Краіны СНД былі прадстаўленыя ў 3 з 13 рэгіянальных намінацыяў прэміі. У намінацыі «Назад у СССР» лідзіруе Беларусь, у намінацыі «Адкрыцьцё году» ў тройку лідэраў уваходзіць Азэрбайджан, Кіргізстан перамог у намінацыі «Аздараўляльны адпачынак».
Як ставіцца да такой намінацыі? І наколькі яна сур’ёзная?
Галоўны рэдактар газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік кажа, што гэта даволі прэстыжны рэйтынг. Яна, праўда, пажартавала, што ня ведае, як у беларускім выпадку да гэтага ставіцца — так бы мовіць, у двукосьсі ці сур’ёзна. Часопіс гэты даволі ўплывовы, і прадстаўнікі турфірмаў дый шараговыя турысты арыентуюцца на ягоныя рэйтынгі. А элемэнты СССР, «саўка» ў Беларусі сапраўды захаваліся. І гэтую тэму можна разьвіваць, бо яна існуе ў рэальным часе:
«Мы ніколі так сябе не рэклямавалі, бо ўспрымаем сябе інакш. А як нас успрымаюць у сьвеце — гэта прэмія і паказала. Цікава, што Літва вельмі іранічна выкарыстала гэтую тэму, яны абыгралі „савок“ у афармленьні рэстарацыяў, паркаў. У нас усё гэта існуе ў рэальным часе. Так што гэта пэўны турыстычны напрамак. Але як гэтым скарыстацца, як зарабіць на гэтым грошы, мы пакуль ня ведаем. Але гэта не для масавага турыста. Гаворка можа ісьці толькі пра індывідуальны турызм. Бо такіх дзівакоў, якія хочуць пабачыць у рэале такую існасьць, такую сацыяльную экзотыку, ня так шмат».
Дырэктар Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў Валянцін Цэхмейстэр кажа, што гэты імідж трэба выкарыстоўваць. Ані ў кога гэтага ўжо не засталося, а ў нас ёсьць. Зьнішчыць усё лёгка, а вось захаваць цяжэй:
«Я нядаўна сустракаўся зь японскім журналістам, дык ён наагул парадаксальную рэч сказаў. Ён быў у Варшаве перад чэмпіянатам сьвету па хакеі, пачуў пра Беларусь і вырашыў зьезьдзіць. Прыехаў у «Прэзыдэнт-гатэль». Таксіст нават не парупіўся дапамагчы дастаць багаж, на рэцэпцыі яго ніхто не сустрэў, ён пайшоў сам шукаць адміністратара. Але кажа: «Вы ж гэта толькі не выпраўляйце, такога ў сьвеце нідзе няма. Так што гэтым трэба гандляваць, умела паднесьці».