Гарвыканкам разгледзіць зварот грамадзянаў, якія пратэстуюць супраць будоўлі Сафійскага сабору на месцы парку. Гэта вынікае зь ліста актывістам ад Віцебскага аблавыканкаму.
Месца, вызначанае пад будоўлю, ужо больш як тыдзень таму абгарадзілі плотам. На ім прымацаваны «Пашпарт абʼекта» з абвесткай, што будаўнічыя працы распачаліся ў верасьні. Але ўжо некалькі дзён аніякай актыўнасьці за плотам няма, хоць ставілі яго хуткаснымі тэмпамі — літаральна за пару дзён за ім апынулася амаль палова парку.
Мясцовых жыхароў адсутнасьць працаў вельмі цешыць. Яны ня трацяць надзеі, што зварот да Аляксандра Лукашэнкі адыграе станоўчую ролю і ідэя ўзьвесьці ў Віцебску дакладную копію полацкага Сафійскага сабору ўзору XI стагодзьдзя ня будзе рэалізаваная.
Ідэя, выказаная архіяпіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем, не знайшла падтрымкі ў віцяблянаў з шэрагу прычынаў. Самая галоўная — тая, што на месцы будоўлі плянуюць зьнішчыць частку парку паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага. «Пад сякеру» мусяць пайсьці больш за 200 дрэваў. Колькі дакладна, ніхто ня ведае, бо апошні варыянт праекту, які толькі з трэцяга разу прайшоў экалягічную экспэртызу, грамадзкасьці прадстаўлены ня быў.
Жыхары Віцебску прапануюць перанесьці будоўлю ў новыя мікрараёны, а ня ўзводзіць сабор у гістарычным цэнтры, — тут і так тры праваслаўныя храмы, вернікаў у якіх няшмат нават у вялікія сьвяты.
Асобнае пытаньне — наконт фінансаваньня будаўніцтва: раней віцяблянам казалі, што на Сафійскі сабор у Віцебску дасьць грошы «Газпром», аднак цяпер пра спонсараў нічога не чуваць.
А таму мясцовыя жыхары нагадваюць уладам, што за бюджэтныя грошы будаваць трэба ня цэрквы, а ў першую чаргу паліклінікі, школы і дзіцячыя садкі, якіх бракуе гораду.Мясцовыя жыхары нагадваюць уладам, што за бюджэтныя грошы будаваць трэба ня цэрквы, а ў першую чаргу паліклінікі, школы і дзіцячыя садкі, якіх бракуе гораду
Пратэст супраць зьнішчэньня парку, які віцябляне масава падпісвалі 26 верасьня, быў накіраваны ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і ў Віцебскі аблвыканкам. З апошняй інстанцыі прыйшоў адказ, што ліст перададзены на разгляд у гарвыканкам.
Адказу зь Менску пакуль няма. А што да абавязкаў віцебскіх уладаў, то яны мусяць арганізаваць і правесьці сход, запрасіўшы на яго тых, хто падпісаў ліст пратэсту. У адпаведнасьці з заканадаўствам такі сход павінен быць праведзены на месцы канфлікту, калі зварот падпісалі больш за 30 мясцовых жыхароў. А ва ўладныя структуры накіраваныя звароты, пад якімі стаіць каля трохсот подпісаў супраць будоўлі Сафійскага сабору на месцы заплянаванага да зьнішчэньня парку.
Пакуль аўтары калектыўнага ліста чакаюць адказаў і спадзяюцца на ўвагу да іхнай просьбы, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец ужо атрымала адказ на свой індывідуальны запыт. Ён прыйшоў якраз з гарвыканкаму — і далёка не такі ўсьцешны, як чакалася, кажа актывістка:
Канцэпцыя была ўзгодненая з Аляксандрам Лукашэнкам
«У адказе за подпісам начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму Андрэя Макеева гаворыцца, што падстаў для забароны або пераносу будаўніцтва Сафійскага сабору на іншую пляцоўку няма. Што, маўляў, адпачатку было прапанавана некалькі пляцовак, але найбольш спадабалася гэтая, і старшыня віцебскага гарвыканкаму яшчэ 6 лістапада 2014 году зацьвердзіў акт выбару месца разьмяшчэньня зямельнага ўчастку пад будаўніцтва сабору.
ТАА „Будгандальсэрвіс“ распрацавала архітэктурна-пляніровачную канцэпцыю абʼекта, і гэтая канцэпцыя была ўзгодненая з Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама быў атрыманы дазвол Міністэрства культуры на правядзеньне навукова-дасьледчых і праектных работ на тэрыторыі будучай будоўлі — тэрыторыі гістарычнага цэнтру Віцебску XII–XX стагодзьдзяў. Але дасьледчыкаў-археолягаў у парку нешта ніхто ня бачыў».
Віцябляне пільна сочаць за тым, што адбываецца на месцы, абраным пад будаўнічую пляцоўку. Сярод гараджан ёсьць і тыя, хто гатовы да актыўнага пратэсту — у тым выпадку, калі меркаваньні людзей будуць праігнараваныя і парк пачнуць нішчыць.