За «танцы за рэформы» студэнтку ня будуць адлічваць, запэўнівае дэкан. Пра адказнасьць супрацоўніка ўнівэрсытэту за словы «выдаляй відэа, а то адлічым» яна размаўляць ня хоча.
Студэнтку Баранавіцкага дзяржаўнага унівэрсытэту Аліну Нагорную пагражалі адлічыць за ўдзел у флэшмобе «Танчым за рэформы».
Пасьля таго як студэнтка апублікавала відэа з подпісам «Танчым за рэформы» мэтадыстка унівэрыстэту Ірына Шумская напісала ёй праз «Укантакце»:
«Аліна, калі да 17:00 сёньня вы ня выдаліце з кантактаў відэа „Танчым за рэформы“, вы будзеце адлічаныя з унівэрсытэту. Дэканат».
Аднак дэкан Іна Наважылава сказала Свабодзе, што ня верыць у факт пагрозаў. На пытаньне пра адказнасьць за такія пагрозы студэнтам кажа толькі — «Будзем разьбірацца».
Танец за тое, што Беларусь афіцыйна падпісала
На відэа, якое апублікавала Аліна Нагорная, яе сябры «пампуюць» прэс і танчаць, не выказваючы ніякіх лёзунгаў ці патрабаваньняў. Відэа падпісанае #танчымЗаРэформы — у лютым так прапанавалі рабіць студэнцкія актывісты ў падтрымку выкананьня дамоўленасьцяў Беларусі па балёнскім працэсе. У подпісе да відэа дзяўчына тлумачыць: у працэсе вучобы сутыкнулася з «рознымі наступствамі» адсутнасьці студэнцкага самакіраваньня, таму вырашыла далучыцца да акцыі.
На пытаньне студэнткі, за што яе могуць адлічыць пры здадзенай на 8,2 бала сэсіі, мэтадыстка унівэрыстэту Ірына Шумская нагадала пра ня здадзеную курсавую і пра тое, што ёсьць аддзел па выхаваўчай працы.
Нагорная цьвердзіць, што пра неабходнасьць здаць курсавую даведалася ад студэнтаў, ужо калі тэрмін здачы прайшоў. Бо калі дзяўчына аднаўлялася на 4 курсе спэцыяльнасьці «Дашкольная адукацыя. Практычная псыхалёгія», у дэканаце ёй проста не сказалі пра курсавую.
Потым з Нагорнай зьвязалася іншая мэтадыстка, Ірына Падгорная. Тая выказвала «пераканаўчую просьбу» выдаліць відэа, але запэўнівала, што адлічваць студэнтку «мы не зьбіраемся».
Старшыня каардынацыйнай рады студэнцкай рады Кірыла Яўцюшын настойліва цікавіўся, што менавіта не задавальняе студэнтку ў дзейнасьці рады. Аліна адказвала, але ён настойваў на асабістай сустрэчы.
Ад бабулі дзяўчына даведалася, што ёй тэлефанавалі дамоў і таксама патрабавалі выдаліць відэа, якое «ганьбіць унівэрсытэт».
«Выдаляй, а то адлічым» гэта «некарэктна напісана, ня больш»
У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды дэкан факультэту Іна Наважылава спачатку ўпэўнена заявіла, што пагрозаў пра адлічэньне не было. Але ўдакладніла: студэнты адлічваюцца толькі тады, калі маюць запазычанасьці, а Нагорная мае запазычанасьць — курсавую работу. А з палітычных меркаваньняў нікога не адлічваюць.
«Я вас запэўніваю, што ў нас кампэтэнтны мэтадыст, і яна б ня стала ёй пагражаць. Трэба ўдакладніць, ці пісала яна гэта, — кажа Наважылава. — І гэта зусім не пагроза, а папярэджаньне».
На пытаньне, якая адказнасьць прадугледжаная для супрацоўніка ўнівэрсытэту, калі той пагражае студэнтам адлічэньнем, Наважылава адказваць ня стала. Толькі паўтарала: «Будзем разьбірацца». З тым, што фраза «калі вы ня выдаліце відэа, вы будзеце адлічаныя з унівэрсытэту» — гэта прамая пагроза, яна ня згодная.
«Магчыма, было некарэктна напісана, ня больш за тое. Але ніхто ў нас не адлічвае за такія танцы. Ніхто нікога адлічваць не зьбіраецца і ніхто не пагражаў. Дзяўчынка не дурная, сэсію здала. Думаеце, яна зможа ня здаць курсавую? Яна здасьць яе!», — сказала Наважылава.
Ад папярэджаньня да чатырох год турмы
Студэнтка мае права зьвярнуцца ў пракуратуру і заявіць, што за ажыцьцяўленьне грамадзянскай дзейнасьці ёй пагражаюць адлічэньнем з унівэрсытэту, кажа Свабодзе праваабаронца Валянцін Стэфановіч:
«Тады пракуратура праводзіць праверку і кваліфікуе выпадак — ці ёсьць там склад злачынства. Можа паставіць пытаньне аб адказнасьці супрацоўніка ўнівэрсытэту. Зрэшты, пракуратура можа праводзіць і прафіляктычныя размовы, мае права папярэджваць грамадзянаў аб недапушчальнасьці дзеяньняў, якія парушаюць закон. Я думаю, ёсьць падстава зьвярнуцца з такой заявай, бо дзяўчына хоча толькі лепшага, каб унівэрсытэты адпавядалі патрабаваньням Балёнскага працэсу. Нічога супрацьпраўнага яна якраз-такі не рабіла. А патрабаваньні мэтадысткі можна расцэньваць як незаконныя».
Як бы пракуратура кваліфікавала такую справу, невядома. Але, напрыклад, артыкул 190 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае адказнасьць за абмежаваньне правоў і свабодаў у залежнасьці ад (сярод іншага) перакананьняў у выглядзе штрафу, папраўчых працаў ці абмежаваньня волі на тэрмін да двух год. А арт. 197 КК РБ за перасьлед грамадзянаў за крытыку прадугледжвае пакараньне ад штрафу і забароны займаць пэўныя пасады да абмежаваньня волі на тэрмін да трох год. Калі ж дзеяньне нанесла значную шкоду правам (частка 2 таго ж артыкула), свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, пакараньне можа дасягаць абмежаваньня волі — да пяці год, ці пазбаўленьня волі — да чатырох год.