Гарадзкія ўлады Менску вярнулі касьцёлу Сьвятога Роха (таксама вядомы як касьцёл Найсьвяцейай Тройцы на Залатой горцы) участак зямлі ў 2 га, на якім некалі разьмяшчаліся каталіцкія могілкі, перадае Польскае радыё.
Паводле словаў пробашча парафіі Сьвятой Тройцы ксяндза Юрыя Санько, на ўчастку зьбіраюцца збудаваць палявы алтар, будынак апекі для пажылых і дзіцячую пляцоўку.
Таксама мае быць усталяваны помнік са зьвесткамі пра колішнія Залатагорскія могілкі, зьнішчаныя бальшавікамі. На гэтых могілках хаваць парафіянаў каталіцкіх і ўніяцкіх прыходаў пачалі яшчэ пры канцы XVIII стагодзьдзя, там былі «халерныя могілкі», магілы францускіх салдатаў Напалеона і польскіх салдатаў, загіблых у савецка-польскай вайне.
Драўляная капліца на могілках зьявілася ў 1796 годзе, а ў 1842 годзе капліца стала парафіяльным касьцёлам. У 1860-х быў збудаваны мураваны касьцёл у рэтраспэктыўна-гатычным стылі, пры ім пазьней пачала працаваць школа арганістаў. У 1922 годзе бальшавікі канфіскавалі ў касьцёла каштоўнасьці, у 1930-м зачынілі касьцёл. У 1983 годзе касьцёл адрэстаўравалі і разьмясьцілі ў ім канцэртную залю філярмоніі. Набажэнствы і парафія Найсьвяцейшай Тройцы аднавіліся ў 1991 годзе, а ў 2006-м будынак канчаткова вярнулі парафіі.