Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турпуцёўкі падаражэюць. Валюта сплыве за мяжу


З 1 сакавіка турыстычныя пуцёўкі ў Беларусі будуць прадавацца выключна за беларускія рублі. Усе валютныя ліцэнзіі туркампаніяў анулююцца, выстаўляць цэны пуцёвак у валюце будзе забаронена. Такое рашэньне беларускія ўлады прынялі дзеля таго, каб «скараціць выкарыстаньне замежнай валюты ў разьліках і павысіць давер насельніцтва да нацыянальнай валюты». Як адрэагавалі на гэта прадстаўнікі турфірмаў, што прагназуюць экспэрты?

Прадстаўнікі турыстычных кампаніяў успрынялі гэтыя зьмены, як правіла, адмоўна. Прымаючы рашэньне, улады зь імі ня раіліся. Дырэктарка турагенцтва «Віаполь» Галіна Патаева кажа:

«Гэта вельмі нядобра для тых фірмаў, якія займаюцца выязным турызмам. Зразумела, узьнікне шмат дадатковых праблемаў для турбізнэсу, некаторыя фірмы вымушаныя будуць проста зачыніцца. Мне вельмі не падабаецца, што такія сур’ёзныя крокі робяцца без абмеркаваньня з адмыслоўцамі, прадстаўнікамі турбізнэсу».

Усе разьлікі з замежнымі партнэрамі і апэратарамі беларускія туркампаніі вядуць у валюце — гэта і раньняе браніраваньне гатэляў, і аплата авіяпералётаў, чартэрных рэйсаў, працягвае Галіна Патаева:

«Турфірма грошы, якія атрымлівае ад кліентаў, кладзе на рахунак, потым яна іх пералічвае ў Турцыю, Парыж ці Гавану. У гэтым няма праблемы, бо ўсе фірмы працуюць празрыста, кладуць на рахунак і пералічваюць. Праблема ў тым, што купіць валюту, каб пералічыць, — гэта складана. Банк бярэ працэнты, і працэнты немалыя. Калі будзе ўстойлівы курс даляра і эўра, то ўсё будзе больш-менш. Калі курсы будуць скакаць, турфірмы будуць закладаць і свае мажлівыя рызыкі».

Экспэрт у турыстычнай галіне Лілія Кобзік выказала меркаваньне, што пуцёўкі могуць падаражэць:

Туркампаніі вымушаныя закладаць фінансавыя рызыкі, таму што патрэбна купляць валюту на біржы

«Туркампаніі вымушаныя закладаць нейкія рызыкі фінансавыя, таму што патрэбна купляць валюту на біржы, а гэта заўсёды адтэрміноўка. Некаторыя кажуць пра 3%, некаторыя — пра 6–8%. І гэта азначае падаражэньне пуцёвак, што адмоўна адбіваецца на попыце, бо народ прывык эканоміць, шукаць, дзе таньней. І ў такі год, калі крызіс, рубель патаньнеў, заробкі не падняліся, — і раптам пуцёўкі могуць падаражэць. Яшчэ невядома, які будзе настрой у народа, наколькі будзе імпэт. Усё будзе залежаць ад таго, як будуць складацца вонкавыя ўмовы, наколькі будзе хоць нейкая стабільнасьць забясьпечаная».

Турапэратары і раней усталёўвалі курс даляра самастойна, але ён быў блізкі да курсу Нацбанку. Цяпер жа яны вымушаныя будуць закладаць выдаткі на набыцьцё валюты ды яшчэ і дадатковыя рызыкі. Так што пуцёўкі падаражэюць, кажа прадстаўнік турагенцтва «5 зорак» Ігар Аўсянік. Наколькі — прагнозу пакуль не дае:

«На 100% я перакананы, што курс турапэратара будзе адрозьнівацца ад курсу Нацбанку. Натуральна, у бок павелічэньня. Пуцёўкі падаражэюць, адназначна. Наколькі, пакуль сказаць не магу. Валюту давядзецца набываць на біржы, плаціць банку працэнты за куплю».

Прагнозы экспэртаў у галіне турбізнэсу несуцяшальныя. Пасьля сьнежаньскага крызісу раньняе браніраваньне тураў скарацілася на траціну. Народ не сьпяшаецца набываць пуцёўкі нават з 30–40% зьніжкамі, бо курс даляра вырас, заробкі засталіся ранейшымі. Хто прывык адпачываць за мяжой, будзе самастойна шукаць, як зрабіць гэта таньней, кажа Лілія Кобзік:

«Магчыма, больш патэнцыйных кліентаў турфірмаў выберуць адпачынак, які яны будуць арганізоўваць самастойна. Замаўляць квіткі, гатэлі праз booking.com. Другое наступства — адток грошай за мяжу, таму што чалавек будзе карыстацца іншымі, не беларускімі аэрапортамі, пуцёўкамі замежных кампаніяў. У нас і так гэты працэс быў вельмі моцны, бо і з Масквы, і зь Вільні таньней (да таго ж там ёсьць лоўкосты), нават з Кіева, нягледзячы ні на што, таксама таньней. Яшчэ можа быць вяртаньне ў 1990-я, калі людзі выяжджалі за мяжу і там ужо плацілі замежным партнэрам нашых турфірмаў грошы, тыя ж самыя даляры і эўра. Разьлік ішоў за мяжой. Ва ўсіх гэтых выпадках дзяржава губляе, гэта відавочна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG