Студэнтаў прывялі выкладчыкі віцебскага філіялу «МІТСО», чальцы і прыхільнікі Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Гэтая невялікая група з паўтара-двух дзясяткаў чалавек прыйшла на віцебскую плошчу Леніна самай першай — а 10-й раніцы.
Пасьля кароткіх прамоваў пра тое, што «сучасная Беларусь мусіць разьвівацца і ўвасобіць камуністычныя ідэалы», да помніка быў ускладзены першы вянок.
Потым вянкі ўскладалі па чарзе: віцебскія носьбіты камуністычнай ідэі паміж сабой калі не варагуюць, то ўжо, прынамсі, не сябруюць. А пакуль каля помніка паасобку зьбіраліся актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» і яшчэ адна купка пэнсіянэраў, вакол пастамэнта зь фігурай Ільліча раптам замітусіліся «камунальнікі». Нехта аддаў загад, каб у дзень дзяржаўнага сьвята каля помніка ўсё-ткі пачысьцілі сьнег, і прыхільнікам камунізму не даводзілася лезьці з кветкамі па сумётах.
Там часам каля помніка зьявіўся вянок «Ад бальшавікоў Віцебску». А самі «бальшавікі» выстраіліся каля помніка зь лёзунгамі і транспарантамі. Дазволу на свой пікет яны ня бралі, але супрацоўнікі гарадзкога ідэалягічнага аддзелу, што стаялі наўзбоч, аніякіх прэтэнзій ня выказалі.
Не пасьпелі ад помніка адысьці «бальшавікі», як кошык з чырвонымі кветкамі да Леніна панесьлі віцебскія прадстаўнікі партыі «Справядлівы сьвет». Несьці кошык было цяжкавата: ужо каторы год у гэтых партыйцаў існуе традыцыя ўкладаць на спод, пад кветкі, вялікі камень. «Гэта зброя пралетарыяту», тлумачылі партыйцы, патрэбная для зьвяржэньня дыктатуры — бо ва ўмовах дыктатуры камунізм не пабудуеш.
Такім чынам за паўтары гадзіны «камуністычная варта» каля віцебскага Леніна зьмянялася тройчы. Калі падсумаваць, то пабывалі тут ня больш як 30-40 чалавек. Мінакі, якія праходзілі ўздоўж, толькі паглядалі з усьмешкамі — далучыцца да камуністаў ніхто не захацеў.