30-гадовы беларус Сьцяпан Сьвідзерскі вызвалены з-пад арышту ў Гданьску, перадае Nasze Miasto.
Па выніках паседжаньня, што праходзіла за зачыненымі дзьвярыма, ваяводзкі суд у Гданьску не задаволіў прашэньне пракурора аб папярэднім арышце падазраванага.
Сьвідзерскі вызвалены без усялякіх прафіляктычных захадаў. Паводле пракурора, на цяперашнім этапе дадатковая інфармацыя ня будзе абнародавацца. Пракурор таксама паведаміў, што будзе абскарджваць рашэньне суду.
Адвакат падазраванага пацьвердзіў Свабодзе яго вызваленьне. Сьвідзерскі жа сказаў, што рашэньнем суду задаволены, сябе вінаватым па-ранейшаму не прызнае.
Акруговая пракуратура ў Гданьску раней выставіла Сьвідзерскаму абвінавачаньне ў замаху на забойства, за што ў Польшчы пагражае ад 8 да 25 гадоў турмы альбо нават пажыцьцёвае зьняволеньне.
Паводле пракуратуры, Сьвідзерскі прыйшоў на працу са зброяй, у пэўны момант «зрабіў два стрэлы і адзін зь іх у кірунку ахвяры». У здарэньні ніхто не пацярпеў. Паводле неафіцыйных крыніцаў, адна з куляў трапіла ў ноўтбук, які трымаў на плячы пацярпелы; другая куля трапіла ў столь.
Сьвідзерскі не прызнаваў віны: казаў, «страляў законна, бо той злачынца». Паводле розных вэрсіяў, якія выкладалі сьведкі, Сьвідзерскі ці то нацэліў зброю на кагосьці ў офісе, ці то паказваў камусьці зброю, а іншы чалавек (паводле некаторых — не супрацоўнік кампаніі) на яго накінуўся і спрабаваў адабраць зброю, ці то Сьвідзерскі проста ішоў па калідоры са зброяй, калі на яго накінуўся іншы чалавек. Абвінавачаны кажа, што мае дазвол насіць зброю, займаецца спартовай стральбой. Маці Сьвідзерскага казала Свабодзе, што хлопец, імаверна, проста не пасьпеў завезьці зброю дамоў, калі ехаў з заняткаў на працу.
Сьцяпан Сьвідзерскі, «каліновец» з Горадні