Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантактная група па Ўкраіне зноў у Менску. «Прарыву не адбылося» — Тальявіні

абноўлена

Гайдзі Тальявіні, архіўнае фота
Гайдзі Тальявіні, архіўнае фота

«Але прагрэс ёсьць», — пасьля пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне ў Менску прадстаўніца АБСЭ на перамовах Гайдзі Тальявіні зрабіла заяву для прэсы. Зь яе можна зрабіць выснову, што прадстаўнікі так званых «ЛНР» і «ДНР» на перамовах трохбаковай кантактнай групы засталіся ў статусе кансультантаў.

Тальявіні: «Мы скончылі цэлы цыкль сустрэч. У нас прайшоў чацьвёрты раўнд (працы — РС) працоўных груп. Былі прадстаўленыя падгрупа па пытаньнях бясьпекі, палітычных і гуманітарных пытаньнях. Усе працоўныя падгрупы працавалі па парадку дня, які абазначылі раней. Усе гэтыя пытаньні няпростыя. Можна сказаць, што ўсе рабочыя групы працавалі канструктыўна і дасягнулі прагрэсу. Але каб быў прарыў, трэба заслужыць. Мы яшчэ да гэтага не дайшлі.

Але прагрэс быў зроблены. Атмасфэра была выразна больш канструктыўнай, чым на папярэдніх сустрэчах».

Тальявіні апавяла, што пасьля сканчэньня працы працоўных груп сустрэлася трохбаковая кантактная група, каб абмеркаваць парадак дня наступнай сустрэчы з каардынатарамі працоўных падгруп.

«Мы заслухалі каардынатараў усіх падгруп, якія расказалі пра вынікі сваёй працы. І, натуральна, мелі кансультацыі з прадстаўнікамі Данецку і Луганску», — заявіла Тальявіні.

Паводле Тальявіні, наступныя паседжаньні ўсіх чатырох працоўных падгруп і трохбаковай кантактнай групы адбудуцца на наступным тыдні.

«Мы пазначылі ўжо на наступны тыдзень сустрэчу ўсіх 4 падгруп з наступнай сустрэчай трохбаковай кантактнай групы і кансультацыямі з прадстаўнікамі Данецку і Луганску», — сказала Гайдзі Тальявіні.

Прадстаўнікі т.зв. «ДНР» і «ЛНР» Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дайнэга заявілі, што чакалі ад сёньняшняга пасяджэньня «большага».

Паводле слоў Дзяніса Пушыліна, ёсьць значнае разыходжаньне ў поглядах паміж імі і ўкраінскім бокам. «Калі нам ня ўдасца інтэнсыфікаваць прапрацоўку шэрагу пунктаў, сытуацыя можа быць заведзеная ў тупік», — заявіў Пушылін.

Уладзіслаў Дайнэга паведаміў, што бакі вызначыліся з адводам узбраеньня калібрам менш за 100 мілімэтраў, і гэтае пытаньне «амаль вырашанае».

Сярод пунктаў, якія выклікаюць разыходжаньне з украінскім бокам, Дайнэга назваў зьмены ў Канстытуцыю і праект закону пра выбары.

Раней Леанід Кучма заяўляў, што паседжаньне трохбаковай кантактнай групы 2 чэрвеня ў Менску было сарванае праз патрабаваньне Расеі надаць прадстаўнікам асобных раёнаў Данбасу статус перамоўцаў. Кучма выказваў верагоднасьць, што Расея выступіць з падобнымі патрабаваньнямі і сёньня.

«Расея ведаеце на чым настойвае? Што фармат павінен быць ня трохбаковы, які зацьвердзілі лідэры „нармандзкага фармату“ — трохбаковая кантактная група. А яны хочуць — трохбаковая група плюс прадстаўнікі асобных раёнаў Данбасу. Мы з гэтым пагадзіцца ня можам», — заявіў Леанід Кучма 10 чэрвеня Інтэрфаксу.

Пасьля зрыву пасяджэньня 2 чэрвеня Гайдзі Тальявіні падала ў адстаўку. На пытаньне, ці працягвае Тальявіні працу ў трохбаковай кантактнай групе, яна адказала, што «прызначэньне яе заступніка ўжо ідзе».

Паседжаньне пачалося каля 17:30 з удзелам Гайдзі Тальявіні, Леаніда Кучмы і прадстаўніка Расеі Азамата Кульмухаметава.

Напярэдадні сустрэчы адбываліся паседжаньні працоўных падгруп па палітычных, гуманітарных пытаньнях і пытаньні бясьпекі. Паседжаньне групы па эканамічных пытаньнях не праводзілася.

Перад пачаткам паседжаньня з прадстаўнікамі трохбаковай кантактнай групы сустрэўся міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Як паведамляе распаўсюджаны ведамствам прэсавы рэліз, «абмяркоўваліся асобныя арганізацыйныя і тэхнічныя пытаньні працы кантактнай групы і працоўных падгруп». Уладзімер Макей пакінуў «Прэзыдэнт-гатэль» каля 16-й гадзіны без камэнтароў для прэсы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG