Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я страляў законна». Беларусу ў Гдыні выставілі абвінавачаньне


Акруговая пракуратура ў Гданьску выставіла сёньня абвінавачаньні грамадзяніну Беларусі, якога ў аўторак затрымалі пасьля страляніны ў Гдыні.

Як сказала Свабодзе прадстаўніца пракуратуры Гражына Ваўранюк, ён абвінавачваецца ў замаху на забойства:

«На падставе сабранага матэрыялу вядома, што мужчына зрабіў два стрэлы і адзін зь іх у кірунку ахвяры».

30-гадовы беларус не прызнаўся ў злачынстве, якое яму інкрымінуецца. Ён падаў сваю вэрсію. Яна будзе правярацца. Пракурор прыняў рашэньне накіраваць заяву ў суд пра часовы арышт затрыманага. Суд разгледзіць яе заўтра.

Каля сядзібы гданьскай акруговай пракуратуры журналістка тэлеканалу TVN24 задала Сьцяпану Сьвідзерскаму пытаньне, у каго ён страляў і ці меў дазвол на зброю. Беларус адказаў, што «дазвол меў» і страляў законна, бо той злачынца.

Радыё Гданьск цытуе сьведкаў здарэньня, якія распавялі, што Сьвідзерскі ішоў з пісталетам па калідоры. Калі адзін з мужчынаў зрабіў яму заўвагу, то беларус нібыта нацэліў на яго пісталет і загадаў стаць на калені. Пачалася мітусьня, адбыліся два стрэлы.

Як даведалася Радыё Гданьск зь неафіцыйных крыніц, адна з куляў трапіла ў ноўтбук, які трымаў на плячы пацярпелы. Другая куля трапіла ў столь. Пракурор правёў сьледчы экспэрымэнт, каб пацьвердзіць гэтую вэрсію.

Маці беларуса, які нібыта страляў у Гдыні: «Ішоў на працу з трэнаваньня, не пасьпеў завезьці зброю дамоў»

Паводле прэс-сакратара пракуратуры, інцыдэнт ня меў канфліктнага характару або помсты пацярпеламу.

«Падазраваны меў пры сабе дзьве адзінкі зброі. У яго быў на яе дазвол. Стрэлы ён зрабіў зь пісталету», — сказала Гражына Ваўранюк.

Вядома, што пацярпелы працуе ў фірме, чый офіс месьціцца ў адным будынку з Thomson Reuters.

Раней прадстаўнік паліцыі ў Гданьску паведаміў Свабодзе, што ніводная асоба ў сувязі з гэтым здарэньнем не пацярпела і не была параненая.

Паводле артыкулу «Замах на забойства» ў Польшчы можа пагражаць ад 8 да 25 гадоў турмы альбо нават пажыцьцёвае зьняволеньне.

Беларусу, які страляў у Гдыні, можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG