Пісьменьніку Алесю Аркушу забаранілі прэзэнтаваць кнігу «Захоп Беларусі марсіянамі» ў яго родным горадзе Жодзіне. Яе героі — пісьменьнікі-«маладнякоўцы», ледзь не пагалоўна зьнішчаныя падчас сталінскага тэрору, а назва кнігі падказаная ў сьне Вацлавам Ластоўскім. Аўтар — госьцем перадачы.
— Алесь, як гэта — падказаў Вацлаў Ластоўскі? Гэта што, літаратурная гульня?
— Не, не гульня. Мне прысьніўся Ластоўскі і прапанаваў напісаць кнігу з такой назвай — «Захоп Беларусі марсіянамі». Я да сёньняшняга дня дакладна памятаю ўсе дэталі таго сну. Гэта адбылося ў Полацку, я прачнуўся і разважаў над прысьнёным. Спачатку падумаў, што гэта нейкія бздуры — мала чаго можа прысьніцца. Але той сон мяне не адпускаў, я ўвесь час да яго вяртаўся. Памятаю да драбніцаў, як мы з Ластоўскім ішлі па Полацку, як зайшлі ў нейкі разьбіты будынак, і ён, паказаўшы мне закурадымленую полацкую мэрыю, сказаў, што Полацак і ўсю Беларусь захапілі марсіяне. І што я мушу напісаць пра гэта кнігу. Я ня ведаў, пра што павінна была быць тая кніга. Пра якіх фантастычных марсіянаў, я ж ня Ўэлс.
— І сапраўды, ад кнігі з такой назвай чытач мае права чакаць нейкіх зорных войнаў і г.д. Але марсіяне на яе старонках зьяўляюцца на вельмі кароткі час. Незразумела, хто гэта, чаго ім трэба, навошта яны абстрэльваюць Полацак. Ты адмыслова іх так затаямнічыў?
— Насамрэч марсіяне — гэта мэтафара чужынцаў, зь якімі немагчыма дамовіцца, знайсьці нейкі кампраміс. Яны прыйшлі, каб зваяваць цябе, падпарадкаваць і зьнішчыць. Калі хочаце, гэта гібрыдная вайна, нам сёньня добра вядомая. Пісьменьнік Віталь Воранаў пытаўся ў мяне: «Марсіяне — гэта расіяне?» А мне хацелася, каб гэта быў такі ўнівэрсальны сымбаль, бо сёньня да нас могуць прыйсьці расіяне, заўтра — хтосьці іншы. Для мяне нават энкавэдысты, якія зьнішчылі герояў маёй кнігі Міхася Чарота і Алеся Дудара, — тыя ж марсіяне.
— Чаму галоўным героем раману ты вырашыў зрабіць паэта-маладнякоўца Алеся Дудара?
— Тэма «Маладняка» мяне даўно цікавіла. Я некалькі разоў пісаў нарысы пра маладнякоўцаў — пра полацкую філію. Выдаў кніжачку вершаў Ганны Брэскай — забытай паэткі, якая жыла ў Полацку. Сярод маладнякоўцаў маю ўвагу прыцягваў найперш Алесь Дудар — ён вядомы перадусім як аўтар верша «Пасеклі Край наш папалам». Але сярод ягоных учынкаў ня толькі гэты твор. Ён падпісваў ліст у абарону беларускага нацыянальнага тэатру, дзе гаварылася, што «мы ня мусім лазіць па задах расейскага тэатру, а павінны стварыць свой тэатар, на нацыянальных падмурках». Дудар таксама напісаў ліст-пратэст, дзе даводзілася, што БДУ ня ёсьць беларускім унівэрсытэтам. І зьдзейсьніў яшчэ шмат падобных учынкаў, якія зьбіраюцца ў адзін пасыл — гэтыя людзі хацелі жыць ва ўласнай краіне, вучыцца ў нацыянальным унівэрсытэце, глядзець пастаноўкі нацыянальнага тэатру. Яны хацелі, каб у Беларусі прымаліся рашэньні без крамлёўскай візы. «Маладнякоўцы» змагаліся як маглі, змагаліся не са зброяй у руках — словам, нейкім рызыкоўным учынкам. І калі мы паглядзім, як раскручваўся махавік сталінскіх рэпрэсіяў, то лёгка заўважыць, што якраз «маладнякоўцы» атрымалі найбольшы ўдар. Для рэжыму яны былі ворагамі, бо актыўна праводзілі беларусiзацыю. Гэта ж яны зрабілі ў Полацку беларускамоўную газэту — быў «Полоцкий пахарь», а стала «Чырвоная Полаччына». У Полацку іх намаганьнямі выдаваліся тры літаратурныя альманахі!
— У цябе Алесь Дудар — актыўны паэт-адраджэнец, які не баіцца кінуць выклік уладам. Але ён выступаў яшчэ і пад псэўданімам Тодар Глыбоцкі, вышукваючы клясавых ворагаў у тагачаснай беларускай літаратуры. Чым ты патлумачыш такое раздваеньне асобы?
— Па-першае, агульнавядомы факт — Дудар не ўспрымаў творчасьць Купалы і Коласа, называў яе «старызнай». Ён страшэнна не любіў, напрыклад, Уладзімера Жылку, быў у канфлікце з усімі «ўзвышэнцамі», пісаў пра іх абразьлівыя артыкулы. Нават унутры «маладнякоўскай» суполкі ён канфліктаваў, пасварыўся ўрэшце нават зь сябрам Андрэем Александровічам. На маю думку, гэта была ўнутраная беларуская барацьба — наша даўняя-даўняя хвароба. Мы ніяк ня можам аб’яднацца вакол чагосьці істотнага і важнага, а сварымся з-за нейкіх драбніцаў. Па-другое, Тодар Глыбоцкі зьявіўся ўжо ў 30-я гады, пасьля ўсіх гучных «гэпэушных» спраў, пасьля таго як Дудару пагражалі сьмерцю. Артыкулы Глыбоцкага я ўспрымаю як спробу проста ўратаваць уласнае жыцьцё. У 30-я гады Дудар стаў ваяўнічым бальшавіком, амаль як Бэндэ, каб паказаць, што ён выправіўся.
— Днямі ты вярнуўся з прэзэнтацый «Марсіянаў...» у Віцебску і Полацку. У нашых рэаліях, калі дзяржаўны кнігагандаль у рэгіёнах амаль бязьдзейнічае, гэта самы кароткі і эфэктыўны шлях кнігі да чытача. Дзе яшчэ плянуеш пабываць?
— Плянуецца прэзэнтацыя ў Варшаве, маю таксама запрашэньні зь Берасьця ды іншых беларускіх гарадоў. На жаль, нядаўна была забароненая прэзэнтацыя ў маім родным Жодзіне, у бібліятэцы. За два дні патэлефанавалі з ідэалягічнага аддзелу і забаранілі. Я ня ведаю, якія там аргумэнты прыводзіліся. Сёньня ладзіць сустрэчы з чытачамі ў Беларусі надзвычай складана. Гэта толькі здаецца, што мы маем нейкую чарговую адлігу, бо адбываюцца нейкія канцэрты і сустрэчы, у тым ліку ў Палацы Рэспублікі. А насамрэч у глыбінцы сытуацыя горшая, чым раней. Бо на ідэалягічныя ўстаноўкі наклалася яшчэ і эканамічная крыза, калі людзі баяцца страціць свой кавалачак хлеба, пасаду бібліятэкара ці настаўніка. Увогуле, беларусы цяпер у разгубленым стане — гэта я адчуў на сустрэчах, што прайшлі. Найперш усіх цікавіць, што за марсіяне руйнуюць Полацак, зьнішчаюць Сафійскі сабор. Страх перад марсіянамі — як разгубленасьць перад заўтрашнім днём.
— Гэта як у знакамітым вершы Канстанціна Кавафіса «Прышэсьце барбараў». Ты ў сваім рамане неаднойчы згадваеш аповесьць Вацлава Ластоўскага «Лябірынты», героі якога вынайшлі дзівоснае рэчыва крывін, якое запальвае ў цемры сьвятло і робіць жыцьцё вечным. Што для нашых суайчыньнікаў можа стацца такім крывінам?
— Складанае пытаньне. Магчыма, Крыж Эўфрасіньні Полацкай, яго вяртаньне ў Беларусь.
— Гісторык Сяргей Тарасаў у нядаўняй «Вольнай студыі» даволі аргумэнтавана вызначыў месцазнаходжаньне Крыжа — Сергіеў Пасад пад Масквой. Калі гэта сапраўды так, ці будзе ён вернуты?
— Па-першае, адразу заўважу, што беларуская дзяржава яшчэ ні разу ня ставіла сур’ёзна пытаньне пра вяртаньне Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Я не разумею, навошта Расеі трымаць гэты Крыж і ўпірацца рукамі і нагамі, каб яго не аддаваць? Бо на Крыжы напісана: той, хто зьнёс яго з Полацку, будзе пракляты. Яго нават небясьпечна трымаць у нейкіх сховах. Людзі, якія яго хаваюць, называюць сябе хрысьціянамі, сьвятарамі, але чамусьці суровы праклён для іх нічога ня значыць. Па-другое, юрыдычна перадаць Крыж таксама нескладана, бо ён быў вывезены на часовае захаваньне падчас акупацыі Беларусі Нямеччынай. І таму сёньня Крыж можа быць проста перададзены з аднаго манастыра РПЦ у другі — у Полацку.
— Чаму Расея не аддае Крыж — зразумець няцяжка. Але чаму Беларусь не шукае, не патрабуе, урэшце?
— Так, для Расеі Крыж — гэта дадатковы козыр у палітычных гульнях. Маўляў, беларусы, калі будзеце да нас ляяльнымі, калі будзеце сябрамі-братамі, то, магчыма, урэшце і атрымаеце гэты падарунак. А што да бязьдзеяньня тут беларускай улады, то для яе гэта далёка не праблема нумар адзін. А калі ўлічыць, што ў Беларусі толькі адзін чалавек вырашае ўсе сур’ёзныя пытаньні... У нейкай іншай краіне гэтай справай мог бы займацца не прэзыдэнт, а, скажам, міністар замежных спраў. У нас жа толькі адзін чалавек усё вырашае, а ў яго, напэўна, да гэтай справы яшчэ не дайшлі рукі.