Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў з жыцьця аўтар сымфоніі «Курапаты» Кім Цесакоў, вучань Шастаковіча і сябар Быкава


20 сьнежня ня стала беларускага кампазытара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Кіма Цесакова, вучня кампазытара Дзьмітрыя Шастаковіча, аўтара сымфоніі «Курапаты», сябра Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна.

Кім Цесакоў нарадзіўся 20 лютага 1936 году ў Чэрвені. Пасьля заканчэньня Гомельскай музычнай вучэльні імя Несьцера Сакалоўскага і Новасібірскай дзяржаўнай кансэрваторыі Кім Цесакоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі імя Луначарскага, Менскай музычнай вучэльні імя Глінкі і сярэдняй спэцыяльнай музычнай школе пры кансэрваторыі, загадваў рэдакцыяй музычнай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Кім Цесакоў — ганаровы грамадзянін Чэрвеня, ляўрэат нацыянальнай прэміі імя Васіля Віткі і ўсесаюзных конкурсаў, узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.

«Квартэтны воўк»

Беларуская кампазытарка Галіна Гарэлава, якая была вучаніцай Кіма Цесакова, згадвае пра яго як пра вельмі сур’ёзнага кампазытара і чалавека з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй.

Гарэлава: Кім Цесакоў — адзін з маіх першых настаўнікаў. Калі я вучылася ў менскай музычнай вучэльні імя Глінкі, ён вёў у мяне кампазыцыю. Быў вельмі сурʼёзным выкладчыкам, патрабаваў ад нас бяз спуску, ставіў жорсткія рамкі і меў на гэта права, бо быў сапраўдным прафэсіяналам. Ён, можа, не стварыў запамінальных кампазыцыящ, як Лучанок ці Смольскі, але як прафэсіянал ён вельмі запомніўся сваімі квартэтамі. Ён сябе жартам называў «квартэтным ваўком». Я акурат іх нядаўна аналізавала, калі мне патрэбны быў матэрыял для падручніка беларускай паліфаніі, і паглядзела, наколькі прафэсійна зроблена, чаго цяпер, на жаль, няма.

Галіна Гарэлава
Галіна Гарэлава

Ён быў чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Браў для творчасьці тэмы, якія прапускаў празь сябе, але пры гэтым яны тычыліся вельмі многіх. Ягоная мона-опэра для аднаго жаночага голасу — абсалютна новы жанр. Ён напісаў опэру «Верабʼіная ноч», прысьвечаную вайне. Гэта тое, што было ў беларускім мэнталітэце — пік, квінтэсэнцыя трывогі, чаканьня нечага дрэннага, што разбурае ўклад жыцьця.

Ягоную сымфонію «Курапаты» я памятаю вельмі добра. У нас быў вельмі добры дырыгент Юры Яфімаў, які яе выконваў. І гэтая тэма на яго асобу таксама трагічна паўплывала, ён пасьля гэтага неўзабаве памёр. Мяне гэтая сымфонія щразіла сваёй шчырасьцю і трагізмам. У творчасьці Кіма Цесакова была і трагедыя Курапатаў, і трагедыя вайны для беларусаў у ХХ стагодзьдзі. «Верабʼіная ноч» — гэта трагедыя вайны, а сымфонія «Курапаты» — гэта іншы бок трагедыі.

Гэта было вялікае пакаленьне — пакаленьне Смольскага, Картэса, Лучанка, Цесакова, Мдзівані. Чацьвёра зь іх сышлі адзін за адным. Спачатку Картэс, потым Смольскі, праз год Лучанок, а цяпер і Кім Цесакоў. Мне вельмі сумна, бо гэта ўсе мае настаўнікі, якія мяне шмат чаму навучылі. У нас былі з усімі даверлівыя адносіны. Гэта цяпер старэйшае пакаленьне не патрэбнае маладым, а тады для нас крыніцай ведаў былі нашы настаўнікі.

Адзіны твор беларускай музычнай клясыкі, прысьвечаны Курапатам

4 сьнежня павінна было адбыцца выкананьне сымфоніі «Курапаты» Кіма Цесакова ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. Сымфонія мела вярнуцца да слухача ў тым ліку на прапанову ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў». Але напярэдадні Саюз кампазытараў паведаміў, што ў сувязі з сыходам старшыні праўленьня Саюзу кампазытараў Беларусі Ігара Лучанка пленум СКБ, да якога было прымеркаванае выкананьне, пераносіцца на сакавік наступнага году.

Сымфонія № 4 «Курапаты», завершаная Кімам Цесаковым 8 лютага 1990 году, — гэта адзіны твор беларускай музычнай клясыкі, прысьвечаны Курапатам, ён з посьпехам выконваўся ў Беларусі і шэрагу іншых краін. Музыкай сусьветнага ўзроўню назваў сымфонію «Курапаты» вядомы дырыгент, народны артыст СССР Яўгеній Сьвятланаў, —​ піша «Новы час».

«Творчасьць Кіма Цесакова даўно здабыла папулярнасьць і стала вельмі значнай часткай музычнай культуры Беларусі, — адзначаецца на сайце Саюзу кампазытараў Беларусі. — Яна ахоплівае амаль усе існыя жанры сучаснасьці. Кампазытар стварыў болей за сто дваццаць пяць буйных твораў. Гэта — дзьве опэры, восем араторыяў і кантатаў, сем сымфоніяў, тры канцэрты для габоя і цымбалаў з аркестрам, дзесяць струнных квартэтаў, вакальныя, харавыя і інструмэнтальныя цыклі, музыка для дзяцей і юнацтва, для тэатру і кіно ды іншыя. Музыка кампазытара вабіць жывым подыхам сучаснасьці, яна нацыянальна афарбаваная, з несумненным уплывам фальклёру.

Творы Цесакова гучаць у Нямеччыне, Польшчы, Галяндыі, Бэльгіі, Люксэмбургу, Швэцыі, Францыі, Вялікай Брытаніі, Грэцыі і іншых краінах. Найбольшую папулярнасьць здабыў жанр струннага квартэту, у якім кампазытар даўно прызнаны лідэр (ім створана 10 квартэтаў). Большасьць зь іх у рэпэртуарах такіх вядомых калектываў, як квартэт імя Шастаковіча (Расея), квартэт імя Лысенкі (Украіна), Ковенскі квартэт (Літва), Менскі квартэт (Беларусь)».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG