Павел Кірылёнак жыве ў Барсэлёне, дзе працуе турыстычным гідам.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Лета для мяне — час, калi працы найбольш. Знаёмлю наведнiкаў Каталёнii з гэтай цудоўнай краiнай. Тым ня менш, заўсёды iмкнемся з жонкай прынамсi пару разоў за лета зьезьдзiць у нейкiя цiкавыя месцы як у Каталёнii, так i за яе межамi.
Гэтым летам у чэрвенi зьлёталi на некалькi дзён у Румынiю і па-сапраўднаму закахалiся ў Бухарэст ды ваколiцы. Вельмi калярытна, даволi танна і пакуль што ня так сапсавана масавым турызмам, як традыцыйныя эўрапейскiя кiрункi.
А у жнiўнi правялi няпоўны тыдзень у каталёнскiх Пiрэнеях, каб адпачыць ад барсэлёнскай сьпёкi ды натоўпаў турыстаў.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Адзiн вялiкi летнi ўспамiн майго дзяцінства — гэта канiкулы, якiя я заўсёды праводзiў у бабулi зь дзядулем у мястэчку Старобiн на Салiгоршчыне. Калi ж выбраць нейкi канкрэтны эпiзод, то, напэўна, тое, як мы зь дзедам пасьвiлi кароў. Рэчка, каровы, пуга, сала з гурком ды цыбуляй... Нiчога лепшага за гэта ў маiм дзяцiнстве не было, здаецца. Хiба што нарыхтоўка сена!
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Смартфон ды батарэю да яго. Здаецца, я стаў залежным ад трансляцыi свайго адпачынку ў сацыяльныя сеткi, таму не магу сабе ўявiць дарогу бяз гэтага. Для мяне гэта спосаб зафiксаваць свае ўражаньнi ды даць iм выйсьце, калi iх зашмат.
Чаму каштоўнаму вы навучыліся?
Лезучы на пiрэнейскiя вяршынi, зразумеў, як важна рэальна ацэньваць свае фiзычныя магчымасьцi. Ну, i што было б нядрэнна ўрэшце крыху пахудзець ды ўзяцца за здароўе ў цэлым:)
Якую музыку вы слухаеце, якія кнігі чытаеце?
Музыку слухаю мала, мне больш падабаюцца гукi падарожжа — грукат цягнiка, размовы людзей, на прыродзе — сьпевы птушак ды шум горнай рэчкi.
А чытаю цяпер больш публiцыстыку. Дасьпеў да таго, што жыцьцё цiкавейшае за лiтаратуру.
Гэтым летам быў на сустрэчы зь Сяргеем Жаданом у Барсэлёне ды набыў яго кнiгу «Iнтэрнат», але пакуль яшчэ ня прачытаў, на жаль.
Тэлефон, інтэрнэт уключаны ці выключаны?
Ужо адказаў вышэй. Уключаны заўсёды ды паўсюль.
Што вы дазваляеце сабе толькі на вакацыях?
Есьцi ў рэстарацыях кожны дзень.
Якая вашая парада на адпачынак?
Рабiць яго як мага часьцей. Мы маем адно жыцьцё і ня ведаем, калi яно скончыцца, таму працаваць зашмат дзеля нейкай мэты ў будучынi — вялiкая памылка, як па мне.