Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак упершыню за дзьвесьце гадоў спрасьціў «сужэнскі працэс»


Папа рымскі Францішак сярод вернікаў у Ватыкане
Папа рымскі Францішак сярод вернікаў у Ватыкане

Папа рымскі Францішак 8 верасьня зацьвердзіў зьмены, якія спрашчаюць так званы «сужэнскі працэс», а менавіта — прызнаньне несапраўднасьці касьцёльнага сужэнства. Зьмененыя папам нормы існавалі ў Касьцёле з XVIII стагодзьдзя.

Цяпер пантыфік пастанавіў, што для прызнаньня несапраўднасьці сужэнства будзе дастаткова рашэньня суду першай інстанцыі. Раней аднолькавы вэрдыкт павінны былі выносіць касьцёльныя суды дзьвюх інстанцыяў, а ў некаторых выпадках патрабавалася рашэньне трэцяй інстытуцыі — Трыбуналу Рымскай Роты. Але самой сутнасьці ануляваньня шлюбу навацыі не закранаюць, пракамэнтаваў распараджэньне папы Рымскага прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько:

«Працэдура адмены шлюбу — яна не такая простая. Бо гаворка вядзецца не пра скасаваньне сапраўднага шлюбу, а пра тое, што ён быў несапраўдны ад самага пачатку. Гэта значыць, што не былі выкананыя адпаведныя нормы для сапраўднасьці сужэнства. Перадусім зьвяртаецца ўвага на падрыхтоўку — калі людзі сустракаюцца, рыхтуюцца да шлюбу. І ёсьць іншыя перашкоды, калі людзі ўжо ў шлюбе, але адзін з сужэнцаў схаваў сваю бясплоднасьць і пара ня можа мець дзяцей, альбо калі адзін зь іх не выконвае сужэнскіх абавязкаў, і гэтак далей.

У Беларусі тры такія касьцёльныя суды: у Віцебскай, Гарадзенскай і Менска-Магілёўскай дыяцэзіях. І ў гэтых судах, як і ўва ўсіх іншых судах, вось гэты «сужэнскі працэс» вельмі складаны. Бо ёсьць ня толькі судзьдзя, але і адвакат, ёсьць абаронца шлюбу, які насуперак заяўніку кажа, што шлюб сапраўдны. Гэтыя абавязкі выконваюць сьвятары, якія маюць адпаведную адукацыю і падрыхтоўку. У гэтага працэсу няма вызначаных пэўных тэрмінаў, як у дзяржаўным судзе, ён можа доўжыцца і год, і пяць гадоў. Бо ніводзін судзьдзя ня прыме рашэньня без удзелу сьведак, бяз поўнага і ўсебаковага вывучэньня сутнасьці справы. Асабліва калі касьцёльныя структуры ў Беларусі былі лепш адноўленыя на пачатку 1990-х гадоў, чым гэта было ў Расеі ці Казахстане. Тады такіх зваротаў з гэтых краін было вельмі шмат.

Папа спрасьціў адміністрацыйную бюракратычную валакіту, каб людзі маглі жыць поўным жыцьцём: быць у касьцёле, прыступаць да споведзі, ствараць новыя сужэнскія шлюбы

Сутнасьць прапанаванай папам Францішкам рэформы не ў саміх гэтых нормах, а ў працэдуры разгляду гэтага пытаньня. Бо раней справу павінен быў разглядаць суд першаснай інстанцыі — у нас гэта Менска-Магілёўская дыяцэзія, а затым перадаецца ў другі — Гарадзенскай дыяцэзіі, дзе ўсё зноў правяраецца і пераправяраецца. Дык вось папа Францішак скасаваў другую інстанцыю: першая прымае рашэньне — і ўсё. Калі адзін з бакоў ня згодны з рашэньнем суду першай інстанцыі, то ён зьвяртаецца ў мітрапалітальны суд альбо ў Рым. Гэткім чынам, папа спрасьціў адміністрацыйную бюракратычную валакіту, каб людзі маглі жыць поўным жыцьцём: быць у касьцёле, прыступаць да споведзі, ствараць новыя сужэнскія шлюбы. Гэта зроблена дзеля дабра душы людзей«.

Працэс скасаваньня шлюбу існуе і ў праваслаўнай царкве, але тут ён нашмат прасьцейшы паводле адміністрацыйнай працэдуры, паведаміў Свабодзе праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко:

«У праваслаўнай царкве працэдура скасаваньня шлюбу прасьцейшая і вырашаецца на ўзроўні біскупа. Чалавек прыходзіць у эпархію, яму даецца ўзор заявы, біскуп разглядае гэтую заяву. Бываюць выпадкі, калі царква вымушаная канстатаваць, што шлюбу няма паводле кананічных нормаў. Калі, да прыкладу, адзін з сужэнцаў здраджваў, не выконваў сваіх сужэнскіх абавязкаў, ці зь іншых прычынаў. Магчыма, чалавек атрымлівае „спагнаньне“ — мусіць выканаць нейкую пакуту ў выглядзе малітвы. І калі сужэнец ня мае віны, то біскуп дае яму такую магчымасьць — мець іншы шлюб. Гэта можа быць першы, другі ці трэці раз — магчымасьць такіх шлюбаў абмежаваная. Большасьць наведнікаў і зьвяртаецца ў эпархію менавіта па гэтых пытаньнях.

У Беларусі ў практыцы сучаснай праваслаўнай царквы так склалася, што як хрышчэньне, так і вянчаньне прымаюць людзі, насамрэч далёкія ад царквы. Так адбываецца таму, што многія лічаць сябе праваслаўнымі паводле сваіх бацькоў-продкаў, таму што такая традыцыя. Вось нарадзілася дзіця — трэба пахрысьціць, жэняцца — павянчацца. Вось сярод такіх людзей і здараецца, што яны зводзяцца-разводзяцца, а пахрышчаныя дзеці ня ходзяць у царкву, бо бацькі таксама ня ходзяць. І гэтая сытуацыя характэрная ня толькі для нашай РПЦ, гэта агульная хвароба большасьці цэркваў. Калі людзі ідэнтыфікуюць сябе так ці інакш, а ў выніку сярод нас існуюць нават „праваслаўныя атэісты“».

Як паведаміў сакратар царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін, пратэстанцкія цэрквы таксама імкнуцца, каб не было скасаваных шлюбаў, аднак яны існуюць. Як і ў праваслаўнай царкве, пэўнага парадку гэтая працэдура ня мае. Кожны выпадак разглядае мясцовы пастар і прымае рашэньне ў індывідуальным парадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG