Ідэя сучаснай беларускай нацыі ўзьнікла ў асяродзьдзі філяматаў-філярэтаў — таемнага таварыства студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту. А паколькі мы ведаем дакладны год стварэньня гэтага таварыства, мы з дакладнасьцю можам назваць і год узьнікненьня беларускай нацыянальнай ідэі — 1817. Гэта значыць, што сёлета юбілей — 200 гадоў. Праз сто гадоў, у 1918-м, ідэя ўвасобіцца ў сучасную нацыю, а нацыя дасягне вяршыні свайго нацыянальнага існаваньня — абвесьціць незалежную беларускую дзяржаву БНР.
— А гэта праўда, што філяматы былі масонамі? — спытаўся Маленькі Прынц.
— Масонства натуральным чынам ідзе поруч зь беларушчынай праз усю яе гісторыю, — адказаў Майстар. — Масонамі былі таксама і айцы-заснавальнікі БНР браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч. Калі думаеш пра іхныя неверагодныя здольнасьці, проста захоплівае дух.
— Няйначай дух сусьветнага панаваньня, — усьміхнуўся Маленькі Прынц.
— Ну глядзі, — не зьвярнуў увагі на іронію Майстар. — Яны прывялі сучасную беларускую нацыю да ўласнай дзяржаўнасьці. А Тарашкевіч у міжваенны час пад польскай акупацыяй заходняй Беларусі стварыў там найбуйнейшую ў Эўропе грамадзкую арганізацыю — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, у якой было 100 тысяч чалавек.
— Ты хочаш сказаць, што яны былі такія магутныя, дзякуючы масонству?
— Я хачу сказаць, што іхная дзейнасьць характарызуе таксама і масонства — рух удасканаленьня сьвету праз удасканаленьне сябе самога. Але пра масонства існуе цэлае мора літаратуры, ня буду табе пераказваць. Што праўда, напісана і шмат небыліц. Сёлета, між іншым, сусьветнае масонства адзначае свае 300-я ўгодкі. Яшчэ адзін юбілей. І каб скончыць зь юбілеямі, варта згадаць 500-я ўгодкі кнігі Скарыны, якога беларускія масоны прызнаюць за протамасона, як палякі, напрыклад, лічаць протамасонам Каперніка.
— Хіба беларускія вольныя муляры існуюць і сёньня? — зьдзівіўся Маленькі Прынц.
— Так. Але беларускага масонства пакуль няма, — уздыхнуў Майстар. — Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе ўсё яшчэ няма сваёй Вялікай лёжы. Але рэгулярныя беларускія лёжы ёсьць і працуюць у юрысдыкцыях Літвы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны.
Для таго, каб на тэрыторыі якой-небудзь краіны ўзьнікла масонская юрысдыкцыя, трэба, каб мінімум тры рэгулярныя лёжы стварылі Вялікую лёжу гэтай краіны. Пры гэтым трэба, каб вялікія майстры прызнаных юрысдыкцыяў унесьлі ў краіну сьвятло — так называецца гэты рытуал. Прызнаньне — гэта ўвогуле галоўная сіла, якой валодаюць масонскія юрысдыкцыі. Асабліва істотнае прызнаньне Вялікіх лёжаў Англіі, Францыі, Нямеччыны і іншых уплывовых краінаў.
— Гэта ўжо нейкая палітыка, — заўважыў Маленькі Прынц.
— Масоны не займаюцца палітыкай у сваіх лёжах, — адказаў Майстар. — Гаварыць пра палітыку і рэлігію там забаронена. Але ўплывовасьць той ці іншай краіны сапраўды павялічваецца ці памяншаецца ў залежнасьці ад таго, які статус краіны ў масонскім сьвеце. Напрыклад, калі ў Беларусі няма масонства, дык шмат для каго ў сьвеце і сувэрэнітэт краіны выглядае даволі сумнеўна. І наадварот, прызнанае масонства паляпшае імідж краіны. Рэч у тым, што, ня гледзячы на «таемнасьць» масонства, яно ня можа працаваць у падпольлі і Вялікая лёжа мусіць абавязкова мець афіцыйную рэгістрацыю. А гэта, сам разумееш, пытаньне даверу да дзяржавы, якая такую рэгістрацыю дазваляе. Усе масоны сьвету — браты, яны наведваюць працы лёжаў у іншых краінах і пачуваюцца там, як дома. А калі ўлічыць, што сярод масонаў не бывае людзей выпадковых ці нявартых (умовы ініцыяцыі — чалавек мусіць верыць у Бога, быць вольным і мець добрую рэпутацыю), зразумела, чаму так шмат масонаў — лідэры ў тых сфэрах дзейнасьці, якімі яны займаюцца. У некаторых краінах масонства ўзначальваюць кіраўнікі дзяржаваў, бо па-за лёжай кожны мае права займацца сваёй справай, у тым ліку і палітыкай.
— Ну і што павінна адбыцца, каб у Беларусі зьявілася свая Вялікая лёжа? — спытаўся Маленькі Прынц.
— Сюды павінна прыйсьці сьвятло. Пакуль што Беларусь з масонскага гледзішча ў цемры, гэта «дзікая тэрыторыя».
Пазалетась усе беларускія лёжы, якія працуюць у іншых юрысдыкцыях, стварылі дэклярацыю аб намеры закласьці сваю Вялікую лёжу. А летась у Варшаве вялікія майстры Літвы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны падпісалі дамову пра тое, што яны разам прынясуць сьвятло ў Беларусь. Праўда, пазьней Расея выйшла з гэтай дамовы, бо яна хоча асьвяціць беларускую Вялікую лёжу сама. Тут накладаецца расейскі стэрэатып Беларусі як «недакраіны», часткі «русского мира», а расейскае масонства ўключанае ў крамлёўскія структуры. Ня дзіва, што вялікі майстар Андрэй Багданаў выступаў у 2008 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах кандыдатам і спарынг-партнэрам Дзьмітрыя Мядзьведзева. Праўда, усё гэта, мякка кажучы, да праўдзівага масонства ня мае дачыненьня. І таму тры беларускія лёжы, якія Вялікая лёжа Расеі стварыла ў сваёй юрысдыкцыі, пачалі рассыпацца. Браты не захацелі рабіць штосьці на шкоду сваёй краіне і яе сувэрэнітэту. Пры гэтым пасьля аднабаковага выхаду Расеі з Варшаўскае дамовы сама гэтая дамова існаваць не перастала, і падрыхтоўка Вялікай лёжы Беларусі працягваецца.
— Проста нейкае паралельнае жыцьцё, — адзначыў Маленькі Прынц.
— Гэта жыцьцё рытуальнае, — сказаў Майстар. — Тое, чаго сапраўды бракуе беларусам. Калі ты ўдзельнічаеш у рытуале, ты як бы робіш крок ад сябе штодзённага і бачыш сябе збоку — які ты, як ты жывеш, што табе варта зьмяніць у сваім жыцьці, што палепшыць.
— Як у царкве? Масонства — гэта рэлігія?
— Гэта рэлігійна-філязофскае таварыства, дзе пытаньні веры тлумачацца практычнымі інструмэнтамі: навугольнік, цыркуль, малаток і г.д. Духоўнае становіцца зразумелым на ўзроўні рамяства. Нездарма ж масонства называюць яшчэ каралеўскім мастацтвам. У гэтым сэнсе сапраўды многім зьнявераным беларусам, якім традыцыйныя цэрквы не прыносяць адхланьня, яго можа даць масонскі храм. У мяне няма сумневу, што калі б БНР не была акупаваная бальшавікамі (а яны, як і нацысты, вынішчалі вольных муляраў), у сучаснай Беларусі масонаў было б вялікае мноства, як у найбольш пасьпяховых краінах сьвету.
Працяг будзе