57 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі выступілі з заявай з нагоды выбараў новага рэктара ЭГУ. У заяве крытыкуецца асоба новага кіраўніка ўнівэрсытэту, амэрыканца Дэйвіда Поліка, ставіцца пад сумнеў права ЭГУ лічыцца «беларускім праектам» і прапаноўваецца стварыць альтэрнатыўны Нацыянальны ўнівэрсытэт, «у якім беларускасьць будзе прынцыпам існаваньня».
У адказ ЭГУ распаўсюдзіў прэс-рэліз са статыстыкай, якая сьведчыць, што большасьць выпускнікоў унівэрсытэту застаюцца працаваць у Беларусі.
З гэтай нагоды Свабода пагутарыла са старшынём сэнату ЭГУ прафэсарам-эмэрытам Рыгорам Мінянковым.
— У заяве 57-мі грамадзкіх і культурніцкіх дзеячоў сьцьвярджаецца, што «лёс унівэрсытэту трапіў у рукі чалавека, які ня толькі ніколі не займаўся беларускімі справамі, але нават не знаёмы з сытуацыяй у нашай краіне і ў рэгіёне». Як вы лічыце, тут гучаць прэтэнзіі канкрэтных асобаў, якія балятаваліся на пасаду кіраўніка ЭГУ, ці аб’ектыўная ацэнка асобы Дэйвіда Поліка?
— Гэтая заява вельмі цікавая. Я стаўлюся так: калі пра нас пішуць, калі пра нас выдаюць заявы, значыць, мы жывем. Ва ўнівэрсытэце паставіліся да чарговай заявы беларускіх дзеячоў, якая гэтым разам вельмі суворая і надзвычай крытычная, даволі спакойна. Мы разумеем, што ёсьць пытаньні, на якія мы павінны адказаць.
Што да асобы Дэйвіда Поліка. Я думаю, тое, што ён «ня толькі ніколі не займаўся беларускімі справамі, але нават не знаёмы з сытуацыяй у нашай краіне і ў рэгіёне», — ня самая вялікая праблема. Любы добра падрыхтаваны чалавек можа хутка пазнаёміцца з гэтымі справамі, гэта ня так цяжка.
Гаворачы пра рэктара, трэба памятаць, што такое сучасны ўнівэрсытэт. З акцэнтам на слова «сучасны». Найперш, гэта міжнародная ўстанова, дзе працуюць і кіруюць людзі з розных краін. Гэта норма — людзі размаўляюць на розных мовах, а пры неабходнасьці пераходзяць на ангельскую. Тое, што мы кіруемся гэтай тэндэнцыяй, — ня так і кепска. Мне дзіўна чытаць, што «лёс унівэрсытэту трапіў у рукі чалавека...». Лёс унівэрсытэту — у руках акадэмічнай супольнасьці, а не ў руках аднаго чалавека. Нягледзячы ні на што, наш унівэрсытэт застаецца беларускім. Гэта адзіны беларускі ўнівэрсытэт, які працуе паводле Балёнскай мадэлі. А калі мы дадамо сюды амэрыканскі мэнэджмэнт, то атрымаем яшчэ адзін плюс, бо амэрыканскія ўнівэрсытэты — самыя пасьпяховыя ў сьвеце. Мы будзем працаваць далей. І будзем вучыць спадара Поліка, тлумачыць яму асаблівасьці Беларусі і беларускай сытуацыі.
— У адказ на заяву 57 асобаў пра адсутнасьць беларускасьці ў ЭГУ прэс-служба распаўсюдзіла прэс-рэліз, які выйшаў па-расейску і па-ангельску. Прычым у прэс-рэлізе расьпісаныя шматлікія сувязі ўнівэрсытэту зь Беларусьсю. Удакладніце, якая мова лічыцца афіцыйнай у ЭГУ?
— Афіцыйна мы — літоўская навучальная ўстанова. У Літве мы можам працаваць як на літоўскай мове, так і на любой іншай мове Эўразьвязу. Ні беларуская, ні расейская мовы такімі не зьяўляюцца. Таму афіцыйна наша мова — літоўская, і ўсе дакумэнты ў нас вядуцца менавіта па-літоўску.
Толькі 10% курсаў у нас чытаюцца па-беларуску, але больш за 50% прысьвечаныя беларускай праблематыцы
Што да працоўных моваў, то іх тры — беларуская, расейская, ангельская. Гэта наша палітыка, мы зыходзім з таго, што беларускі выкладчык павінен карыстацца той мовай, якая зручнейшая і прасьцейшая для яго, а заходнія ці расейскія выкладчыкі — адпаведна той мовай, якую яны ведаюць: расейскай, ангельскай, францускай, нямецкай. Студэнт мае права адказваць вусна і пісаць працы на той мове, на якой яму прасьцей. Таму ў межах некаторых курсаў выкладчык чытае па-расейску, дае літаратуру на ангельскай мове, а пасьля правярае пісьмовыя заданьні, выкананыя па-беларуску. Самае вялікае значэньне для нас мае ангельская мова — так пабудаваны сучасны ўнівэрсытэт. Калі зьвярнуцца да статыстыкі, то толькі 10% курсаў у нас чытаюцца па-беларуску, але больш за 50% прысьвечаныя беларускай праблематыцы. Толькі 10% курсавых і дыплёмных працаў пішацца па-беларуску, але больш за 60% усіх працаў — гэта дасьледаваньні беларускай праблематыкі. У нас вельмі гнуткая моўная палітыка, мы стараемся не адставаць ад сучасных унівэрсытэтаў, якія ў бальшыні сваёй полімоўныя.
— Чаму пры адсутнасьці дыскрымінацыі беларускай мовы ўсё ж такая малая доля працаў пішацца па-беларуску? Можа, грамадзкасьць чакае ад ЭГУ заахвочваньня і матываваньня студэнтаў пераходзіць на родную мову як падчас вучобы, так і пры напісаньні навуковых працаў?
— Я пагаджуся, што гэта праблема. І яна абмяркоўваецца ў многіх эўрапейскіх унівэрсытэтах, ня толькі ў ЭГУ. Міжнародная мова — ангельская, рынак працы таксама патрабуе англамоўных працаўнікоў. Таму як нам падштурхоўваць студэнтаў у бок беларускай мовы? Мы думаем пра гэта, але ёсьць шмат перашкодаў. Напрыклад, няма перакладаў тэкстаў на беларускую мову. Таксама цяпер высокі ўзровень студэнцкай мабільнасьці — гэта значыць, што да нас едуць шмат студэнтаў зь іншых краін, а студэнты ЭГУ таксама едуць у іншыя ВНУ. І тут нам трэба працаваць у бок павелічэньня колькасьці курсаў на ангельскай мове (хаця б да 25%), бо тады да нас будуць прыяжджаць яшчэ больш, што выгадна ў фінансавым і іміджавым пляне.
— То бок моўны прыярытэт ЭГУ — ангельская мова?
— Так, бо гэта глябальная сытуацыя. Мы не арыентуем студэнтаў на беларускую мову, але арыентуем іхнія працы і дасьледаваньні на беларускую праблематыку ў эўрапейскім кантэксьце.
— Давайце вернемся да асобы новага рэктара, працэс абраньня якога выклікаў вялікі рэзананс у СМІ. Якім чынам адміністрацыя і камісія па абраньні ўлічвалі думку аўтарытэтных беларусаў, якія неаднаразова выступалі з публічнымі заявамі пра тое, каб топ-мэнэджмэнт ЭГУ складаўся зь беларусаў?
— Ведаеце, калі я чую такія заклікі, то ўзгадваю 2004 год, калі зачынілі ЭГУ. Тады першай ластаўкай стала выступленьне міністра адукацыі Радзькова, які сказаў, што «ЭГУ ператварыўся ў прахадны двор», маючы на ўвазе, што кожны год ва ўнівэрсытэце выкладалі 50 выкладчыкаў зь іншых краінаў. Тады міністар абурыўся і спытаў: ці ў нас сваіх выкладчыкаў не хапае? То бок — тое, што сёньня лічыцца вялікім плюсам, міністар Радзькоў адзначыў як тлусты мінус.
Чаму топ-мэнэджмэнт павінен складацца зь беларусаў? Ён павінен быць прафэсійны
Тое і сёньня. Чаму топ-мэнэджмэнт павінен складацца зь беларусаў? Ён павінен быць прафэсійны. У нас цяпер ён складаецца зь літоўцаў, беларусаў, амэрыканцаў, брытанца. Тут няма праблемы. Падчас абраньня Дэйвіда Поліка мы ўлічвалі думкі і выказваньні знакавых беларусаў. Мабыць, менавіта таму працэс падбору рэктара і быў такі доўгі. Але ня ў пашпартных зьвестках праблема. Нам былі патрэбныя прафэсійныя якасьці.
— Дарэчы, пра грошы. У сваім звароце 57 грамадзкіх і культурніцкіх дзеячоў заяўляюць, «што ў сваім цяперашнім стане ЭГУ не дае падставаў надалей лічыць яго беларускім праектам. Падтрымка такога ўнівэрсытэту ня можа ўспрымацца як падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі». Якім чынам адміністрацыя ЭГУ будзе рэагаваць на такія абвінавачаньні? І ці могуць яны паўплываць на фінансавую стабільнасьць унівэрсытэту, калі беларускія апазыцыйныя палітыкі будуць гаварыць донарам, што ня варта падтрымліваць ЭГУ?
— Я разумею, што гэта палітычная заява, якая перасьледуе палітычныя мэты. Магчыма, што яна будзе мець нэгатыўны ўплыў на ЭГУ. Але ўвогуле такія заявы павінны абапірацца ня толькі на палітычныя моманты, але і на факты. Як можна рэагаваць на такія абвінавачаньні? Хіба што сказаць: «Не, я не вярблюд». Мы разумеем праблему. Кіроўная рада даручыла новаму рэктару распрацаваць нашу стратэгію што да дэмакратыі, правоў чалавека. Мы б хацелі абмяркоўваць гэтую праблему разам з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Для гэта будуць зробленыя адмысловыя сустрэчы. Таксама мы ўлічым прапановы, якія выказвалі ўсе прэтэндэнты на пасаду рэктара.
— Як вы ставіцеся да ідэі стварэньня Нацыянальнага ўнівэрсытэту як альтэрнатывы ЭГУ?
— Мы нават гатовыя падпісацца 58-мымі пад такой заявай. Хай будзе больш розных унівэрсытэтаў. Мы гатовыя дапамагаць і супрацоўнічаць, бо маем досьвед, як стварыць і захаваць унівэрсытэт у ня самых спрыяльных абставінах.
— А ці ня страціць ЭГУ значную колькасьць выкладчыкаў, якія цяпер незадаволеныя палітыкай кіраўніцтва, у выніку стварэньня новага ўнівэрсытэту?
— Выкладчыкі заўсёды маюць права выбіраць, куды ім далучыцца. Але я б адзначыў, што ў заяве гаворка ідзе пра Нацыянальны ўнівэрсытэт. Але ў 21-м стагодзьдзі вызначэньне «нацыянальны ўнівэрсытэт» не працуе, гэтае вызначэньне было актуальнае ў 19-м стагодзьдзі. Але я разумею, пра што гаворыцца ў заяве — пра стварэньне ўнівэрсытэту, які б адказваў на беларускія праблемы. Гэта добра. Але ён павінен адказваць на іх, улічваючы тое, што адбываецца ў сучасным сьвеце, дзе Беларусь — вельмі невялікая краіна. Таму ўсё трэба ўзважваць і думаць.
— Вы сказалі, што лічыце заяву 57 беларускіх дзеячоў выключна палітычнай. Што вы маеце на ўвазе?
— Заява палітычная, бо зьвязаная з пэўнымі інтарэсамі і мэтамі. І мне здаецца, што яны не зусім зьвязаныя з адукацыяй. Адукацыйныя праекты ніколі ня робяцца праз палітычныя заявы, гэта вельмі цяжкая чарнавая праца. Тут гутарка вядзецца і пра кірункі разьвіцьця нашай краіны і адукацыі, і пра фінансавыя патокі. У заяве схавана шмат чаго, паглядзім, што будзе далей. Я стаўлюся спакойна — барацьба ёсьць барацьба.