Беларускі юрыст Юрась Зянковіч эміграваў у ЗША 9 гадоў таму. Цяпер разам з жонкай валодае юрыдычнай фірмай з офісамі ў Дэнвэры і Нью-Ёрку, спэцыялізуецца на эміграцыйным і бізнэс-праве. Сярод кліентаў — і беларусы, якія імкнуцца легалізавацца ў ЗША, і беларускія і ўкраінскія карпарацыі, якія вядуць справы з амэрыканскімі партнэрамі.
Робячы пасьпяховую кар’еру ў Амэрыцы і зьяўляючыся актыўным прадстаўніком беларускай дыяспары, Юрась не выключае, што вернецца ў Беларусь: для таго, каб стаць прэзыдэнтам. Разумеючы, што такая пасада забірае шмат часу, Юрась і яго жонка Алена распрацавалі дамову, якая рэглямэнтуе, колькі часу ён будзе выдаткоўваць на грамадзкае і на асабістае жыцьцё.
«Беларусы жывуць добра, але па звычцы працягваюць наракаць»
— Вы не былі ў Беларусі 9 гадоў. Заўважылі нейкія зьмены? Ці стаў Менск больш разьвітым і эўрапейскім?
— Часта Менск параўноўваюць зь Вільняй, маўляў, цяпер ня мае сэнсу ехаць у літоўскую сталіцу, бо ёсьць чым заняцца і ў нас. Мне цяжка параўнаць Менск і Вільню, бо да Вільні я пакуль не даехаў, але магу сказаць, што ў параўнаньні з Кіевам Менск нашмат больш разьвіты горад. Другое назіраньне: беларусы жывуць значна лепш, чым суседзі. Але традыцыйна нашыя людзі скардзяцца на тое, як усё цяжка, а пры гэтым ва ўсіх ёсьць кватэры, машыны, усе езьдзяць у адпачынак. Я мушу сказаць, што беларусы жывуць зусім ня кепска.
— У параўнаньні з кім?
— Параўнаньне — гэта заўсёды ўмоўнасьць. Можна параўноўваць з дасканаласьцю. Можна параўноўваць з Амэрыкай. Але тады Амэрыку можна параўнаць з Люксэмбургам, а Люксэмбург — з Манака. Я канстатую агулам — у Беларусі някепскі ўзровень жыцьця. Зразумела, што кожны хоча жыць яшчэ лепш, але паводле майго вонкавага назіраньня ў Беларусі сытуацыя някепская, а дзесьці нават добрая.
— Маецца на ўвазе дабрабыт людзей?
— Зьмяніўся ня толькі дабрабыт, але і людзі. Яны сталі больш разьняволеныя, павялічылася прастора асабістай свабоды. Нельга казаць, што працягваецца зацісканьне гаек, хутчэй наадварот, ідзе разьняволеньне людзей. Гэта датычыць нават і палітычнай сфэры — даўно ў парлямэнце не было двух дэпутатаў ад апазыцыі. Як бы хто да гэтага ня ставіўся, гэта прагрэс.
«Беларуская апазыцыя прайграла б і дэмакратычныя выбары»
— Пытаньне пра палітыку. Партыя БНФ вылучала вас падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Што здарылася пасьля?
— Я адразу казаў, што гульня зь Ярмошынай — гэта гульня ў напарсткі, у якой нельга перамагчы. На азартныя гульні я не марную больш за сто даляраў. Роўна столькі я і патраціў на гэтую кампанію, тым больш што выбарчая камісія адмовілася мяне рэгістраваць кандыдатам у дэпутаты з прычыны таго, што я стала не жыву ў Беларусі. Выбарчая камісія так зрабіла, нягледзячы на тое, што напярэдадні падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю я аформіў усе дакумэнты для сталага пражываньня ў Беларусі. Таму я думаю, што гэта было палітычнае рашэньне.
— Усе гэтыя выбарчыя падзеі адбываліся бяз вас. Цяпер, празь месяц пасьля выбараў, вы ў Беларусі. Якія мэты прыезду?
— Гэта і прыватныя, і бізнэсовыя, і палітычныя справы. Гэты прыезд быў заплянаваны яшчэ да выбарчай кампаніі на пэрыяд палітычнага зацішша. У Беларусі ў мяне шэраг сустрэч, як зьвязаных зь бізнэс-справамі, так і палітычных. У прыватнасьці, буду гаварыць зь Юрасём Губарэвічам, Анатолем Лябедзькам, Анатолем Шумчанкам.
— Як вы ацэньваеце вынікі выбараў?
— Я бачу, што людзі расчараваныя тым, што адбылося. Вынік быў досыць прагназаваным. Беларуская апазыцыя выбары прайграла б, нават калі б яны былі самымі сумленнымі і калі б быў самы празрысты падлік галасоў. Я бачу, што ў шэрагах беларускай апазыцыі вельмі моцны дэфіцыт ідэяў. Таксама вельмі моцна пануе карга-культ, які ў Беларусі выяўляецца ў чаканьні добрага замежнага дзядзькі, які ўсё зробіць як мае быць.
«Прасьцей стварыць новую апазыцыю, чым адбудоўваць старую»
— Кажуць, што ў беларускім грамадзтве няма традыцыі фінансаваць палітыку. Можа, таму і чакаюць замежнага дзядзьку з грашыма?
— Я ў Менску сустрэўся са старым сябрам і сказаў яму, што трэба фінансаваць Партыю БНФ. Ён адказаў, што «гэтым людзям ні капейкі ня дасьць, бо яны кепскія». Я прапанаваў яму памяняць кепскіх людзей на добрых. Ён сказаў, што будзе ахвяраваць на Партыю БНФ тады, калі там усё будзе добра. І так лічыць усё беларускае грамадзтва. Але якое права мае чалавек даваць ацэнкі, калі ён не фінансуе? Я лічу, што патрабаваць вынікаў можа толькі той, хто плоціць за гэтыя вынікі. Калі я не купляю тавару, я ня маю права патрабаваць, каб ён быў якасны. Гэта нармальны бізнэсовы падыход. Тое самае ў палітыцы. Калі мы не фінансуем нашу палітыку, калі мы спадзяёмся на Эўропу і Амэрыку, калі мы чакаем дзядзьку з грантам, які прафінансуе палітычную партыю, — значыць, гэты дзядзька з грантам будзе дыктаваць, што палітычная партыя будзе рабіць. Калі мы не ўкладаем у палітычныя партыі свае асабістыя грошы, то тады мы ня маем права нічога патрабаваць ад палітычных лідэраў. Тады атрымліваецца, што мы адсоўваем сябе ад палітыкі, пазбаўляем сябе моцнага рычагу ўзьдзеяньня на палітыкаў, якія фактычна робяць тое, што хочуць, таму што яны самі знаходзяць фінансаваньне, якое не зьвязвае іх абавязкамі перад грамадзтвам.
— Ці недахоп фінансаваньня — гэта адзіная праблема беларускай апазыцыі?
— Яшчэ адна праблема, якая тычыцца ня толькі апазыцыі, але і ўлады, — гэта кароткі гарызонт падзеяў. У нас апазыцыя плянуе свае дзеяньні да моманту прыходу да ўлады. Калі спытацца ў кандыдатаў у прэзыдэнты, які будзе іх першы, другі, дзясяты ўказ, мы пабачым падвісаньне сыстэмы. На пытаньне, дзе мы бачым Беларусь празь 15 гадоў, не адкажуць ні апазыцыйныя, ці праўладныя палітыкі. У нас няма стратэгічнага бачаньня, няма таго, што нашыя продкі называлі рацыяй стану — разуменьне стратэгічнага інтарэсу дзяржавы, які ня можа прыраўноўвацца да інтарэсу цяперашняга караля, палітычнай партыі ці яе старшыні. Кароль памрэ — дзяржава застанецца. Калі казаць пра апазыцыю, то яна не прасунулася далей, чым сярэдзіна 90-х гадоў. Таму прасьцей стварыць новую апазыцыю, чым адбудоўваць старую. Давайце гаварыць шчыра, апазыцыі ў Беларусі няма, няма сілы, здольнай супрацьпаставіць сябе дзейнай уладзе.
«Амэрыка — адзіны хаўрусьнік Беларусі»
— Дзе вы бачыце Беларусь пра 15 гадоў?
— Беларусь павінна ўдзельнічаць у праекце Міжмор’я, гэта адзіны рэальны праект, у межах якога Беларусь можа захаваць незалежнасьць разам са сваімі суседзямі, якія маюць падобныя праблемы і інтарэсы. Ёсьць разьлікі Гарвардзкага ўнівэрсытэту, паводле якіх супольная эканоміка Прыбалтыкі, Беларусі, Польшчы, Украіны, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны можа быць мацнейшай ня толькі за эканоміку Расеі, але і за нямецкую эканоміку.
— Якія дачыненьні мусяць быць у Беларусі з Амэрыкай?
— Амэрыка — гэта адзіны хаўрусьнік, які ў нас ёсьць сёньня. Яна далёка і ня мае дастаткова рычагоў уплыву на нас. Разам з тым яна супраць той сацыялістычнай палітыкі, якую будуе сёньня Брусэль у Эўрапейскім зьвязе, яна супраць гегемоніі Нямеччына і Францыі ў Эўропе. Амэрыка хоча, каб у Эўропе было некалькі цэнтраў сілы.
«Хачу быць прэзыдэнтам, бо ня бачу іншага вартага чалавека»
— Некалькі месяцаў таму вы заяўлялі аб прэзыдэнцкіх амбіцыях, маўляў, «ня бачыце іншага чалавека, які б справіўся з гэтай задачай». Гэты намер застаецца?
— Усё так і застаецца. На сёньня я ня бачу іншага чалавека, які меў бы ідэі, як разьвіваць Беларусь у наступныя 20-30 гадоў. Калі такі кандыдат зьявіцца, я гатовы весьці зь ім перамовы. Для мяне пэрспэктыва вылучэньня на пасаду прэзыдэнта — гэта хутчэй праблема, чым нейкая магчымасьць. Я ведаю, што гады майго прэзыдэнцтва будуць выкінутыя з майго асабістага жыцьця. Але ў нас з жонкай ёсьць дамоўленасьць, што я магу рабіць і колькі часу я магу на гэта выдаткаваць.
— Уявім, што вартага чалавека не знайшлося, і жонка дазволіла вам балятавацца. Што будзеце рабіць?
— У першую чаргу трэба адбудоўваць рэгіянальныя структуры палітычных партый. Я сустрэўся зь людзьмі ў Менску, наведаў Гарадзенскую і Магілёўскую вобласьці і зразумеў, што выбарчую структуру трэба ладзіць з нуля. Ніводная палітычная партыя, ніводзін рух ня ў стане аказаць падтрымку ніводнаму кандыдату і правесьці выбарчую кампанію, каб зьмяніць гэтую ўладу. Я пайду ў кампанію толькі з рэальнай мэтай перамагаць, алімпійскі прынцып «галоўнае не перамога, а ўдзел» для мяне непрымальны.
«Лукашэнка за незалежнасьць Беларусі, значыць, ён наш хаўрусьнік»
— Кандыдат у прэзыдэнты мусіць быць адзіным ад усёй апазыцыі ці падтрыманы адной палітычнай сілай?
— Нават калі гэта будзе прадстаўнік ад улады, але калі ён будзе ведаць, куды трэба рухацца Беларусі, я яго падтрымаю. Для мяне ня важная палітычная афарбоўка, бо цяпер няма схемы «апазыцыя — добрыя, улада — кепскія». Падзел праходзіць па лініі «за ці супраць незалежнасьці». Я лічу, што існуе пагроза незалежнасьці Беларусі, яна ідзе з Усходу. Хто б ня быў нашым хаўрусьнікам дзеля захаваньня незалежнасьці, мы мусім супрацоўнічаць. Сёньня тактычна супала так, што нават інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі супадаюць зь беларускай незалежнасьцю. Значыць, ён наш хаўрусьнік. Лепш хай будзе сукін сын Лукашэнка, чым Вова з Усходу. Таму што ў другім выпадку аб праекце «Беларусь» можна забыцца гадоў на 200. Я гатовы супрацоўнічаць з уладамі, з апазыцыяй — з усімі, хто мае ідэі для захаваньня незалежнасьці Беларусі.
— Вы лічыце, што апазыцыі ў Беларусі фактычна няма. Разам з тым вы сябра Партыі БНФ, яна вылучала вас на выбарах...
— Партыя БНФ — адзіная ў Беларусі палітычная сіла, якая мае моцны ідэалягічны падмурак. Але тое, што адбываецца ўнутры партыі, мне катэгарычна не падабаецца. Мне здаецца, што БНФ, маючы моцны ідэалягічны мэсыдж, ня здольны данесьці яго грамадзтву. Чаму? Таму што няма структуры, няма фінансаў, людзі разьбегліся — хто за мяжу, хто ў бізнэс, хто ў прыватнае жыцьцё. У нас няма партыі, калі людзі ня плацяць партыйныя складкі. Кіраўніцтва мусіць езьдзіць па іншых краінах, каб забясьпечыць арэнду сядзібы і функцыянаваньне апарату. Але тады партыя становіцца несамастойнай, раз яна існуе за кошт іншых дзяржаў.
«Гатовы пісаць законапраекты для Анісім і Канапацкай»
— Як паўплываюць на стан апазыцыі ў Беларусі дзьве новаабраныя дэпутаткі — Алена Анісім і Ганна Канапацкая?
— Тое, што яны прайшлі, — гульня ўладаў для Захаду. Далей усё залежыць ад іх саміх. Я прадэкляраваў абедзьвюм, што гатовы пісаць законапраекты, калі яны будуць уносіць іх у парлямэнт.
«Свабодны толькі той чалавек, які мае зброю»
— Чаму вы з жонкай вырашылі жыць у штаце Каларада, а не на Мангэтане, дзе маеце юрыдычную кантору?
— Нам больш падабаецца стыль жыцьця на Сярэднім Захадзе. Нам падабаецца рахманасьць, спакойнае жыцьцё, вялікая прастора, свабодныя людзі, кансэрватыўны сьветапогляд, сямейныя каштоўнасьці, свабоднае валоданьне зброяй.
— У вас ёсьць зброя?
— Можна сказаць так. З дня на дзень мы чакаем дазвол на схаванае нашэньне зброі. Мы прайшлі спэцыяльныя курсы, дзе навучыліся абыходзіцца зь ёй, атрымалі неабходныя дакумэнты і неўзабаве атрымаем права абараняць сваю незалежнасьць і жыцьцё ўласнымі сіламі. Мне гэта моцна імпануе, таму што так жа было і ў Рэчы Паспалітай — свабоднымі лічыліся толькі тыя людзі, якія носяць зброю.
— У рахманым штаце Каларада ёсьць такая неабходнасьць?
— Спакойна там, дзе злачынца ведае, што лепш ня лезьці. У штаце Каларада папулярныя шыльдачкі, дзе напісана, што ўладальнік гэтага дома ўзброены і гатовы абараняць сваю маёмасьць, жыцьцё і свабоду са зброяй у руках.
— Ці заангажаваныя вы ў жыцьцё беларускай дыяспары?
— Безумоўна. Напрыклад, мы з жонкай нядаўна арганізоўвалі канцэрт гурту «Стары Ольса» ў Дэнвэры. Пры гэтым Алена прыгатавала для гасьцей стравы старажытнабеларускай кухні. Амэрыканцы былі ў захапленьні, а беларусы былі як беларусы — мала хто прыйшоў. Было крыху сорамна і непрыемна. І такая сытуацыя зь беларускай дыяспарай назіраецца ва ўсёй Амэрыцы. Але ёсьць і шчасьлівыя выключэньні — вельмі моцная дыяспара ў Лос-Анджэлесе, у Нью-Ёрку.
— З год таму вы з жонкай спрабавалі сарваць акцыю расейскіх актывістаў, якія раздавалі георгіеўскія стужкі ў Нью-Ёрку. Няўжо «русский мир» дакаціўся і туды?
— Што тачыцца «русского мира» ў Амэрыцы, то гэта перабольшаныя чуткі. Ня так там шмат расейцаў, каб яны маглі на нешта ўплываць. Але часам ствараюць карцінку дзеля выкарыстаньня на прапагандысцкіх каналах інфармацыі. Але жыхары Нью-Ёрку не заўважаюць гэтай прапаганды. Магчыма, выключэньне — гэта Брайтан-біч, які ня ходзіць у Амэрыку. Тое, што мы ўмяшаліся ў тую акцыю, было спробай контратролінгу каларадаў. Шчыра кажучы, жалю вартыя былі тыя людзі, якія раздавалі георгіеўскія стужкі. Гэта сацыяльнае дно — людзі, якія не знайшлі сябе ў Амэрыцы, так і ня вывучылі ангельскую мову, не здабылі прафэсіі, зарабляюць капейкі. І такія людзі ходзяць і крычаць, што Пуцін — добры. І разам з тым вяртацца ў Расею ня хочуць.