У навукова-экалягічным Цэнтры выратаваньня дэльфінаў «Дэльфа» паведамілі аб гібелі ня менш як 10 дэльфінаў у выніку разьліву нафтапрадуктаў пасьля аварыі двух расейскіх танкераў.
«З 15 сьнежня, з моманту надзвычайнай сытуацыі, да 22 сьнежня зафіксавана 10 азовак, прычынай гібелі якіх можа быць разьліў мазуту», — адзначаецца ў паведамленьні эколягаў.
У Алексіне, за 60-70 кілямэтраў ад Анапы, 22 сьнежня знайшлі адразу 8 мёртвых дэльфінаў — 6 на беразе і 2 у вадзе. Паводле эколягаў, гэта ўжо кваліфікуецца як масавы выкід.
«На прыбярэжнай тэрыторыі Краснадарскага краю такія выпадкі зусім рэдкія. Гэта надзвычайна трывожная сытуацыя», — паведамілі ў Цэнтры выратаваньня дэльфінаў.
Эколягі ўзялі пробы для далейшага расьсьледаваньня прычын масавай гібелі дэльфінаў.
Азоўка — падвід дэльфінаў, якія жывуць невялікімі групамі да 10 асобін. За апошнія 100 гадоў папуляцыя гэтага віду дэльфінаў значна скарацілася. Згодна з клясыфікацыяй Міжнароднага зьвязу аховы прыроды, азоўцы прысвоілі статус жывёлаў, якія знаходзяцца ў небясьпечным становішчы. Паводле некаторых зьвестак, у канцы 1990-х гадоў агульная папуляцыя гэтага падвіду дэльфінаў не перавышала 10 тысяч асобін.
15 сьнежня ў штармавых умовах у Керчанскай пратоцы пацярпелі аварыю два расейскія судны з нафтапрадуктамі — «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239».
МНС Расеі паведаміла пра гібель аднаго марака. У выніку стыхіі адбыўся разьліў нафтапрадуктаў. Маштабы пакуль невядомыя.
Як паведамілі расейскія СМІ, «Волгонефть-212» перавозіла 4300 тон мазуту. Выданні Shot і Baza сьцьвярджаюць, што прыкладна такая ж колькасьць нафтапрадуктаў была і на борце «Волгонефть-239».
Па факце катастрофы расейскія сілавікі завялі дзьве крымінальныя справы.
Эколягі мяркуюць, што гэтая аварыя паўплывае на экалёгію ў рэгіёне на доўгія гады.
Форум