Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба, каб людзі, адказныя за крызіс у ЭГУ, панесьлі адказнасьць», — Церашковіч


Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Звольнены з унівэрсытэту на пачатку 2014 году старшыня Сэнату ЭГУ, прафэсар Павал Церашковіч пракамэнтаваў Свабодзе інфармацыю пра будучую адстаўку рэктара Дэйвіда Поліка.

«Калі Поліка прызначылі рэктарам, яго былыя падначаленыя амэрыканцы пісалі на форумах: „Эўрапейцы, беражыце свае эўра“. І яны абсалютна мелі рацыю.

Я думаю, цяпер галоўнае — не сама адстаўка Поліка, хоць тое, што яна адбываецца, гэта, канечне, вельмі добра для ўнівэрсытэту. Але самае галоўнае цяпер іншае. Трэба весьці размову пра тых, хто Поліка прывёў да ўлады. І тых, хто зараз зьбіраецца пазьбегнуць адказнасьці. Я прачытаў заяву Эн Лонсдэйл на сайце ЭГУ. Гэты тэкст можа быць узорам крывадушнасьці і цынізму. І, самае галоўнае, спробы пазьбегнуць адказнасьці за тое, што было зроблена. А адказнасьць у першую чаргу павінны несьці і сама Эн Лонсдэйл, якая была старшынёй камітэту, які знайшоў Поліка, Дэн Дэвідсан, пра сяброўства зь якім казаў мне сам Полік, Дэніэл Таршыс і Анатоль Міхайлаў. Гэтыя людзі павінны панесьці адказнасьць.

Відавочна, што ЭГУ цяпер у крызісе, і цяжка сказаць, ці здолее ён яго перажыць. І цяпер усё больш чуваць размовы пра тое, што ва ўсім вінаваты беларусы: як ім ні дапамагай, а ўсё скончыцца скандаламі і гэтак далей. Але ў дадзеным выпадку абсалютна відавочна, што беларусы не былі дапушчаныя да ўлады ў гэтым праекце. І адказныя за яго крах і крызіс — не беларусы, а тыя, хто прымаў рашэньне. А гэта былі грамадзяне ЗША, Вялікай Брытаніі, Бэльгіі, Даніі і гэтак далей. Беларусы, дарэчы, паводзілі сябе ў гэтай сытуацыі вельмі годна».

У сувязі з адстаўкай Поліка, зьменамі ў кіраўніцтве ЭГУ — ці магчымае вяртаньне ва ўнівэрсытэт звольненых выкладчыкаў? Ці бачыць такую пэрспэктыву Павал Церашковіч?

«Невядома, хто стане рэктарам. Ад гэтага залежыць вельмі шмат. Я вось чытаю, што швэдзкае агенцтва SІDА будзе назіраць за выбарам. Але пакуль з кіроўнай рады ня пойдуць тыя асобы, пра якіх я казаў, — дарэчы, Дэніэл Таршыс ужо зьбег, зрабіў гэта ў той момант, калі гэта трэба было рабіць, — нічога добрага ў ЭГУ ня будзе. Трэба, каб людзі, адказныя за крызіс, панесьлі адказнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG