Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статус ЭГУ як беларускага праекту паставілі пад сумнеў


Больш за 50 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі выступілі з заявай з нагоды выбараў новага рэктара ЭГУ.

«Хоць выбары рэктара ЭГУ абвешчаныя завершанымі, зь іх вынікамі пагадзіцца немагчыма: шматмесячны працэс быў абсалютна не празрысты, суправаджаўся скаргамі кандыдатаў і непрадказальнымі зьменамі правілаў гульні. Кіраўніцтва ЭГУ дэманстратыўна праігнаравала думкі акадэмічнай і студэнцкай супольнасьцяў, асацыяцыі выпускнікоў і беларускай грамадзкасьці. Лёс унівэрсытэту трапіў у рукі чалавека, які ня толькі ніколі не займаўся беларускімі справамі, але нават не знаёмы з сытуацыяй у нашай краіне і ў рэгіёне. Пры яго ўдзеле ажыцьцяўляліся акадэмічныя рэпрэсіі супраць іншадумцаў, былі скампрамэтаваныя эўрапейскія ўнівэрсытэцкія прынцыпы. Установа, першапачаткова арыентаваная на выхаваньне новай генэрацыі сьвядомых грамадзянаў незалежнай краіны, канчаткова выйшла па-за межы інтарэсаў і ўплыву дэмакратычнай супольнасьці Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Аўтары заявы падкрэсьліваюць, што з новым кіраўніцтвам ЭГУ «пераўтвараецца ва ўнівэрсытэт каляніяльнага тыпу, камэрцыйны праект, у якім беларусы выключаныя з удзелу ў прыняцьці вызначальных рашэньняў».

«З гэтае нагоды лічым неабходным заявіць, што ў сваім цяперашнім стане ЭГУ не дае падставаў надалей лічыць яго беларускім праектам. Падтрымка такога ўнівэрсытэта ня можа ўспрымацца таксама як падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, паколькі дзейнасьць кіраўніцтва ЭГУ дыскрэдытуе гэтыя каштоўнасьці. Заклікаем грамадзянскую супольнасьць Беларусі прыступіць да неадкладных практычных захадаў дзеля стварэньня эфэктыўнага канкурэнтаздольнага нацыянальнага ўнівэрсытэта, у якім эўрапейскасьць будзе прынцыпам існаваньня, беларускасьць — стратэгічным выбарам, а Беларусь — унікальным рэсурсам дасьледаваньняў. Прынцыпам дзейнасьці новага ўнівэрсытэта мае стаць ня «Больш беларусаў у Эўропу», а «Больш Эўропы ў Беларусь».

Заяву падпісалі больш за 50 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, палітыкаў, дзеячаў асьветы, культуры і мастацтва.

Сярод іх Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Станіслаў Багданкевіч, Анжаліка Борыс, Алесь Бяляцкі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Вардамацкі, Тадэвуш Гавін, Алег Гулак, Ян Запруднік і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG