Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28-гадовы Ягор Марціновіч стаў галоўным рэдактарам «Нашай Нівы»: «Гэта зьмена пакаленьняў»


Ягор Марціновіч
Ягор Марціновіч

Зь 1 сакавіка журналіст Ягор Марціновіч будзе галоўным рэдактарам сайту і друкаванага штомесячніка «Наша Ніва». Да гэтага ён некалькі гадоў быў намесьнікам галоўнага рэдактара Андрэя Скурко.

У інтэрвію Свабодзе Ягор Марціновіч расказаў, якія пляны ставіць перад сабой на новай пасадзе і як адбывалася ягонае прызначэньне галоўным рэдактарам выданьня.

— Якім чынам прымалася рашэньне? І чым яно выклікана?

— Гэта агульнае рашэньне калектыву. У нас надзвычай дэмакратычная рэдакцыя, у якой рашэньні прымаюцца калегіяльна. Маё прызначэньне галоўным рэдактарам — гэта крок эвалюцыі, зьмена пакаленьняў. А насамрэч адбылася зьмена абавязкаў унутры калектыву, ніхто не сыходзіць, ніхто не звальняецца, але мы спрабуем аптымізаваць структуру. Андрэй Скурко будзе працаваць на пасадзе намесьніка галоўнага рэдактара. Ні ў кога няма ніякіх крыўдаў наконт таго, што будзе малады рэдактар. Тым больш што «Наша Ніва» і так была адной з самых маладых рэдакцый у Беларусі, дзе сярэдні ўзрост каля 30 гадоў.

— Якія задачы ставіце перад сабой як галоўны рэдактар выданьня?

— Мы працягваем традыцыі пачатку ХХ стагодзьдзя, традыцыі Купалы і братоў Луцкевічаў. Нашай звышзадачай застаецца максымальнае пашырэньне сфэры ўжытку беларускай мовы. Мы будзем вырашаць гэтую задачу і далей, нягледзячы на тое, хто кіруе выданьнем. Мы па-ранейшаму будзем працаваць і зь лёгкімі тэмамі, і з інтэлектуалістыкай. Гэта значыць, адначасова і адукоўваць, і забаўляць чытача. Самае галоўнае для нас — пісаць пра тое, што цікава нашым чытачам, а не нам самім. Раней, у часы друкаванага выданьня, не заўсёды можна было адэкватна ацаніць ступень чытацкага інтарэсу, цяпер статыстыка дае вельмі выразную карціну.

— Ня так даўно «Наша Ніва» правяла ўдалы краўдфандынгавы праект, сабрала 16 тысяч рублёў на расьсьледаваньні. Што адбываецца ў гэтым кірунку цяпер?

— Расьсьледаваньні працягваюцца. Нядаўна чытачы маглі бачыць матэрыял, прысьвечаны праблеме распаўсюджаньня спайсаў у Беларусі. У выніку публікацыі матэрыялу прынамсі на некаторы час былі заблякаваныя рэсурсы, якія прадавалі гэтыя наркотыкі. Мы разумеем, што расьсьледаваньні — гэта вельмі шырокі жанр, і таму працуем у розных кірунках.

— Калі пачаліся пратэсты супраць будоўлі бізнэс-цэнтру каля Курапатаў, у сацыяльных сетках гучалі папрокі ў бок рэдакцыі пра недастатковае асьвятленьне гэтай тэмы. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?

— Мы ад пачатку падыходзілі да гэтай тэмы максымальна ўзважана, каб не кідацца лёзунгамі, каб тлумачыць чытачам, якія існуюць аспэкты гэтага канфлікту. Адназначна, што на ўсіх акцыях пратэсту нашы журналісты былі і будуць надалей. Тэма Курапатаў вельмі цікавая нашай аўдыторыі, таму мы будзем асьвятляць яе.

***

Ягор Марціновіч — выпускнік Ліцэя БДУ і Інстытуту журналістыкі БДУ. У «Нашай ніве» працуе зь 2009 году, аўтар расьсьледаваньняў, інтэрвію і рэпартажаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG