Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бунт адчаю на заводзе ў Маладэчне. Відэа запісанае рабочымі


Працаўнікі Маладэчанскага заводу мэталаканструкцыяў выступілі з пратэстам супраць кіраўніцтва, ня здольнага забясьпечыць рэгулярную выплату заробку. Дырэктарат мусіў прызнаць, што спадзяваньнямі лепш ня цешыцца — кантрактаў на збыт прадукцыі няма.

Размову на падвышаных тонах з адміністрацыяй прадпрыемства рабочыя запісалі на відэа і выклалі ў сеціва. Падставай стала запазычанасьць па заробках, якая ператварылася ў хранічную. Пасьля таго, як крайнім тэрмінам па выплаце быў названы панядзелак 8 чэрвеня, але і гэтыя абяцаньні зноў ня былі выкананыя, працоўны люд высыпаў на заводзкую тэрыторыю.

Да абуранага натоўпу выйшлі намесьнік гендырэктара па эканоміцы Дзьмітры Купрыянаў, які адначасова выконвае абавязкі кіраўніка прадпрыемства, намесьнік гендырэктара па вытворчасьці Васіль Дылеўскі, галоўны інжынэр Іван Хоміч. Апошні заклікаў не страйкаваць, а працаваць, бо ад таго, ці будуць у тэрмін выкананыя дзьве стратэгічныя замовы, наўпрост залежыць будучая аплата:

«Мы глябальна залезьлі ў даўгі — па электраэнэргіі і ўсім іншым. Чаму не выдаваўся заробак? На мінулым тыдні спрабавалі заплаціць за электраэнэргію, каб скончыць тыя замовы, за якія нам прыйдуць грошы і мы атрымаем зарплату. Па даўгах будуць асобныя разборкі, але мы найперш намагаліся захаваць увесь калектыў — 1130 чалавек, таму лезьлі на ўсе застаўкі. Калі сюды прыйдзе новы кіраўнік, ён пабачыць, ува што мы лезьлі ўвогуле, каб захаваць калектыў. Таму два аб’екты, зь якіх цяпер ідзе заробак, трэба дарабіць — парадку 80 тысяч даляраў па адным і 3 мільёны расейскімі рублямі па другім. Нам амаль што хапае гэтых грошай, каб выйсьці з сытуацыі. Гэтыя аб’екты неабходна завяршыць адназначна».

Разыходзіцца па працоўных месцах людзі адмовіліся, патрабуючы поўнай яснасьці. Адзін са старэйшых рабочых згадаў, што абяцанкамі іх кормяць так даўно, што ніякага даверу да словаў ужо няма:

«Пры канцы тыдня была інфармацыя: грошы пералічаныя позна ў пятніцу, расейскімі рублямі. Маўляў, у панядзелак адчыняецца банк, грошы памяняем, атрымаеце заробак. Гэта словы кіраўніцтва. Было такое? Было. У пятніцу абяцалі, што будуць грошы. Але іх няма! Вы разумееце, на які мазоль людзям наступілі? У краму прыходзіш, сунесься са сваім пропускам да касы, а там на цябе глядзяць як на дурня. Да таго дажыліся, што хлеба няма за што купіць, за дзіцячы садок няма чым разьлічыцца. Як жонцы ў вочы глядзець? У суботу былі імяніны, 50 гадоў, яна на мяне глядзіць: што ты за муж, што нават кветку не падарыў? Мне што, ад сораму дадому ўвогуле не зьяўляцца? Мы вас выслухалі, нам вашы абяцанкі ўжо папярок горла стаяць. Раніцай адно абяцаеце, у абед другое, увечары — трэцяе. Дык каму верыць? Вы ж у наша становішча таксама ўвайдзіце...»

Да таго дажыліся, што хлеба няма за што купіць, за дзіцячы садок няма чым разьлічыцца. Як жонцы ў вочы глядзець?

Маладэчанскае прадпрыемства вырабляе мэталічныя канструкцыі і пастаўляе іх на аб’екты ў Беларусі і Расеі. Аднак з эканамічным крызісам у суседняй краіне ад паслугаў беларускіх вытворцаў фактычна адмовіліся. Гэта пацьвердзіў галоўны інжынэр Іван Хоміч. Паводле ягоных словаў, пэрспэктывы ў калектыву цьмяныя:

«Цяпер што тычыцца пэрспэктываў, важны момант. Пэрспэктыва нулявая практычна, каб вы ўсе ведалі. Замоваў мы не знайшлі. Вы ведаеце, што цяпер рыхтуюць новага генэральнага дырэктара, толькі ідзе ўсё чамусьці марудна. Дзьмітры Купрыянаў выконвае абавязкі ўсяго другі месяц, а мы ўсе бочкі коцім на яго. Мы чакаем кіраўніка, які дасьць штуршок заводу, мы ня здолелі. Мы не змаглі загрузіць Расею — доўга можна расказваць, куды мы езьдзілі і што рабілі, але не змаглі, нас там проста ня хочуць бачыць. Магчыма, новы кіраўнік выбудуе працу інакш і ўсё атрымаецца. Таму ілюзіяў ніякіх не захоўвайце. Нават тое, што днямі атрымаеце, выдаткоўвайце толькі на ежу: атрымаеце свае 2–3 мільёны — і трымайце гэтыя грошы».

Каб зьнізіць градус масавай незадаволенасьці, выканаўца абавязкаў кіраўніка заводу Дзьмітры Купрыянаў паабяцаў пачаць паэтапную выплату запазычанасьцяў ад 11 чэрвеня. Праўда, так і ня здолеў сказаць, што будзе праз тыдзень, калі надыдзе тэрмін выплаты чарговага заробку. Адзінае — паабяцаў, што ў выпадку неразьліку да канца тыдня пакладзе на стол заяву аб звальненьні:

«Я вам нічога глябальнага абяцаць ня буду, таму што грошай у патрэбным аб’ёме няма. Можаце колькі заўгодна шумець і абурацца, але грошы зь неба не ўпадуць. Таму давайце так: ад заўтрашняга дня я пачынаю пакрысе выдаваць заробак, і калі да канца тыдня не аддаю — кладу заяву, і рабіце што хочаце. Але нейкім чынам будзем закрываць гэтае пытаньне, з вашай жа дапамогай. Будзем разам з вамі напрацоўваць замовы, будзем адгружаць прадукцыю — толькі ў такім выпадку завод будзе атрымліваць гэтыя грошы».

Рабочыя выставілі кіраўніцтву заводу сваё патрабаваньне: выплаціць належнае ў 100-працэнтным аб’ёме да канца тыдня без традыцыйных ужо «цырканьняў» па 5–10%:

Вы кажаце: так, хлопцы, трэба пацярпець. Ды позна, нацярпеліся ўжо, хопіць

«Мы трывалі ад 21 чысла, і ўжо ня першы раз. Што зьмяняецца? Ды нічога не зьмяняецца. Чаму раней людзей не сабраць? Як стала дрэнна, сабралі б людзей, папрасілі б па-людзку. Цяпер, як ужо сапраўды прыціснула, вы кажаце: так, хлопцы, трэба пацярпець. Ды позна, нацярпеліся ўжо, хопіць. Запытайце ў любога, як дагэтуль даводзілася інфармацыя? Ніяк! Калі вы паміж сабой нешта абмяркоўвалі, гэта ня значыць, што нешта да нас даходзіла. Мы паміж сабой таксама рознае абмяркоўвалі, але да нас ніхто не прыйшоў з кіраўніцтва і нічога не сказаў. А цяпер пачынаецца: 13% заплацім, не, лепш 8%, а можа, хопіць і 6%. Урэшце нічога не далі. Дык вось нашы ўмовы: 11 чэрвеня — 50% заробку, 12-га — 100%. Вашы словы, нават не адмаўляйцеся, у мяне ўсё запісана: 11–12-га — поўны разьлік. Хлопцы, усе чулі?».

Удзельнікі стыхійнага пратэсту параілі кіраўніцтву добра «прарэдзіць» свае шэрагі, бо ў сяміпавярховым адміністрацыйным будынку на кожнага працаўніка хутка будзе пэрсанальны кантралёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG