Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Міхась Мушынскі, які выдаў 13 збораў твораў беларускіх пісьменьнікаў


Міхась Мушынскі, фота — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Міхась Мушынскі, фота — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

На 88-м годзе памёр вядомы беларускі літаратуразнаўца, доктар філялягічных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Міхась Мушынскі.

Ён працаваў у акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, у 1978-м абараніў доктарскую дысэртацыю. Выдаў 340 навуковых працаў, дасьледаваў творчасьць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага, дасягненьні крытыкі і літаратуразнаўства ўсяго ХХ стагодзьдзя.

Да таго ж кіраваў падрыхтоўкай выданьняў 13 навукова камэнтаваных збораў твораў, у тым ліку Івана Мележа, Зьмітрака Бядулі, Максіма Багдановіча.

Буду памятаць яго і згадваць са сьлязьмі ўдзячнасьці

Пра навуковую спадчыну Міхася Мушынскага Свабодзе расказала крытык, літаратуразнаўца, доктар філялягічных навук Ганна Кісьліцына. Навуковец быў экспэртам яе доктарскай працы.

«Пачынаючы ад самага першага дня, калі я прыйшла ў асьпірантуру, Міхась Мушынскі заставаўся блізкім мне чалавекам. Мы былі ў добрых працоўных і сяброўскіх адносінах, і тое, што я ведаю пра літаратуру першай паловы мінулага стагодзьдзя, найперш ягоная заслуга. Іншым разам, сустрэўшыся проста на вуліцы, ён сьпяшаўся падзяліцца новымі адкрыцьцямі. Шмат сядзеў у архівах, чытаў рукапісы, працаваў з дакумэнтамі. Ну і проста прыемны чалавек, які да апошняга падказваў, дапамагаў. Хоць сам ужо быў у кепскім стане, ня бачылі вочы, усё роўна намагаўся падтрымаць. Буду памятаць яго і згадваць са сьлязьмі ўдзячнасьці».

Мушынскі быў непераўзыдзены

Ганна Кісьліцына кажа, што Міхась Мушынскі быў непераўзыдзеным экспэртам па цэлым шэрагу беларускіх клясыкаў, якія дзякуючы ягоным навуковым намаганьням па-новаму раскрыліся і крытыкам, і сваім чытачам.

«Ён здолеў адкрыць наноў шмат якіх пісьменьнікаў. Напрыклад, ня думаю, што хтосьці лепш за яго ведаў Максіма Гарэцкага. Я наогул перакананая, што яму не было роўных у разуменьні літаратурнай крытыкі, якой зараз займаюся і я — гэта пэрыяд ад 1920-х да 1960-х гадоў. Іншымі словамі, гэта чалавек, які, па вялікім рахунку, апісаў усю беларускую крытыку большай часткі ХХ стагодзьдзя. Немалаважна, што ён і сам выдатна пісаў, разумеў фундамэнтальныя крытэры, зь якімі трэба падыходзіць да літаратурнай крытыкі», — падсумавала Ганна Кісьліцына.

Міхась Мушынскі нарадзіўся 24 студзеня 1931 году ў вёсцы Мокрае на Быхаўшчыне. У вайну сям’я заставалася на тэрыторыі Беларусі. Міхась скончыў сярэднюю школу ў Быхаве і на пачатку 1950-х паступіў на філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Ад 1956 году нязьменна працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук (цяпер Інстытут мовы і літаратуры).

Памёр кампазытар Эдуард Зарыцкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG