На магілёўскім заводзе «Строммашына» працаўнікі праз суд дамагаюцца выплаты заробкаў. Прадпрыемства на мяжы банкруцтва. Днямі прадалі адміністрацыйны будынак, арыштаваны за нявыплату закладу. У адміністрацыі заяўляюць, што цягам тыдня з працаўнікамі разьлічацца са сродкаў ад гэтага продажу. Але прызнаюць: уратаваць прадпрыемства гэтыя грошы не дапамогуць.
Пра нявыплату заробкаў паведамілі працаўнікі прадпрыемства. Гаварыць публічна на гэтую тэму, аднак, наважваліся нямногія. У прыватных гутарках казалі: заробленае не выплачваецца ад двух да трох месяцаў. Працаўнікі дамагаюцца выплаты праз суд.
«За тры месяцы людзям не заплацілі, а ёсьць і такія, якім за чатыры не заплачана. Тых, хто звольніўся, не разьлічваюць. Людзей многа пазвальнялася, — апавядае пра сытуацыю на прадпрыемстве адна з працаўніц. — Людзі хадзілі да адвакатаў, юрыстаў і скардзяцца ў суд, бо заробленыя грошы нельга забраць. Заробкі ў нас невялікія, нават сорамна казаць — па 800 тысяч, па мільёну, у некаторых два мільёны».
Пэўнасьці ў працоўнага калектыву наконт будучыні прадпрыемства, па словах суразмоўніцы, няма. Яна заўважае: многія лічаць, што завод распрададуць:
«Кіраўніцтва, аднак, нас запэўнівае, што заказы ў прадпрыемства ёсьць і будзем працаваць. Але сумневы ў нас. Працы ж вялікай няма. Такое месца ў заводу — у цэнтры гораду. Многія хацелі б ухапіць», — разважае працаўніца.
«Столькі гадоў адпрацаваўшы, крыўдна за завод. Заўжды за намі было першае месца, а цяпер першае месца па распродажы. Многа людзей, каму няшмат засталося да пэнсіі. Куды пайсьці? Зрабілі самі беспрацоўе. Людзі выкручваюцца як могуць».
Днямі адміністрацыйны будынак заводу ў цэнтры гораду купіла ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму больш як за 31 з паловай мільярд рублёў. Чатырохпавярховую будыніну арыштавалі за нявыплату прадпрыемствам закладу і выставілі на аўкцыён. На ім, як паведамляюць мясцовыя СМІ, была толькі адна заяўка на куплю — ад упраўленьня юстыцыі.
Праблемы з выплатай заробкаў адміністрацыя заводу прызнае. Сьцьвярджаецца, што грошы ад продажу адміністрацыйнага будынка дапамогуць разьлічыцца з працоўнымі:
«Ад продажу гэтага будынка дзесяць мільярдаў накіроўваюцца на пагашэньне запазычанасьці па заработнай плаце. Мы цяпер над гэтым працуем, і цягам, я так думаю, тыдня яны паступяць на рахункі працаўнікоў», — зазначыў прадстаўнік адміністрацыі.
Разам з тым суразмоўца прызнаў, што пэрспэктывы ў прадпрыемства змрочныя.
«Продаж будынка спрыяе выплаце заработнай платы, але не спрыяе, як вы сказалі, адраджэньню прадпрыемства», — прызнаў прадстаўнік адміністрацыі.
Суразмоўца ня выключыў, што прадпрыемства могуць распрадаць па частках:
Мы падалі заяву на банкруцтва, і 2 ліпеня будзе суд
«Такое можа быць. Мы падалі заяву на банкруцтва, і 2 ліпеня будзе суд. Пасьля наш лёс будзе залежаць ад антыкрызіснага кіраўніка, якога прызначыць нам суд. І, зразумела, ад кіраўніка дзяржавы».
«Строммашына» — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускае машыны для вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, горныя і будаўнічыя машыны, вежавыя краны.
З эканамічнымі цяжкасьцямі прадпрыемства сутыкнулася ў 2013 годзе. Тады працаўнікі таксама наракалі на нявыплату заробкаў. Адміністрацыя прызнала, што праблема такая ёсьць, і патлумачыла, што з прадпрыемствам не разьлічваюцца партнэры за пастаўленую ім прадукцыю.
Праблемы абвастрыліся, калі ў Расеі, дзе асноўныя гандлёвыя партнэры прадпрыемства, рэзка абвалілася валюта. Пры канцы 2014 году адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі прызнаваў, што завод штодня губляе да аднаго мільярда рублёў праз высокі курс беларускага рубля. «Гэта прыводзіць да вымываньня абаротных сродкаў», — даводзіў ён. Паратунак спэцыяліст бачыў у дэвальвацыі беларускіх грошай.