Праз гадзіну пасьля мітынгу праўладных камуністаў, сябраў Камуністычнай партыі Беларусі, аб 11 гадзіне да помніка Леніну прыйшлі прыкладна 30 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет». Яны паставілі да помніка кошык зь чырвонымі гвазьдзікамі.
На гэты раз на кароткім мітынгу выступіў намесьнік старшыні партыі Валер Ухналёў (старшыня партыі Сяргей Калякін хварэе). Спадар Ухналёў павіншаваў прысутных са сьвятам і пажадаў поспехаў у барацьбе за ідэалы Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У адрозьненьне ад прыўладнай кампартыі, «Справядлівы сьвет» лічыць, што «ў краіне ў працоўнага чалавека вельмі шмат праблем, якія кіраўніцтва дзяржавы не вырашае».
А сьвяточны дзень 7 лістапада ў Беларусі ня трэба адмяняць ці перайменоўваць: «Тыя, хто хоча гэта зрабіць, блытаюць паняцьці: Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю як падзею, якую мы сёньня адзначаем, і ўсю гісторыю дзяржавы і праблемы, зь якімі яна сутыкаецца... Казаць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя — гэта не падзея і ня сьвята, няправільна. Дзякуючы ёй Беларусь стала дзяржавай», — адзначыў намесьнік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў.