«Сумна напярэдадні Калядных сьвятаў бачыць такую рэакцыю каталіцкай царквы ў дачыненьні да канцэпцыі закону аб папярэджаньні хатняга гвалту і да таго, чаго ў ёй не было», — сказала Свабодзе кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябра Нацыянальнай рады ў гендэрнай палітыцы Ірына Альхоўка, якая ўдзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі закону аб процідзеяньні хатняму гвалту.
Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў напярэдадні на прэсавай канфэрэнцыі, што каталіцкі касьцёл ня супраць прыняцьця ў Беларусі закону аб процідзеяньні хатняму гвалту, і што касьцёл, а таксама праваслаўная царква гатовыя супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі ўладамі ў выпрацоўцы гэтага дакумэнту. «На жаль, праект быў ужо падрыхтаваны, нам яго толькі паказалі, і ніякага супрацоўніцтва не было, на распрацоўку ніхто нас не заклікаў», — сказаў мітрапаліт.
Ён адзначыў, што найперш трэба выхоўваць чалавека, бо забаронамі нічога не дасягнуць. «Мы прызнаем, што найбольш церпяць жанчыны і дзеці, мы гэта прызнаем, мы супраць насільля, але ж мы хочам супрацоўніцтва», — адзначыў Кандрусевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталіцкі касьцёл выказаўся пра закон «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»Паводле Кандрусевіча, у праекце, які прапанавала МУС, «зьмяшалі ўсё разам». «Там ня толькі пра хатні гвалт. Там некаторыя пункты, якія нам вельмі цяжка прыняць. Напрыклад, эканамічнае насільле, што гэта такое? У адной сям’і дзіцяці дадуць тры рублі кішаньковых, а ў другой — рубель. Ці гэта насільле?» — сказаў ён.
«Другі пункт, зь якім не пагаджаецца касьцёл, — гэта паняцьце "гендэр", падкрэсьліў мітрапаліт. Гэта зусім ня можа быць прынята касьцёлам, — сказаў ён. — Папа Францішак кажа, што гендэр — гэта новая ідэалягічная калянізацыя. І мы выступілі супраць, і публічна».
Адна з распрацоўніц канцэпцыі законапраекту Ірына Альхоўка кажа, што ёй «незразумелы сэнс такіх выказваньняў, таму што больш як за два месяцы можна было б ужо разабрацца ў тым, што ж усё-ткі прапаноўвалася ў канцэпцыі закону, а чаго там не было і не магло быць. А менавіта, гендэру. Так і хочацца прапанаваць спрэчку на мільён таму, хто знойдзе хаця б адну згадку слова „гендэр“ у канцэпцыі», напісала яна на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Што прадстаўнікі царквы могуць зрабіць для таго, каб зразумець, што такое эканамічны гвалт у сямʼі? — пытаецца Ірына Альхоўка. — Можа, пагаварыць з пацярпелай жанчынай, чый муж дэмантаваў унітаз або прадаў халадзільнік, каб плаціць менш за ваду і электрычнасьць? Або па-сапраўднаму пасупрацоўнічаць з арганізацыямі, якія дапамагаюць ахвярам хатняга гвалту і могуць распавесьці сотні падобных гісторый?»
«Няма больш сіл чуць ад паважаных рэлігійных дзеячаў пра "тры рублі", — прызнаецца Ірына. — Калі ёсьць разуменьне актуальнасьці хатняга гвалту, павінна быць і жаданьне зразумець яго прыроду і карэнныя прычыны. Касьцёлы робяць вельмі шмат сацыяльнай працы, але і ў ёй павінны быць прафэсійныя стандарты».
Ірына Альхоўка згадвае выступ прадстаўніка Ватыкану ў АБСЭ тыдзень таму, прысьвечаны 70-годзьдзю Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Прамоўца казаў, што царква падтрымлівае канцэпцыю правоў чалавека, таму што чалавек ёсьць вялiкае Божае тварэньне і гэтае тварэньне трэба абараняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас перакручаны матрыярхат». Гарачая дыскусія праціўніц і прыхільніц закону пра гвалт у сям’іНа прэсавай канфэрэнцыі ў Менску мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што накіраваў на адрас Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў МУС лісты з крытыкай ідэі аб прыняцьці закону. Пры гэтым мітрапаліт ня лічыць гэта «ўмяшаньнем у палітыку, бо касьцёл і палітыка — розныя рэчы». «А ў справе маральнай мы павінны заняць сваю пазыцыю, і мы яе занялі», — дадаў ён.
— Гэта ж ня першая рэакцыя, і яна чаканая, — адзначае Ірына Альхоўка. — З аднаго боку, бачна, што пазыцыя каталіцкай царквы, мітрапаліта Кандрусевіча не зьмянілася. З другога боку, мне крыху сумна бачыць такую і абарончую пазыцыю, і нават абвінаваўчую рэакцыю ў дачыненьні да канцэпцыі закону і таго, чаго там не было. Асабліва напярэдадні Калядных сьвятаў і Новага году. Мне падаецца, што калі пасыл царквы — абʼядноўваць дзеля абароны тых, хто пакутуе ад хатняга гвалту, жанчын і дзяцей (як прызнае прадстаўнік каталіцкай царквы), то добра б гэты пасыл зрабіць больш пазытыўным, кшталту — давайце абʼяднаемся ў наступным годзе, вось каталіцкая царква мае такое разуменьне гэтай праблемы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я магу цябе забіць, і ніхто мяне ня спыніць». Што зьмяніла адмена закону аб хатнім гвалце ў РасеіЯ гэтага не пабачыла, таму мяне расстроіла і зьдзівіла ўзьняцьце гэтай праблемы ў тым жа ключы, у якім яна гучала больш за два месяцы таму. Зразумела, што пазыцыя не зьмянілася, а дзе ж рух наперад? Я ведаю, што дзяржава робіць спробы. Ёсьць сустрэчы паміж прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і прадстаўнікамі розных цэркваў, ёсьць спробы наладзіць дыялёг, тады давайце рухацца разам. Чаму ізноў такая абарончая пазыцыя?
— Вы кажаце, што робяцца спробы наладзіць дыялёг. Што адбылося за гэтыя больш чым два месяцы, як была згорнутая праца дзеля распрацоўкі законапраекту?
— Мне дэталі невядомыя. Я ведаю пра сам факт спробаў дыялёгу, што нават дыялёг адбыўся. На жаль, тое, у чым абвінавачвалі МУС і арганізацыі, якія бралі ўдзел у працы рабочай групы па ўдасканаленьні заканадаўства, якраз сёньня і адбываецца — дыялёг за зачыненымі дзьвярыма. Ні я, ні шырокая грамадзкасьць ня ведае, што адбываецца падчас гэтых спробаў. Я думаю, што праца ідзе ў рэчышчы выказваньня прэзыдэнта Беларусі пра тое, што неабходна ўдасканальваць існуючае заканадаўства, каб гэтыя праблемы вырашаў ня МУС, але і мясцовыя органы ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь бяз гвалту». 6 прапаноў ад людзей, як змагацца за закон, адхілены ЛукашэнкамНаступны год пакажа, наколькі ёсьць палітычная воля працягваць гэтую тэму і паглыбляцца ў яе, таму што праблема засталася. Праблемы, якія былі ў заканадаўстве, якія была закліканая вырашыць канцэпцыя і пасьля закон, ня зьніклі. Нічога не ўдасканальваецца, няма ніякіх прававых мэханізмаў, якія былі б прапанаваныя. Вядома, што цяпер адбываецца шмат унутраных узгадненьняў і выбудоўваюцца пазыцыі, якія будуць агучвацца ў наступным годзе.
* * *
МУС вынесла канцэпцыю праекту закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту» на грамадзкае абмеркаваньне сёлета ў ліпені. У кастрычніку дакумэнт плянавалі падаць кіраўніку дзяржавы. У праекце былі прапанаваныя меры прафіляктыкі і спыненьня гвалту ня толькі ў сямʼі, але і з боку былых мужа і жонкі або пар, якія калі-небудзь вялі агульную гаспадарку. Канцэпцыя была распрацаваная на падставе практыкі прымяненьня дзейных нарматыўных прававых актаў, навуковых дасьледаваньняў, а таксама найлепшых мэтадаў процідзеяньня хатняму гвалту, лічаць у МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»Яе асноўнай мэтай заяўлялася абарона правоў грамадзянаў, якія зазнаюць хатні гвалт. У дакумэнце былі выкладзеныя магчымыя паўнамоцтвы і парадак узаемадзеяньня зацікаўленых органаў, а таксама меры дапамогі пацярпелым, спосабы прэвэнтыўнага ўзьдзеяньня на бытавых агрэсараў.
5 кастрычніка дакумэнт жорстка скрытыкаваў Аляксандар Лукашэнка, а за ім супраць прыняцьця праекту выступілі шэраг царкоўных і кансэрватыўных грамадзкіх арганізацый.