Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая дэпутатка: Мы згубілі давер да Лукашэнкі


Марылюіза Бэк,
Марылюіза Бэк,

Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Марылюіза Бэк распавяла ў інтэрвію Свабодзе, што Захад цяпер мусіць падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасьць, а Лукашэнку нельга давяраць.

Марылюіза Бэк узяла ўдзел ва Ўроцлаўскім глябальным форуме, галоўнай тэмай якога стала бясьпека ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне і расейска-ўкраінскі канфлікт на Данбасе.

— Падчас Уроцлаўскага глябальнага форуму шмат гаварылася, што цяпер, абмяркоўваючы Ўкраіну, мы гаворым пра бясьпеку ў цэлым рэгіёне. У новым канфлікце Захад-Крэмль Беларусь нібы апынулася на «лініі фронту». На вашу думку, як цяпер варта паводзіць сябе эўрапейскім лідэрам у дачыненьні да Беларусі?

Мы згубілі давер да Лукашэнкі.

— Вельмі цяжкае пытаньне. З аднаго боку знакі, пасыланыя Лукашэнкам, што ён хоча зноў адкрыцца Захаду, павінны быць пачутыя, але зь іншага боку — мы маем досьвед супрацы зь ім. Мы, у тым ліку Эўразьвяз і АБСЭ, працуем над тым, каб вярнуць у Беларусь дэмакратыю, сумленныя выбары, палітычную канкурэнцыю. На жаль, мы вельмі расчараваліся, назіраючы за разгонамі дэманстрацыяў і арыштамі палітычных апанэнтаў. Мы згубілі давер да Лукашэнкі. Ясна адно. Калі Лукашэнка рэальна хоча павярнуцца на Захад, а ня толькі атрымаць фінанасавую дапамогу, то мусіць адкрыць краіну

— Цягам апошніх месяцаў у Беларусі адбываліся супольныя з расейцамі ваенныя вучэньні. Што гэта значыць: Лукашэнка дэманструе вернасьць Пуціну, ці гэта Пуцін дэманструе свой кантроль над Беларусьсю?

— Вучэньні? У Нямеччыне пра гэта не пісалі. Відаць, Лукашэнка неяк вагаецца, ён спрабуе балянсаваць недзе пасярэдзіне: паміж сувэрэнітэтам Беларусі, дзякуючы чаму ён застаецца прэзыдэнтам, і Расеяй. Расея не дазваляе яму ніякім чынам паварушыцца. А як толькі яны яго адпусьцяць, ён можа павярнуцца на Захад, а гэта пацягне за сабой і дэмакратызацыю. Таму гэта такія варушэньні паміж Брусэлем і Масквой. А яго заявы па Ўкраіне — гэта хутчэй сыгнал, маўляў, я спадзяюся, мая краіна не паўторыць шлях Крыму.

— Ці вы верыце, што Лукашэнка можа быць «перавыхаваны» і стане абаронцам незалежнасьці Беларусі?

— Я ня ведаю. Я чую, што шмат людзей у Беларусі вераць прапагандзе і радуюцца, што ў Беларусі няма такога беспарадку, як ва Ўкраіне цяпер. Гэта ўмацоўвае жаданьне падтрымліваць Лукашэнку, які насамрэч ня ёсьць дэмакратам, зусім не, але які прынамсі падтрымлівае стабільнасьць.

— Вы добра ведаеце беларускую апазыцыю, і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. У новай сытуацыі, што і каго варта Эўразьвяз будзе падтрымліваць у Беларусі?

У такіх краінах, як Беларусь, найперш трэба ўмацоўваць грамадзянскую супольнасьць.

— У такіх краінах, як Беларусь, найперш трэба ўмацоўваць грамадзянскую супольнасьць. Грамадзяне ў такіх краінах маюць усьвядоміць гонар за сваю супольнасьць, горад і цэлую краіну. Немагчыма пабудаваць стабільную дэмакратыю, калі няма трывалай апоры сярод людзей. І справа тут не ў палітычных партыях, у іх росьце ці не. Гэта ўсё ляжыць глыбей у грамадзтве. Лукашэнка ня можа быць палітычным партнэрам, бо ён не дэмакратычны лідэр. Апазыцыйныя партыі цяпер ня вельмі моцныя. А таму вельмі важна падтрымаць грамадзянаў. Трэба падтрымаць тыя ініцыятывы, якія працуюць у культурніцкім, сацыяльным, праваабарончым кірунках. Гэта тое, што робіць грамадзтва жывым і дэмакратычным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG