Як высьветліла Свабода, адбываецца не рэканструкцыя, а вымушаныя працы па захаваньні касьцёла — ужо некалькі год на скляпеньнях і сьценах зьяўляюцца нехарактэрныя трэшчыны.
«Адбываецца захаваньне гістарычнага помніка, — сказаў Свабодзе пробашч, ксёндз Юры Санько. — Гэта вымушаная праца».
Па словах пробашча, працы па захаваньні касьцёла вядуцца з 2013 году. Калі на сьценах пачалі зьяўляцца нехарактэрныя трэшчыны, правялі татальнае абсьледаваньне будынку.
«Гэта было неабходна рабіць. Мы б не перазімавалі гэтую зіму. Настолькі была разбурана кроквенная сыстэма. Была б вялікая бяда, каб вялікі сьнегапад здарыўся».
Выявілася, што дах, які абнавілі ў 1986 годзе, зроблены не паводле праекту. Цяжкую дахоўку паклалі на кроквенную сыстэму, якая была прадугледжаная пад бляху.
Тады было вырашана ўзмацніць кроквенную сыстэму. Але разьмеркаваньне было неадпаведнае, і ўся нагрузка ад 75-тоннага даху пайшла не на сьцены, а на скляпеньні.
«Для касьцёлаў не характэрна, каб клалася дахоўка, — сказаў Санько. — Можа, калісьці ў 13–14 стагодзьдзях, калі будаваліся сьвятыні абарончага тыпу. А пазьней рабіліся драўляныя насьцілы ці са звычайнай бляхі. Калі па-багатаму — клалі медзь. Я ня думаю, што Радзівілы не маглі сабе дазволіць пакласьці дахоўку. У Нясьвіжы касьцёл не дахоўкай крыты».
У 2013 годзе на адной з трэшчын паставілі метку. Яе разарвала ўжо праз тры месяцы. Тады было вырашана неадкладна праводзіць працы па захаваньні касьцёла. Праект быў узгоднены зь Міністэрствам культуры.
«Было паказана дакумэнтальна, што гэта аварыйная сытуацыя, — кажа Санько. — І людзям забаранялася знаходзіцца ўсярэдзіне, калі ўзьнікалі вялікія нагрузкі на дах».
Каб узмацніць сьцены, будзе зроблены бэтонны пояс з мэталам. Таксама цалкам замяняецца дах і кроквенная сыстэма — яе зробяць з бэлек, а ня з дошак, як раней. Замест цяжкой літоўскай дахоўкі ўжо куплены бэльгійскі дахавы матэрыял мэтрабонд. Як і дахоўка, ён чырвонага колеру. Але мае ў два разы большы за мэталадахоўку тэрмін прыдатнасьці і нашмат лягчэйшы. Новы дах будзе важыць 18 тон.
Па словах пробашча, ніякіх зьменаў у інтэр’еры не адбудзецца. Да таго ж касьцёл не зачынялі для вернікаў. Штодня ўвечары і ў сьвяточныя дні, калі будаўнікі не працуюць, тут правіцца імша.
Завяршыць працы плянуюць да кастрычніка, калі адбудзецца фэстываль духоўнай музыкі «Залатагорская ліра».