Менавіта так — «Не просто диакон. Церковный трикстер, спикер и апологет. Участник защиты Новороссии» — дыякан Павел Шульжонак прэзэнтуе сябе ў сацыяльных сетках. Сёньня там зьявіўся і ягоны допіс пра тое, што ён едзе ў Віцебск «на вялікі форум, прысьвечаны адзінству рускага народу».
Сёлета ў кастрычніку СБУ забараніла Шульжонку ўезд на тэрыторыю Ўкраіны. Летась, за фатаздымкі ў сацыяльных сетках, якія кампрамэтуюць яго як сьвятара, дыякана Паўла Шульжонка адхілілі ад вядзеньня царкоўных службаў на трохмесячны тэрмін.
Пасьля таго як гэтыя зьвесткі былі выкладзены на сайце «Народныя навіны Віцебска», абураныя гараджане пачалі пісаць электронныя звароты ў КДБ — пра недапушчальнасьць выступаў у Віцебску асобаў, якія прапагандуюць міжнацыянальную варажнечу. Пра гэта віцябляне паведамляюць адзін аднаму ў сацыяльных сетках.
Электронныя лісты падобнага зьместу былі адпраўленыя і ў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Форум, афіцыйная назва якога — Міжнародны царкоўна-грамадзкі і навукова-асьветніцкі Ірынінскі форум «Духоўныя асновы славянскага сьвету», распачаўся, паводле анонсаў, 8 лістапада ў Маскве. А працяг чакаецца 9 лістапада ў Віцебску, у тутэйшым унівэрсытэце, які значыцца ў ліку арганізатараў — поруч з Канцылярыяй Галавы Расейскага імпэратарскага дому, Міжнароднай асацыяцыяй фондаў міру, Міжнароднай Славянскай акадэміяй навук, адукацыі, мастацтваў і культур. У гэтым сьпісе арганізатараў прысутнічаюць і Віцебская эпархія праваслаўнай царквы, і Патрыяршае падворʼе пры храме сьвятой Ірыны ў Маскве, настаяцель якога — архіяпіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый.
Менавіта яго ў Віцебску лічаць адным з галоўных праваднікоў «русского мира»: якраз архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю належыць ідэя ўзьвесьці ў абласным цэнтры копію полацкага Сафійскага сабору, супраць чаго актыўна выступаюць самі віцябляне. Зь ягонай жа ініцыятывы, нягледзячы на пратэсты гараджан, у 2013 годзе ў Віцебску паставілі помнік былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II, а ўлетку 2016 году — помнік Аляксандру Неўскаму, узьвядзеньне якога надзвычай актыўна падтрымлівала Віцебская япархія.