Беларус армянскага паходжаньня стаў вядомым на ўсю краіну падчас Чарнобыльскага шляху 26 красавіка 1996 году. З акрываўленай галавой і бела-чырвона-белым сьцягам у руках ён зьявіўся тады на старонках ня толькі беларускіх, але і многіх сусьветных СМІ падчас сутыкненьняў дэманстрантаў зь міліцыяй у часе акцый «Менскай вясны» 1996 году.
Апошнія гады ён пакінуў актыўную дзейнасьць у Партыі БНФ, пераехаў з Горадні ў Скідзель, але працягваў заставацца актыўным сябрам Таварыства беларускай мовы. Фарманяна добра памятаюць у Горадні, і найперш ягоныя сябры па партыі.
Ён быў бясстрашным чалавекам
Сяргей Мальчык у 1990-я ўзначальваў арганізацыю БНФ у Горадні. Ён прыгадвае, што Фарманян у Фронце быў ад пачатку, быў сябрам рады, прычым вельмі актыўным, браў на сябе шмат абавязкаў і заўсёды іх выконваў.
«Як армянін, ён вылучаўся сваёй эмацыйнасьцю і актыўнасьцю, ніколі не саступаў, калі былі нейкія наезды на нас. Асабліва памятаецца, калі падыходзілі на нашыя пікеты рознага кшталту адстаўнікі і называлі нас нацыяналістамі. Тады выходзіў Фарманян, відавочна вонкава не беларус, і даваў адказ на ўсе правакацыйныя пытаньні. Прычым заўсёды размаўляў па-беларуску, чым ставіў у тупік нашых апанэнтаў — тыя папросту ня ведалі, што адказваць», — кажа Сяргей Мальчык.
Згадваецца Мальчыку і Менская акцыя 1996 году, калі Фарманян быў у першых шэрагах перад міліцэйскім шыхтом. І той здымак, які потым абляцеў усе, нават замежныя СМІ, сьведчыць якраз пра таго Фарманяна, якога ён ведаў.
ён быў проста бясстрашным чалавекам. Нават калі міліцыянты білі яго дручкамі, цякла кроў, ён не выпускаў бел-чырвона-белы сьцяг і спрабаваў дамаўляцца зь імі па-людзку.
«Папраўдзе ён быў проста бясстрашным чалавекам. Нават калі міліцыянты білі яго дручкамі, цякла кроў, ён не выпускаў бел-чырвона-белы сьцяг і спрабаваў дамаўляцца зь імі па-людзку, каб спыніць супрацьстаяньне. Вось у гэтым быў увесь Фарманян, ягоны характар», — гаворыць Сяргей Мальчык.
«Пасьля таго, як Беларускі народны фронт раскалоўся на некалькі арганізацый, — згадвае Мальчык, — Фарманян заўсёды толькі сумна паўтараў: «Што вы робіце, хлопцы?..»
У Маскве выратавала беларуская мова
Сябра БНФ у 90-я Георгі Астроўскі даволі блізка ведаў Фарманяна. Разам бралі ўдзел у палітычных акцыях, стаялі на пікетах, езьдзілі ў вандроўкі. Астроўскі згадвае, што грамадзянства Беларусі было для Фарманяна не пустым гукам і ён ганарыўся тым, што мае беларускі пашпарт.
Астроўскаму ўспомніўся выпадак, калі Фарманян паехаў у Маскву па лекі для хворай жонкі.
«Гэта было якраз падчас першай Чачэнскай вайны. Фарманяна на вакзале затрымалі міліцыянты, як затрымлівалі тады ўсіх людзей каўказскага выгляду. Ён паказаў пашпарт, сказаў, што зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, але яго нават не хацелі слухаць, пацягнулі ў пастарунак, там пачалі біць, адабралі грошы. А ён увесь час настойваў на тым, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь і патрабаваў, каб выклікалі беларускага консула. Консул прыехаў і, пачуўшы беларускую мову армяніна, прыклаў усе намаганьні, каб яго выпусьцілі з пастарунку», — успамінае Георгі Астроўскі.
Знаўца творчасьці Ларысы Геніюш
Яшчэ Астроўскаму запомнілася, як Фарманян ня толькі цікавіўся, але і шанаваў беларускіх нацыянальных герояў. Аднойчы разам яны былі ў Зэльве, адзначалі чарговую гадавіну з дня нараджэньня Ларысы Геніюш. І слова на ейнай магіле ўзяў Фарманян.
«Ён тады расказаў столькі цікавінак зь біяграфіі Ларысы Геніюш! Так глыбока ведаў яе чалавечыя якасьці, яе лёс, распавёў пра ГУЛАГ, які ёй давялося прайсьці, пра пакуты ад савецкай улады. І я тады зразумеў, што беларускасьць для яго не пустое слова», — кажа Георгі Астроўскі
Рыгора Фарманяна добра памятае горадзенскі актывіст БНФ Мікола Лемяноўскі. Ён згадвае, што Фарманян шмат у чым паўплываў на ягоную сьвядомасьць:
Калі ўбачыў і пачуў Фарманяна, ягоную беларускую мову, то быў папросту ўражаны.
«Я прыйшоў у Фронт не ад самага пачатку, трохі пазьней. Але калі ўбачыў і пачуў Фарманяна, ягоную беларускую мову, то быў папросту ўражаны. Я тады працаваў на рынку, побач са мной знаходзіліся ўсе нашыя тутэйшыя людзі, але па-беларуску не было з кім пагаварыць. А тут армянін, ды так зацята, прыгожа, з гумарам, заўсёды пазытыўна... Ён тады вельмі паўплываў на тое, каб я ўзяўся за кніжкі па гісторыі і беларускую літаратуру», — згадвае Мікола Лемяноўскі.
Пахаваны Рыгор Фарманян на Юр’еўскіх могілках непадалёк ад Скідзеля.