Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарай: Вы ж ня пойдзеце на дрэннае кіно? Таму ў нас і ня ходзяць на футбол


Барысаўскі БАТЭ бясслаўна завяршыў выступ на групавой стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Прайграўшы гішпанскаму «Атлетыку» 0:2, беларуская каманда ўсталявала антырэкорд самага прэстыжнага эўракубку — у шасьці матчах выхаванцы Аляксандра Ермаковіча прапусьцілі 24 мячы, адказаўшы толькі двума сваімі. Дагэтуль дасягнуць падобнай дыспрапорцыі не ўдавалася яшчэ нікому. Барысаўцы без варыянтаў занялі апошні радок у сваім квартэце. Сёньня ў паядынку Лігі Эўропы з італьянскай «Фіярэнцінай» ні за што ўжо не спрачаецца і менскае «Дынама». Дык дзе рэальнае месца беларускага футболу?

У сёлетніх кантынэнтальных баталіях упершыню стартавалі адразу два беларускія клюбы. Але ўжо першыя гульні з ня самымі славутымі супернікамі паказалі: пакуль што аб’ектыўнае месца айчынных майстроў мяча — у апошніх шэрагах усясьветнага футболу. Дастаткова зірнуць на статыстыку 11-разовага чэмпіёна Беларусі на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў: 0:2, 0:3, 0:5, 0:6, 0:7. На гэтым тле адзіная хатняя перамога над «Атлетыкам» зь Більбаа (2:1) выглядае збольшага недарэчнасьцю.

Наўрад ці можна аднесьці да ўдалага і дэбют сталічных дынамаўцаў у другім паводле значнасьці эўракубку — Лізе Эўропы: 1 ачко ў пяці матчах, розьніца мячоў — 1-13. Сёньняшняя сустрэча з італьянцамі паўплывае хіба што на спробу дагнаць у сумнай статыстыцы барысаўскіх калегаў.

Дык чаго не хапае беларускаму футболу, каб заявіць пра сябе на міжнароднай арэне? Меркаваньне выказвае вядомы ў мінулым савецкі футбаліст, адзін з начальнікаў нацыянальных зборных, заслужаны трэнэр Беларусі Леанід Гарай:

«Ну, чаго не хапае? Давайце шчыра гаварыць, бо гэта тычыцца ня толькі футболу, але і іншых сфэраў — у майстэрстве саступаем. Не хапае майстэрства, хоць ты трэсьні. Калі канкрэтна пра футбол, то бракуе тэхнічнай падрыхтоўкі. Усё ж адстаём, пагадзіцеся, ад заходніх камандаў, ня кажучы ўжо пра лацінаамэрыканскія, бо тэхніка выкананьня — гэта таксама вялікая справа. Бо трэба ўмець і спыніць мяч, і рух зь ім зрабіць, так ці не? У тэхніцы саступаем адназначна. У тактыцы — ня думаю, бо тактыку лягчэй за ўсё распрацаваць, праўда, зноў жа, трэба, каб былі выканаўцы гэтай тактычнай задумы. Калі, скажам, гуляць з адным форвардам — трэба, каб гэты форвард валодаў прыстойнай хуткасьцю, уменьнем перагуляць абаронцаў. Вяртаемся да пачатку — не хапае спартовага майстэрства. Валявыя якасьці ёсьць, жаданьне абараняць гонар краіны — таксама ёсьць. А не хапае майстэрства — усё».

Валявыя якасьці ёсьць, жаданьне абараняць гонар краіны — таксама ёсьць. А не хапае майстэрства — усё

Назіральнікі заўважаюць, што той жа барысаўскі БАТЭ з зыходам галоўнага трэнэра Віктара Ганчарэнкі страціў характэрную для каманды напорыстасьць, прагу змагацца да апошняга. Наколькі важная асоба настаўніка для гульцоў, альбо каманда мусіць быць моцная перадусім калектыўным розумам? Леанід Гарай лічыць наяўнасьць аўтарытэтнага спэцыяліста адным з вырашальных фактараў:

«Я лічу, што справа якраз у трэнэры, ніяк не інакш. Не кажу нават пра іх індывідуальнае майстэрства, бо кожны трэнэр прыходзіць з канкрэтнай тактычнай задумай. Але факт, што найперш трэнэр павінен быць добрым арганізатарам і псыхолягам, мусіць вельмі добра адчуваць людзей.

Я не хачу кагосьці і ў чымсьці абвінавачваць, але выглядае, што пакуль не хапае майстэрства. Бо, як на маё перакананьне, уся справа ў трэнэрскім складзе. І калі такія вынікі, то не хапае трэнэрскага мастацтва. Прыкладам, у вас на радыё ёсьць карэспандэнты: адны валодаюць здольнасьцю, уменьнем выклікаць прыхільнасьць людзей да сябе, і яны прасоўваюцца наперад. А ў іншых такой якасьці няма. Таксама і ў некаторых нашых спэцыялістаў не хапае такога вось трэнэрскага мастацтва, трэнэрскага майстэрства. То бок, ён, можа, і футбаліст быў добры, і спартовец выдатны, а трэнэрская праца — ну, нікуды, не атрымліваецца».

Футбол у Беларусі даўно не зьбірае аншлягі на стадыёнах, а навацыі з правіламі правядзеньня нацыянальнага першынства, у выніку якіх колькасьць камандаў вышэйшай лігі зьменшылася да тузіну, адвадзілі ад гульні № 1 апошніх прыхільнікаў. Менавіта пустыя трыбуны, канстатуе Леанід Гарай, яскрава дэманструюць рэальнае месца футболу ў краіне:

«І вы, і я — усе мы перажываем за футбол. Асабіста для мяне — гэта праца, гэта маё жыцьцё, бо ўся мая біяграфія зьвязаная з футболам. Таму надзвычай цяжка глядзець, калі падчас гульні трыбуны пустыя. Хіба што ў Барысаве арэна запаўняецца на 3-4 тысячы, а з такімі вынікамі — і столькі ня будзе. Пагадзіцеся: вы пойдзеце ў кінатэатар, у тэатар, калі паказваюць добры фільм ці даюць спэктакль. Нават сярод людзей ідзе пагалоска: ой, які клясны фільм, якая пастаноўка. Усе стараюцца пайсьці, пасьпець купіць білецік. Гэтак жа і з наведвальнасьцю стадыёнаў. Не хачу тысячу разоў паўтарацца, хваліць сябе і сваіх сяброў, але калі мы працавалі ў 1980-х, тады людзі адчувалі, што мы рухаемся да званьня чэмпіёнаў СССР, усё дзеля гэтага робім. І валам валілі. Якія гульні! „Дынама“ (Кіеў), „Дынама“ (Масква), „Дынама“ (Тбілісі)... Проста трэба працаваць і яшчэ раз працаваць, у тым ліку над сабой. Ну, і, канечне ж, шмат будзе залежаць ад таго, якія шляхі прапануе фэдэрацыя: каб запрашаць спэцыялістаў, каб камандзіраваць на нейкія курсы. Карацей, вы мяне зразумелі...»

Аналягічная сытуацыя і вакол нацыянальнай зборнай Беларусі. Распачаўшы адборачны турнір да Эўра-2016, ва ўдалым выніку якога спартовыя функцыянэры нават не сумняваліся, беларусы шакавалі сваіх прыхільнікаў, не атрымаўшы ніводнай перамогі ў чатырох першых матчах. У сьпешным парадку галоўны трэнэр Георгі Кандрацьеў быў заменены на маладога спэцыяліста Аляксандра Хацкевіча, які дагэтуль досьвед працы з галоўнай камандай меў толькі ў якасьці гульца. Ці прынясе нейкую карысьць такая замена — той жа Леанід Гарай сумняецца. Як паказвае практыка, нават выбітны футбаліст аўтаматычна не становіцца добрым трэнэрам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG