Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяціборац Краўчанка: Родная мова — галоўная рыса нашай адметнасьці


Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

Месяц таму пасьпяховы шматборац Андрэй Краўчанка быў адным з фронтмэнаў Першага нацыянальнага спартовага фэстывалю Мова Cup, ініцыяванага іншай прадстаўніцай вялікага спорту, плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй.

Для многіх стала нечаканасьцю, калі Андрэй выступіў зь вітальным словам па-беларуску, пажадаўшы арганізатарам зрабіць імпрэзу рэгулярнай. Такім чынам, 28-гадовы Краўчанка папоўніў абойму вядомых спартоўцаў, якія публічна выказаліся пра важнасьць ідэнтыфікацыі сябе беларусам. Зь ім пагутарыў Ігар Карней.

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

— Андрэй, пры канцы верасьня на базе Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, дзе мы цяпер і гутарым, прайшоў фэстываль Мова Cup. Шмат было ўдзельнікаў, гледачоў. Наколькі, з твайго гледзішча, удалы фармат — праз спорт падвысіць цікавасьць да роднай мовы і наадварот?

— Мова Cup — вельмі добрае мерапрыемства ўжо хоць бы таму, што людзі могуць адчуць спартовы настрой, спартовыя эмоцыі; могуць рэальна паспрабаваць сябе ў самых розных відах спорту. Як на маё адчуваньне, удзельнікам такі фармат спадабаўся, і спадзяюся, што фэстываль стане штогадовым. Увогуле для мяне гэта было неяк вельмі па-беларуску, атрымалася гэткае народнае мерапрыемства. Калі людзі і аб’яднаныя пэўнай ідэяй, і спрабуюць сябе ў відах спорту, у якіх заўзеюць за любімых спартоўцаў. Аматарам — карысна, а спартоўцам такая ўвага надзвычай прыемная.

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

— На ўсясьветных, эўрапейскіх стартах спартоўцы прадстаўляюць сваю нацыю, размаўляюць на сваёй мове. І толькі беларусы расплываюцца ў расейскамоўным асяродзьдзі, з-за чаго ўспрымаюцца «рускімі». Наколькі ў гэтым сэнсе важна ідэнтыфікаваць сябе беларусам?

— Сапраўды, калі мы едзем у іншыя краіны, то карыстаемся расейскай мовай. Асабіста для мяне такая сытуацыя ня вельмі прыемная, таму што ўсе астатнія навокал размаўляюць па-свойму, на сваіх родных мовах. Мне, прыкладам, куды прыемней было б размаўляць па-беларуску. Па-першае, трэба памятаць свае карані, традыцыі, па-другое, хочацца індывідуальнасьці. Свая, родная мова — гэта адна з галоўных рысаў адметнасьці. Таму я стараюся гаварыць па-беларуску, таму і быў удзельнікам Мова Cup.

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

— Апошнім часам шмат прыкладаў прыхільнага стаўленьня да беларускай мовы, гісторыі ідзе якраз ад спартоўцаў: Аляксандра Герасіменя, Аліна Талай, Віталь Радыёнаў, Тацяна Драздоўская, цэлая плеяда са школы адзінаборстваў. Цяпер вось Андрэй Краўчанка. Чаму раптам такі ўсплёск?

— Таму што мы, напэўна, часьцей за іншых адчуваем гэта непасрэдна на сабе. У тым ліку бываючы ў іншых краінах — нават, можа, гэта і ёсьць першапрычына. Яшчэ раз кажу: асабліва на міжнародных спаборніцтвах выглядае дзіўна, што ўсе размаўляюць на сваіх мовах і толькі мы — па-расейску. Бальшыні, вядома, усё роўна, але многім за такое баліць. Ня ўсе жадаюць, каб нас лічылі расейцамі толькі за тое, што мы гаворым на іх мове. Хацелася б нешта ў гэтай сытуацыі паспрабаваць зьмяніць.

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

— Андрэй, твае дасягненьні — безь перабольшваньня ўнікальныя. Атлеты ў іншых дысцыплінах рыхтуюцца гадамі, але не дацягваюць нават да сярэдняга ўзроўню. А тут — столькі відаў адразу, і такія вынікі. У якім узросьце зразумеў, што можаш быць «унівэрсальным салдатам»?

— Больш-менш асэнсавана разуменьне ўнівэрсальнасьці прыйшло пазьней, а ўвогуле сур’ёзна пачаў займацца лёгкай атлетыкай з 14 гадоў. Ня ведаю чаму, але адпачатку хацелася, каб было менавіта шматбор’е, хоць тады толкам нават не ўяўляў, што ў яго ўваходзіць. Можа, гэта від спорту знайшоў мяне, а ня я яго (сьмяецца). Таму, мабыць, і атрымалася, што літаральна са старту пайшло такое добрае разьвіцьцё і ўжо праз 6 месяцаў я выйграў чэмпіянат краіны ў васьмібор’і па сваім узросьце. Вось так усё паступова пачало разьвівацца, разьвівацца, і цяпер ужо разумею, што ў прынцыпе чагосьці ў гэтай дысцыпліне я дасягнуў.

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

— Людзі, якія спэцыялізуюцца на нечым адным у той жа лёгкай атлетыцы, нярэдка выказваюцца наконт таго, што шматборцы ня могуць быць дасканалымі ў ніводным відзе, бо «распыляюцца».

— У маім разуменьні так могуць гаварыць толькі неадукаваныя і недалёкія людзі. Асабліва крыўдна, калі так выказваюцца лёгкаатлеты. Бо насамрэч, калі зірнуць на цяперашнія тэндэнцыі, то сёньня дзесяціборцы паказваюць вынікі на такім узроўні, што ня надта адстаюць ад асобных відаў. А вось калі ўзяць любога спартоўца-прафэсіянала, якія выступае ў асобных дысцыплінах, і даць яму выступіць у дзесяцібор’і, ён і блізка не пакажа таго ўзроўню, які паказвае ў сваім відзе. Выходзіць, што ў комплексе мы нашмат мацнейшыя, чым яны. Таму вось так казаць, я лічу, сама меней непрыгожа.

— Дзесяціборцы, хіба за рэдкім выключэньнем, — не набор біцэпсаў, не «качкІ», а стройныя, падцягнутыя хлопцы. Адкуль сілы на столькі выпрабаваньняў? Усё, як кажуць, на жылах?

— Як ні патасна гучыць, але перадусім усё трымаецца на карпатлівай працы і жаданьні самога чалавека. Таму што дзесяціборцы — гэта як байцы на выжываньне, як сапраўды «ўнівэрсальныя салдаты». Тут ужо ў любым выпадку: альбо ты працуеш, альбо ты сядзіш дома. Вось так.

— А ў якім узросьце «байцоў на выжываньне», як кажуць, пакідаюць сілы?

— Пачынаюць пакідаць, напэўна, пасьля 30. То бок, гады ў 32–33 пачынаеш ужо слабець. З гэтым, вядома, усё індывідуальна, некаторыя, мабыць, сыходзяць з дыстанцыі яшчэ раней. Але росквіт сілаў у дзесяціборцаў — 27–30 гадоў. Прыкладна цяперашні мой узрост.

— Андрэй, алімпійскае прызэрства ў актыве ўжо ёсьць. Ці ставіцца мэтай дасягнуць максымальнай вяршыні праз два гады ў Бразыліі?

— Ну, так, асноўная ж мэта ў кожнага спартоўца, прафэсіянала — гэта алімпійскае золата. Вышэйшай узнагароды папросту няма. Прынамсі, трэба старацца. А там ужо будзе бачна.

— Хто цяпер асноўныя канкурэнты? Апошнім часам лідэрскія пазыцыі за амэрыканцам Эштанам Ітанам...

— Амэрыканцы — так, але ў Эўропе таксама хапае моцных хлопцаў. Нямецкая школа вельмі моцная, Нідэрлянды, французы таксама задаюць тон. То бок эўрапейцы складаюць магутную канкурэнцыю.

— А як наконт беларусаў? Вось Андрэй Краўчанка — аўтарытэт прызнаны. Якое пакаленьне ідзе сьледам?

— Калі шчыра, не магу нават сказаць. Пакуль пасьлядоўнікаў асабліва ня бачу. Ёсьць Эдзік Міхан, але ён пастаянна траўмаваны, таму сябе проста рэалізаваць ня можа. З маладых, на жаль, нельга пра кагосьці пэрсанальна казаць — відаць, растуць яшчэ, блізка па ўзроўні не відаць. Памятаю, як у сваім узросьце я выступаў і якія былі вынікі, і цяпер што паказваюць, то ў прынцыпе няма чаго нават параўноўваць. Насамрэч талентаў, думаю, шмат, толькі шукаць трэба. Езьдзіць па вёсках, па школах і шукаць хлопцаў — сухіх, хударлявых, каб хадзіў, як у нас кажуць, на ступні. Вось такія патрэбныя.

— Шукаць вясковых хлопцаў, не сапсаваных цывілізацыяй — правільна разумею пасыл?

— Самая праблема, што моладзь ня хоча выходзіць зь віртуальнай прасторы. Калі я жыў у вёсцы, у мяне не было ўсіх гэтых кампутараў, пляншэтаў ды ўсяго іншага. Адпаведна, я пастаянна праводзіў час у двары, зь сябрамі: то на футбол, то на турнікі, то проста насіліся, усё спрэс. А цяпер што? Дзіця прыйшло са школы і зьнікла ў кампутары. Не, я, вядома, не пра ўсіх гавару, ёсьць тыя, якіх бацькі прымушаюць займацца. Але якраз самае дрэннае, што прымушаюць — чалавек павінен сам ісьці, сам хацець. У маім выпадку мяне, наадварот, выганялі з вуліцы, ледзь не сілком заганялі дахаты. Пастаянна там быў у любую вольную хвіліну. Да таго ж на вёсках у падлеткаў, напэўна, больш стымулаў для жыцьця ўвогуле: выбрацца адтуль, разьвівацца. Асабіста ў мяне было дакладна так — у нас бацька адышоў вельмі рана, цяжка было, трэба было нешта рабіць.

— Дык ці запоўненыя трэніровачныя залі, ці цікавяцца маладыя спортам? Сваімі вачыма бачу, што аншлягу ў залі няма.

— На самой справе ўсё пакуль што ня вельмі добра. Але пасьля таго як на кіраўніцтва Фэдэрацыяй лёгкай атлетыкі прыйшоў заслужаны чалавек Вадзім Дзевятоўскі, зараз, спадзяюся, удасца паставіць працэс на паток і ўсё ўрэшце наладзіцца. Будуць езьдзіць па досьвед трэнэры, у вучэльні будуць браць пэрспэктыўных спартоўцаў. Усё нарэшце павінна стаць так, як і павінна быць.

— Звычайна кіраўнікамі фэдэрацыяў прызначаюцца то сілавікі, то чыноўнікі, далёкія ад спорту. Дзевятоўскі — рэдкае выключэньне, хоць і спрабуе рэалізавацца на дзяржаўнай службе. Каго ўсё ж прызначаць: чалавека, які сам быў у скуры спартоўца, ці бюракрата пры пасадзе?

— У прынцыпе, таксама ўсё павінна быць індывідуальна. Чалавек можа быць сапраўды далёкі ад спорту, але рашучы ў дзеяньнях. Прыйдзе і скажа сваім падначаленым: усё, давайце працаваць. Раздасьць заданьні ўсім, хто яму служыць, і ўсё зробяць. А можа быць увесь у чэмпіёнскіх рэгаліях, але слабы арганізатар. Што тычыцца Дзевятоўскага, то лічу такі выбар правільным. Ён цудоўна ведае гэтую сфэру, сам праз усё прайшоў; зь дзецьмі, я ведаю, у сваім Наваполацку займаецца. Нармальна ўсё павінна быць. Прынамсі, адчуваю, што ўжо добра ідзе. Абавязкова трэба ў гэтым пляне рухацца і неяк прыцягваць да спорту перадусім дзяцей. Ну, і з боку бацькоў павінна быць зацікаўленьне, бо ад бацькоў вельмі шмат залежыць. Таму што бальшыня лёгкаатлетаў-дзяцей — гэта дзеці саміх жа атлетаў. А каб людзі прыходзілі з вуліцы — ня часта. Трэба паказваць, папулярызаваць гэты від спорту, па тэлебачаньні круціць рэпартажы. Насамрэч лёгкая атлетыка — гэта ж супэрскі від спорту. Ён разьвівае ва ўсіх напрамках: і сілу, і лоўкасьць, і цела прыгожае. Я лічу, што гэта проста здорава.

— Андрэй, ну і пры канцы пра свае бліжэйшыя пляны.

— Днямі выпраўляюся на зборы ў Турэччыну, дзе з трэнэрамі будзем вызначацца, варта выступаць зімой ці не. Калі буду добра сябе адчуваць, то возьмем удзел у чэмпіянаце Эўропы ў закрытых памяшканьнях. А калі не — будзем мэтанакіравана рыхтавацца да чэмпіянату сьвету, які ў наступным годзе пройдзе ў Кітаі, у Пэкіне. Там жа, дзе была Алімпіяда. Пасьля летняга чэмпіянату Эўропы з-за траўмы ёсьць некалькі пытаньняў па здароўі. Ня хочацца сьпяшацца, разумней цалкам аднавіцца. Паколькі мне на летніх чэмпіянатах сьвету ня вельмі шанцуе, то хочацца падрыхтавацца да яго максымальна добра. А цяпер вось пайду ў лес бегаць...

Андрэй Краўчанка — срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў 2008 году ў дзесяцібор’і, чэмпіён Эўропы ў дзесяцібор’і і сямібор’і, двойчы ўздымаўся на другую прыступку п’едэсталу гонару на чэмпіянатах сьвету. Заслужаны майстар спорту.

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

Нарадзіўся ў 1986 годзе ў ваенным гарадку Мышанка Гомельскай вобласьці. Ягоны бацька Сяргей Краўчанка — чэмпіён СССР па ваенным шматбор’і. У 1999 годзе быў узяты «на заметку» трэнэрамі гомельскай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Першым буйным дасягненьнем стаў срэбны мэдаль юніёрскага чэмпіянату сьвету 2003 году ў канадзкім Шэрбруку. Наступныя два гады трэніраваўся ў Фінляндыі ў вядомага спэцыяліста Паўла Хамяляйнэна, бацькі беларускага дзесяціборцы Эдуарда Хамяляйнэна. Пад яго началам стаў пераможцам моладзевых чэмпіянатаў сьвету і Эўропы. Першы посьпех у дарослым спорце прыйшоў у 2008 годзе на зімовым чэмпіянаце сьвету ў гішпанскай Валенсіі — 2-е месца з асабістым рэкордам у сямібор’і. А ў тым жа годзе на дэбютных для сябе Алімпійскіх гульнях Краўчанка адразу ж заваяваў срэбную ўзнагароду. Пасьля былі п’едэсталы на самых розных спаборніцтвах, апошні трыюмф — першае месца на жнівеньскім чэмпіянаце Эўропы ў швайцарскім Цюрыху.

Дзесяціборац Краўчанка: Родная мова — галоўная рыса нашай адметнасьці
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:02 0:00
Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG