўня ў мэмарыяльнай залі на вул. Альшэўскага, 12. Час разьвітаньня — 10.00–10.45 (удакладняецца). Пахаваны спадар Арсень будзе ў вёсцы Залесьсе Смаргонскага раёну.