Абноўлена: «Наша ніва» пацьвердзіла: папяровай газэце канец, сайт будзе жыць. ФОТА апошняга выпуску
Беларуская незалежная газэта «Наша ніва» зьнікла з падпіснога каталёгу «Белпошты». Як расказаў Свабодзе чытач газэты, у рэдакцыі яму пацьвердзілі, што «Наша ніва» перастане выходзіць на паперы.
Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч сказаў Свабодзе, што наступны нумар газэты зьявіцца ў продажы ў кіёсках заўтра, ад камэнтароў наконт спыненьня выданьня пакуль адмовіўся.
Сайт «Нашай нівы» nn.by працягвае працаваць у ранейшым рэжыме, навінаў пра спыненьне выданьня папяровай вэрсіі няма.
Сучасная газэта «Наша ніва» адлічвае сваю гісторыю ад газэты, заснаванай у 1906 годзе і закрытай у час Першай сусьветнай вайны. Пачала выходзіць у траўні 1991 году ў Вільні (першы рэдактар — Сяргей Дубавец), у 1996-м рэдакцыя перабралася ў Менск. У 2000–2016 гадах папяровая вэрсія выходзіла штотыдзень, ад 2016 году стала выходзіць штомесяц.
У 1998 годзе газэта змагла адстаяць у судзе права выдавацца беларускім клясычным правапісам, але з 2008-га перайшла на афіцыйны («наркамаўку»). Сайт газэты мае беларускую і расейскую вэрсіі, летась на ім зьявіўся «жаночы» разьдзел «Наша Ніна».
Наклад апошняга на сёньня нумару папяровай газэты склаў 3001 асобнік, на піку ў 2000-х дасягаў 8000. Паводле рэдакцыі, на сайт «Нашай нівы» у красавіку зайшлі 419 тысяч карыстальнікаў, праглядзелі 6,8 млн старонак.
Рэдакцыя ня раз цярпела ад нападаў беларускіх уладаў, была пад пагрозай закрыцьця ў 2011 годзе, засталася бяз тэхнікі пасьля ператрусу ў канцы 2010 году (не вярнулі дагэтуль), у 2006–2008 гадах была пазбаўленая магчымасьці распаўсюду праз «Белпошту» і «Белсаюздрук». Журналістаў выданьня ня раз затрымлівалі міліцыянты і «людзі ў цывільным».