Кішынёўскія пратэсты аб’ядналі левых і правых, прарасейскіх і праэўрапейскіх. Але легітымных шляхоў выхаду з крызісу пакуль не відно.
Пасьля таго як у кастрычніку 2015 году Малдова адправіла ў адстаўку ўрад Валера Стральца, а былога прэм’ера Ўладзімера Філата — пад арышт, у Кішынёве не спыняецца парлямэнцкі крызіс і вулічныя пратэсты. Дый раней было неспакойна, на вуліцы выходзілі да 100 тысяч людзей.
На фоне штурму парлямэнту і нападу на яго кіраўніка 20 студзеня быў зацьверджаны ўрад прэм’ер-міністра Паўла Філіпа, якога лічаць празаходнім палітыкам. Але пратэсты не сьціхаюць.
Пра прычыны пратэстаў Свабодзе распавёў Юліян Граза, адзін зь віцэ-старшыняў апазыцыйнай праэўрапейскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Малдовы, да якой належалі Стралец і Філат.
«Цяпер у Малдове досыць напружаныя часы. Учора прагаласавалі ў вельмі дзіўным фармаце — за 32 хвіліны выслухалі кандыдата ў прэм’еры, і гэта справакавала моцныя хваляваньні. Сёньня гэтыя пратэсты, верагодна, будуць працягвацца.
Самыя вялікія пытаньні выклікае той факт, як была створаная парлямэнцкая большасьць, бо з 57 дэпутатаў, якія прагаласавалі за ўрад (усяго ў парлямэнце 101 дэпутат. — РС), прынамсі 22–24 былі прыцягнутыя ў бальшыню, хутчэй за ўсё, праз розныя формы подкупу і ціску. Апазыцыя, парлямэнцкая і непарлямэнцкая, лічыць гэты ўрад нелегітымным, таму патрабуе датэрміновых выбараў».
Як патлумачыў дырэктар кішынёўскага бюро Радыё Свабодная Эўропа Васіліў Батнару, нават у самой Малдове, а тым больш за яе межамі мала хто разумее, што адбываецца ў парлямэнце, але незадаволенасьць уладай сапраўды аб’яднала левых і правых:
«Парлямэнцкая і непарлямэнцкая апазыцыя застаецца на сваіх пазыцыях і будзе апратэстоўваць легітымнасьць новага ўраду. Але прагаласавалі — не падкапаесься. Хоць па працэдуры ёсьць пытаньні, тэхнічна ўсё зроблена. Таму і „гналі коней“ учора, апоўначы давалі клятву і цалавалі сьцяг... Але сёньня працягваюцца пратэсты.
Уся праблема ў тым, што прэм’ер — ад Дэмакратычнай партыі. Яна першапачаткова прапаноўвала прэм’ерам вядомага алігарха Плахатнюка, але яго кандыдатуру адхіліў прэзыдэнт праз падазрэньні ў незаконнай дзейнасьці. Тады Дэмпартыя прапанавала іншага кандыдата, ягонага сябра і аднакашніка Філіпа, ягонага стаўленіка. Той не адмаўляў, казаў: „Так, знаёмыя“, „мы сябры“, „спадабалася б, калі б ён мне хацеў даваць парады“... Нават не спрабаваў адмаўляць. Таму да яго няма даверу.
Улады разьлічвалі на тое, што ў час галасаваньня ў парлямэнце амаль не было прадстаўнікоў апазыцыі і што апазыцыя ня зможа сабраць людзей пад парлямэнтам. Але тое, што ўчора нарабілі, разьюшыла апазыцыю, яны ня будуць супакойвацца. Пры тым, што ня маюць юрыдычных сродкаў, каб апратэставаць гэтае рашэньне.
Гэтая ўлада, якая была апошнія 6 год, відавочна пракралася.
Яны папракалі камуністаў у тым, што тыя набудавалі ўсялякія схемы і раскралі бюджэт. Але калі прыйшлі да ўлады, ім гэта спадабалася, яны прыбралі ўсё да рук і працягнулі. Апошняе іх дасягненьне, вядомае на ўвесь сьвет, — калі яны з галоўнага банку вывелі мільярд эўра праз мутныя схемы, потым на нейкіх цёмных умовах аддалі (у прыватныя рукі. — РС) аэрапорт. Цяпер «праэўрапейскі» прэм’ер сядзіць у турме, а сьледзтва вядзецца па мінімум чвэрці таго скрадзенага мільярда. Яго папракаюць, што ён браў хабар, а ён адказвае, што гэта ня хабар, гэта былі падарункі. А гэта паездкі на мора, машыны...
Казаць, што пратэстуюць супраць праэўрапейскай партыі некарэктна, хоць так пішуць з-за мяжы.
Тыя, хто цяпер выйшаў на вуліцу, — адны праэўрапейскія, іншыя прарасейскія, яшчэ „махровыя“ нацыяналісты, але іх аб’яднала тое, што яны супраць алігархаў, якія казалі, што праэўрапейскія, а аказалася, пракраліся. Добра, што ўчора не падпалілі парлямэнт, бо ў красавіку 2009-га праэўрапейцы прыйшлі да ўлады якраз у выніку падпалу.
Галоўны лёзунг цяпер — датэрміновыя выбары, каб мірным шляхам скінуць урад.
Але ўрад ня згодны, правыя партыі не гатовыя. Яны расчаравалі свой электарат, той шукае альтэрнатывы, але рэальнай альтэрнатывы пакуль няма. Улады карыстаюцца гэтым, кажуць: „Ня сыдзем, бо тады да ўлады прыйдуць прарасейскія, зьменіцца вэктар разьвіцьця, таму мусіце нас пацярпець яшчэ тры гады“. Гэты шантаж быў яшчэ на мінулых выбарах 2014-га, але цяпер не зусім працуе, бо абудзіўся шэраг правых лідэраў».