Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнік — прадпрымальнікам: Вас ня будзе? Ну што ж я зраблю? Ня будзе — значыць, ня будзе


З ініцыятывы аб’яднаньня «Пэрспэктыва» ў сталічным гатэлі «Беларусь» прайшоў эканамічны Форум прадпрымальнікаў. Ключавой тэмай стала абмеркаваньне наступстваў прэзыдэнцкага ўказу № 222, якім пасьля 1 сакавіка спыняецца тэрмін распродажу тавараў лёгкай прамысловасьці без сэртыфікацыі паводле тэхрэглямэнту Мытнага саюзу. Гандляры пераконваюць, што ў выніку большая частка цэнтраў апусьцее, а гаспадары павільёнаў заявяць аб банкруцтве.

На сход прыехалі некалькі сотняў індывідуальных прадпрымальнікаў з усёй Беларусі. Канфэрэнц-заля адрамантаванага гатэля аказалася занадта малая, каб умясьціць усіх ахвотных выказацца наконт навацыяў — каля трохсот здолелі ўціснуцца ўсярэдзіну, яшчэ больш людзей намагаліся нешта пачуць у калідоры. Перадусім іх хвалюе, што будзе зь іхнім бізнэсам праз два тыдні, калі пачне дзейнічаць указ «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі», прыняты ў падтрымку тэхрэгляменту Мытнага саюзу.

Паседжаньне пачалося паказам аматарскага відэароліка, на якім зафіксаванае супрацьстаяньне гандляроў і кантралёраў на адным з рэчавых рынкаў Маладэчна ў апошнія дні мінулага году. Баронячы тавар ад канфіскацыі, людзі кідаюцца пад міліцэйскую машыну і бяз боязі тузаюцца з праваахоўнікамі. Агульны настрой хутка перакінуўся з экрану ў залю: выступоўцы адзін за адным папярэджвалі прадстаўнікоў уладных структураў, што ад 1 сакавіка падобную карціну можна будзе назіраць па ўсёй краіне.

Як заявіла берасьцейская прадпрымальніца Алена Кустус, ніхто ня будзе стаяць і глядзець, як забіраюць ягоную маёмасьць:

«Нам падвысілі стаўку падатку — ясна, што ў дзяржавы таксама няма грошай. І мы гатовыя заплаціць гэты ўвозны ПДВ. Але трэба разумець і нас — мы таксама, у рэшце рэшт, не бяздонная бочка, у нас таксама ёсьць усяму мяжа, канец грашам і ўсяму іншаму. Мы ўжо не зарабляем на сябе, не купляем лішняга. Ідзеш у краму, лічыш кожную капейку, каб не патраціць лішняга. Я ня скарджуся, мы цяпер жывём так, як і кожны ў гэтай краіне, ахопленай крызісам. Заробкі ў людзей мізэрныя, кожны намагаецца выехаць па больш танны тавар ва Ўкраіну ці Польшчу, таму прадпрымальнік можа стаяць тыднямі, нічога не прадаючы. Зрэшты, я мяркую, што такая ж сытуацыя ня толькі ў рэгіёнах, але і ў Менску».



Указ № 222 абавязаў мець сэртыфікаты на ўвесь імпартаваны асартымэнт, але рэшткі тавараў, увезеных да пачатку яго дзеяньня, дазволена прадаваць паводле старых правілаў да 1 сакавіка 2015 году. Прадпрымальнікі спадзяваліся на падаўжэньне тэрміну, бо аб’ектыўна не гатовыя працаваць згодна з новымі правіламі — атрымаць неабходныя дакумэнты ў пастаўшчыкоў на аптовых рынках, пераважна расейскіх, практычна немагчыма. Таму старшыня прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка і выказаў спадзяваньне, што ўлады ўсё ж пачуюць сваіх грамадзянаў у апошнія дні да часу «ікс», ня даўшы сытуацыі пераваліць за кропку невяртаньня:

«Мы тая частка беларускага грамадзтва, якая хоча і гатовая падставіць плячо дзяржаве. Трэба зрабіць толькі маленькі крок, каб мы былі пачутыя. Але ў дадзенай сытуацыі хочацца адзначыць: магчыма, чыноўнікі альбо хітруюць, альбо ў іх склалася няправільнае ўражаньне. Адказваю галавой: ніхто з прадстаўнікоў прадпрымальніцкай супольнасьці, занятых у сфэры розьнічнага гандлю на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, паўтараю — ніхто — не візіраваў указ № 222. Тое, што было заяўлена — маўляў, ён быў прыняты з улікам нашых інтарэсаў і пры нашай згодзе, — гэта хлусьня. Няпраўда, не было нічога падобнага, мы выступалі супраць! Усе прадпрымальнікі, якія атрымалі такі ўдар пад дых, катэгарычна супраць такіх забойчых навацыяў».



На форуме прысутнічала дэлегацыя чыноўнікаў зь міністэрстваў гандлю, эканомікі, падаткаў і збораў, былі кіраўнікі профільных дэпартамэнтаў Менскага гарадзкога і абласных выканкамаў. Усе выступоўцы пачыналі з рэвэрансаў у бок прадпрымальнікаў як надзейнага падмурку нацыянальнай эканомікі, але ўрэшце давалі зразумець: органы ўлады ня будуць ані працягваць тэрмін распродажу рэшты тавараў, ані ўносіць зьмены ў прэзыдэнцкі ўказ. Пры тым, што яшчэ на пачатку году абмяркоўваліся тры варыянты мараторыю на распродаж рэшты тавараў: да 31 сьнежня 2015 году, да 1 красавіка 2016-га, і — да поўнай ліквідацыі запасаў.


Катэгарычнасьць чыноўнікаў выклікала ў залі сьвіст і незадаволеныя выкрыкі. Начальнік аддзелу прадпрымальніцтва Менскага аблвыканкаму Дзяніс Кубленка пратрымаўся на трыбуне найдаўжэй з калегаў, але сагналі ўрэшце і яго:

«Так, Менаблвыканкам, напэўна, усё ж падтрымліваў працяг вось гэтых тэрмінаў да канца бягучага году альбо нават да 1 сакавіка 2016-га. Але факт, які мае месца — працягу ня будзе... (Незадаволеныя крыкі з залі: «А мы будзем дабівацца, каб гэты працяг быў».) Так ці інакш, мы пакуль зыходзім з таго, што тэрмін 1 сакавіка гэтага году — гэта тая дата, калі набывае сілу 222-гі ўказ з усімі наступствамі. Таму, што тычыцца ўказу, то тут, на мой погляд, калі прынятае на высокім узроўні такое рашэньне, яго трэба паважаць. (Галасы прадпрымальнікаў: «Мы ўсе зачынімся, калі вы не працягнеце нам тэрмін па астатках».) Вас ня будзе? Ну, што ж я зраблю? Ня будзе, значыць, ня будзе... (Сьвіст і незадаволены гул прысутных: «Ну, не, вы павінны ставіцца да людзей інакш, здымайце яго з трыбуны!»)



У прадпрымальніцкай супольнасьці перакананыя, што апошнія рашэньні дзяржаўных структураў прывядуць да зьнішчэньня малога бізнэсу за лічаныя месяцы. Зрэшты, пра блізкую разьвязку ўжо сьведчаць напаўпустыя цэнтры і рынкі, якія гандляры пачалі масава пакідаць, баючыся татальнай канфіскацыі тавару, які пасьля 1 сакавіка аўтаматычна пяройдзе ў катэгорыю «незаконнага». Індывідуальны прадпрымальнік з Магілёва спадар Аляксей, зьвяртаючыся да чыноўнікаў, заявіў, што такімі мэтадамі ў адносінах да сваіх грамадзянаў дзейнічае толькі «паліцэйская дзяржава»:

«Што тычыцца дакумэнтаў. Быў адзіны падатак. Тады чыноўнікі з усіх трыбунаў нам расказвалі пра дэбюракратызацыю, пра спрашчэньне працэдур. І што вы зрабілі ў канчатковым выніку? Вы ўскладнілі ўсё да максымуму. Ну, што яшчэ прасьцей? Увялі адзіны падатак — і фіксуйце яго ў адпаведнасьці з інфляцыяй, паступова. І ўсё, няхай людзі спакойна працуюць. Не, вам трэба было напрыдумляць кучу ўсялякіх дакумэнтаў, журналаў, цяпер вось накладныя. Для чаго ўсё гэта? Каб на выхадзе садраць з нас болей грошай, гэта ж відавочна. Дык зьбірайце іх у выглядзе адзінага падатку, а мы ўжо будзем глядзець, выжывем, ці не (аплядысмэнты і ўхвальны гул у залі). Ці гэта ўжо абавязкова, каб у вас было ўсё як у паліцэйскай дзяржаве — аштрафаваць, канфіскаваць, пасадзіць?»



У прамовах шмат якіх выступоўцаў гучала гатовасьць «кулакамі» бараніць свой бізнэс ад нацыяналізацыі. Пры гэтым прадпрымальнікі салідарныя ў думцы, што магчымасьць сацыяльных пратэстаў правакуюць самі ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG